Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі пачаўся другі этап раптоўнай праверкі войска з прывядзеньнем у найвышэйшую ступень баявой гатоўнасьці


На другім этапе — маршы з фарсаваньнем рэк
На другім этапе — маршы з фарсаваньнем рэк

Асаблівы акцэнт робіцца на выкарыстаньні досьведу вайны ва Ўкраіне.

На загад Аляксандра Лукашэнкі з 6 кастрычніка ў Беларусі праходзіць маштабная раптоўная праверка Ўзброеных Сілаў з прывядзеньнем у «найвышэйшыя» ступені баявой гатоўнасьці.

12 кастрычніка дзяржаўны сакратар Савета бясьпекі Аляксандар Вальфовіч паведаміў, што пачаўся другі этап гэтай праверкі.

Цягам першага вайскоўцы будавалі акопы, бліндажы і камандныя пункты, а таксама наладжвалі ахову ад дронаў і дывэрсантаў

«У першую чаргу мы ацэньвалі, ці ўлічваецца досьвед спэцыяльнай ваеннай апэрацыі пры выкананьні інжынэрных работ», — заявіў Вальфовіч. Бо, як паказвае досьвед баёў ва Ўкраіне, «усё, што знаходзіцца на зямлі, сёньня літаральна ў першыя гадзіны падлягае зьнішчэньню», — адзначыў ён.

Аляксандар Вальфовіч падчас праверкі войскаў
Аляксандар Вальфовіч падчас праверкі войскаў

На другім этапе войскі зьдзяйсьняюць маршы і наводзяць пантонныя пераправы. Пры гэтым з улікам досьведу вайны ва Ўкраіне «кожны трэці танк назірае за паветрам» для абароны ад дронаў, апавёў Вальфовіч.

Вайскоўцы таксама пакажуць свае ўменьні ў стральбе і здадуць нарматывы па фізычнай выносьлівасьці.

Вальфовіч адзначыў, што праверка сярод іншага дэманструе Захаду, што Беларусь гатовая абараняцца. Пры гэтым ён завіў, што «мы ніякай пагрозы нікому не ўяўляем».

У дакладзе амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны, апублікаваным 11 кастрычніка, гэтая праверка згадваецца ў кантэксьце намаганьняў Расеі павялічыць сваю ваенную прысутнасьць у Беларусі і яшчэ мацней уключыць беларускае войска ў выгадныя для Расеі структуры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG