«Ён (прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі) запэўніў мяне, што нафту ў Расеі купляць ня будуць», — сказаў Дональд Трамп.
Паводле яго, з прычыны абставінаў гэта «немагчыма зрабіць адразу», але працэс спыненьня закупак будзе непрацяглым.
Трамп дадаў, што мае намер дабіцца аналягічных захадаў і ад Кітаю.
Індыя — адзін з найбуйнейшых пакупнікоў расейскай нафты. Значная яе частка перапрацоўваецца ў нафтапрадукты, якія потым пастаўляюцца ў іншыя краіны. У МЗС Індыі заявілі, што пастаянным прыярытэтам краіны ёсьць абарона інтарэсаў індыйскіх спажыўцоў ва ўмовах нестабільнай энэргетычнай сытуацыі.
«Наша палітыка імпарту цалкам зарыентаваная на дасягненьне гэтай мэты», — заявіў прадстаўнік МЗС Індыі Рандгір Джайсваль.
Трамп у жніўні 2025 году ўвёў імпартныя мыты ў 50% на тавары зь Індыі: 1 жніўня былі ўведзеныя 25-адсоткавыя мыты, а 6 жніўня Белы дом дадаў да іх яшчэ 25%. Прэзыдэнт ЗША заявіў, што Індыя «ня толькі купляе шмат расейскай нафты, але і перапрадае большую яе частку на адкрытым рынку зь вялікім прыбыткам», і індыйскім уладам «усё роўна, колькі людзей ва Ўкраіне гіне ад расейскай ваеннай машыны».
Паводле аналізу дасьледчага цэнтру CREA, апублікаванага летам, найбуйнейшым пакупніком расейскай нафты застаюцца Кітай (47% паставак), за якім ідзе Індыя (38%), а таксама Эўрапейскі Зьвяз (6%) і Турэччына (6%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чым больш Беларусь будзе забесьпячваць Расею палівам, тым большай будзе пагроза для беларускіх НПЗ»