«Калі рэвалюцыя ў Беларусі ня здолела хутка перамагчы». Фонд BySol перажыў першы крызіс ужо пасьля году працы

Плякат на адным з пратэставых маршаў 2020 годзе

Першы вялікі канфлікт у фондзе беларускай салідарнасьці BySol адбыўся ўжо праз год працы, у жніўні 2021-га, калі зь ініцыятывы сышлі некалькі яе заснавальнікаў, высьветліла Свабода.

Свабода пагаварыла зь дзесяцьцю чалавекамі, якія мелі дачыненьне да BySol на розных этапах пяцігадовага існаваньня фонду, каб напісаць невядомую гісторыю ініцыятывы, якая якая дапамагла дзясяткам тысяч беларусаў.

ЭКСКЛЮЗІЎ СВАБОДЫ: BySol не Андрэя Стрыжака. Невядомая гісторыя фонду беларускай салідарнасьці вачыма стваральнікаў і ўдзельнікаў

BySol стварыла каманда з 6-7 чалавек у першыя дні пасьля выбараў 2020 году ў Беларусі, каб падтрымаць страйкоўцаў. Першы вялікі крызіс арганізацыя перажыла праз год пасьля стварэньня.

Як распавяла Свабодзе Аляксандра Зьверава, якая была ў фондзе ад самага пачатку, паміж заснавальнікамі пачаліся «спрэчкі пра тое, як разьмяркоўваць фінансаваньне, на якія праекты накіроўваць».

«Недзе праз год (пасьля стварэньня фонду. РС) усё пачало ламацца. Хлопцы пачалі сварыцца, канкураваць, нешта высьвятляць. Да мяне любілі па чарзе прыйсьці паплакацца, бо нешта не маглі падзяліць. Потым пачаліся міжусобныя канфлікты», — расказвае Аляксандра Зьверава.

Першыя двое сузаснавальнікаў Яраслаў Ліхачэўскі і Аляксей Кузьмянкоў сышлі з фонду BySol у жніўні 2021 году. Разам зь імі каманду пакінула і яшчэ адна непублічная прадстаўніца кіраўніцтва.

Паводле Ліхачэўскага, гэта спачатку ня меўся быў сыход. Яны дамовіліся зрабіць рэструктурызацыю і падзяліць фонд на літоўскую і нідэрляндзкую часткі, каб больш эфэктыўна працаваць.

«А потым празь некаторы час было такое: „Мы не зацікаўленыя ў далейшым супрацоўніцтве і камунікацыі“. Андрэй (Стрыжак. — РС) гэта паведаміў. Нас адрэзалі. Сышлі трое сузаснавальнікаў зь сямі», — сказаў Свабодзе Яраслаў Ліхачэўскі.

Ліхачэўскі кажа, што бакі разышліся, бо мелі рознае бачаньне далейшага разьвіцьця фонду, калі рэвалюцыя ў Беларусі ня здолела хутка перамагчы.

«Мы хацелі заставацца ключавым гульцом нароўні з буйнымі донарамі, магчыма, прасіць іхнай падтрымкі, але стварыць сытуацыю, калі мы былі б больш патрэбныя ім, чым яны нам з сваімі грашыма. У нас для гэтага былі ўсе інструмэнты, у тым ліку нашая тэхнічная экспэртыза. Андрэй кінуўся разьвіваць праектавы кірунак. У выніку BySol станавіўся ўсё больш залежным ад донарскіх грошай. Нам гэта не падабалася», — успамінае прадстаўнік нідэрляндзкай часткі фонду.

Андрэй Стрыжак у размове са Свабодай назваў іншую прычыну разыходжаньня з калегамі: Ліхачэўскі быў упаўнаважаны знайсьці фінансаваньне на каманду, а ён знайшоў грошы на пабочны праект, які не прадугледжваў фінансаваньня каманды.

«Яраслаў хацеў рэалізоўваць свой праект Digital Solidarity. Але ў нас быў вялікі скепсіс, бо ён выступаў як канкурэнт для кропкі пасадкі ў выглядзе bysol.org. Замест таго, каб лабіяваць інтарэсы каманды, былі пралабіяваныя інтарэсы гэтага праекту. Ён фактычна ствараў нейкую паралельную структуру, якая не адпавядала таму стану справаў, якія былі на той момант. Яна стварала нешта новае», — тлумачыць Стрыжак.

Ён дадае, што яны дамовіліся, што гэта будзе «мірны развод, без скандалаў».

«Каб не было такога, што ў Беларусі ўсяго па два і BySol’аў таксама два. За Ліхачэўскім засталася нідэрляндзкая юрыдычная асоба», — расказвае ён.

Ліхачэўскі кажа, што не хацеў аддаваць назву фонду, якую перш зарэгістравалі ў Нідэрляндах.

«Мы вырашылі, што больш эфэктыўна даць Андрэю рабіць тое, што ён хоча. Вельмі крыўдна было аддаваць яму імя BySol і патураць яму на шляху „BySol гэта я“. Лёша (Кузьмянкоў) мяне пераканаў, што таньней будзе аддаць, чым бясконца ваяваць за гэта імя», — расказвае Яраслаў Ліхачэўскі.

«У іх назва засталася Belarus Solidarity Foundation. А ў нас быў Фонд беларускай салідарнасьці BySol. Гэта дзьве розныя юрыдычныя асобы і таму розныя назвы. Гандлёвая марка не рэгістравалася, ні за кім не замацоўвалася», — тлумачыць Стрыжак.

Каб разыход прайшоў больш спакойна, у якасьці мэдыятараў паміж двума бакамі выступалі праваабаронцы. Пасьля гэтага Ліхачэўскі і Кузьмянкоў пэўны час займаліся ініцыятывай Digital Solidarity. Іхныя напрацоўкі потым увайшлі ў праект «Новая Беларусь».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды»: Ці разбурыў сэкс-скандал дапамогу палітвязьням і эвакуацыю з-пад пагрозы арышту
  • Сёлета ўлетку BySol апынуўся ў крызісе пасьля скандалу з рассылкай заснавальнікам фонду Андрэем Стрыжаком непрыстойных фота.
  • Пасьля ўнутранага расьсьледаваньня BySol 24 верасьня абвясьціў, што Стрыжак застаецца ў фондзе на шасьцімесячны выпрабавальны тэрмін у якасьці кансультанта, але адхілены ад усіх кіроўных, прадстаўнічых і ўстаноўчых функцыяў.
  • Пасьля рашэньня Міжнароднага гуманітарнага фонду выключыць BySol са свайго складу, Стрыжак вырашыў канчаткова спыніць працу ў арганізацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стрыжак вырашыў цалкам спыніць супрацу з фондам BySolПрадстаўніца Міжнароднага гуманітарнага фонду пра сыход Стрыжака з BySol: «Мы будзем рады заяўцы на паўторнае далучэньне»BySol хоча кампэнсаваць пацярпелым шкоду ад дзеяньняў Андрэя Стрыжака