Выйшла расьсьледаваньне пра праграму для сачэньня за грамадзкімі дзеячамі ў сьвеце. Яе закупалі і ў Менску

Ілюстрацыйнае фота

Журналісты з больш чым дзесяці выданьняў апублікавалі расьсьледаваньне пра кампанію First Wap і яе праграму Altamides для скрытага сачэньня за асобамі празь іх мабільныя тэлефоны.

Назва праграмы расшыфроўваецца як «Advanced Location Tracking and Mobile Information and Deception System» («Прасунутая сыстэма адсочваньня месцазнаходжаньня, мабільнай інфармацыі і падману»). Яна дазваляе адсочваць лякацыю чалавека, аналізуе яго перасоўваньні і перадае інфармацыю пра знаходжаньне пэўных тэлефонаў з такой праграмай у непасрэднай блізкасьці адзін ад аднаго.

З часам праграма навучылася перахопліваць званкі і паведамленьні, а таксама ўзломваць уліковыя запісы ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах, уключаючы WhatsApp, піша devby.io.

First Wap заснаваў аўстрыйскі эмігрант Ёзэф Фукс у Інданэзіі ў 1999 годзе. Пра яе дзейнасьць журналісты Lighthouse Reports даведаліся дзякуючы архіву, які трапіў у іх распараджэньне летась і ў асноўным тычыўся пэрыяду 2007–2014 гадоў.

Altamides куплялі кліенты зь Беларусі, Інданэзіі, Малайзіі, Нігерыі, ААЭ, Саудаўскай Арабіі, Сынгапуру і Ўзбэкістану. Кампанія адмаўляе, што наўпрост «прапаноўвала або прадавала» свае прадукты «рэпрэсіўным» рэжымам, але журналісты ўпэўненыя ў адваротным.

Пад прыцэл кліентаў кампаніі трапілі палітыкі, журналісты, зоркі і грамадзкія дзеячы ў сотні краін сьвету. Напрыклад, сярод мэтаў Altamides была жонка экс-прэзыдэнта Сырыі Башара Асада Асма, эмір Катару шэйх Тамім бэн Хамад Аль Тані, актор Джарэд Лета і сузаснавальніца біятэх-кампаніі 23andMe Ганна Вайчыцкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Казахстан будуе «дзяржаву татальнага сачэньня». Ці будзе Кітай яе ўзорам?


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі санкцыі супраць кампаніі Sandvine, датычнай да блякаваньня інтэрнэту ў Беларусі ў 2020-м