Вальфовіч заявіў, што беларуская армія штогод атрымлівае да 80 навейшых узораў узбраеньня і тэхнікі

Аляксандар Вальфовіч. Архіўнае фота

Дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч пасьля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам расказаў пра тое, якой новай тэхнікай і ўзбраеньнем забясьпечваецца беларуская армія і іншыя ваенізаваныя падразьдзелы.

«Штогод, па-мойму, прыблізна 80 навейшых узораў узбраеньня і вайсковай тэхнікі прымаецца на ўзбраеньне ва Ўзброеныя сілы і іншыя структуры ваеннай арганізацыі дзяржавы. У нас усё ёсьць, каб надзейна абараняць нашу любімую Беларусь», — працытавала Вальфовіча дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле яго, ва Ўзброеных сілах Беларусі ёсьць самыя сучасныя самалёты Су-30СМ2, верталёты Мі-35, комплексы «Тор-М2К», БТР-82, танкі мадэрнізаваныя да ўзроўню Т-72Б2 і Т-72Б3, ёсьць радыёлякацыйныя комплексы «Раса» і бесьпілётнікі «Чэкан» і «Міратворац».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачаўся другі этап раптоўнай праверкі войска з прывядзеньнем у найвышэйшую ступень баявой гатоўнасьці