Сувязь са зьніклай, паводле яе маці, была страчаная 4 кастрычніка, расказалі БелТА ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Дакладна высьветлілі, што зьніклая грамадзянка вылецела ў Янгон (М’янма) з Бангкоку (Тайлянд) 20 верасьня.
Да пошукаў далучылі замежнапалітычныя і сілавыя ведамствы дзьвюх краін, апараты ганаровых консульстваў Беларусі ў Янгоне і Бангкоку.
Вядома, што жанчыне 27 гадоў і яна мела досьвед у мадэльных здымках, у тым ліку ў Кітаі. Таксама яна брала ўдзел у шоў «Голас».
Далей сьляды беларускі губляюцца, іншая інфармацыя пра яе непацьверджаная.
Пры ўладзе ў М’янме з 1 лютага 2021 году знаходзіцца вайсковая хунта. Яна зрынула дэмакратычна абраную прэм’ер-міністарку Аўнг Сан Су Чы. У краіне разгарнуліся баі паміж войскам і паўстанцамі. М’янма ўваходзіць у лік найбольш небясьпечных і недэмакратычных краінаў сьвету.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуска, якая днямі зьнікла ў Празе, знайшлася ў ВаршавеРэакцыя беларускіх дыпляматаў
Пасол Беларусі ў Віетнаме Ўладзімер Баравікоў абвінаваціў «асобных пэрсон» у распаўсюдзе неправеранай і непраўдзівай інфармацыі, піша БелТА.
Баравікоў прызнаў, што на тэрыторыі М’янмы дзейнічаюць ашуканскія кол-цэнтры, і заявіў, што ў дыпляматаў няма інфармацыі пра тое, колькі грамадзян Беларусі ў іх працуюць.
«Зьвесткамі пра ўдзел у супрацьпраўнай дзейнасьці, як і колькасьці грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія працуюць у такіх цэнтрах, пасольства ня мае. Разам з тым адзінкавыя выпадкі фіксуюцца. Так, у сакавіку 2024 году шчасна вярнулася на радзіму наша суайчыньніца, якую незаконна ўтрымлівалі ў такім цэнтры. Вызваленьне стала вынікам шчыльнага ўзаемадзеяньня нашага боку з уладамі М’янмы і Тайлянду».
Баравікоў заклікаў грамадзян Беларусі пільна вывучаць прапановы аб працы ў гэтым рэгіёне, каб ня трапіць на вуду махляроў і гандляроў людзьмі.
Ён адзначыў, што ў М’янме працягваюцца пошукавыя работы зьніклай грамадзянкі. Заява ад маці зьніклай жанчыны сапраўды паступала і «знаходзіцца на асаблівым кантролі». Безадказна пададзеная ў некаторых мэдыя інфармацыя, на думку Баравікова, толькі павялічвае пакуты блізкіх і родных.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пад пагрозай ня толькі першыя асобы». Грамадзкія дзеячы ў выгнаньні — пра бясьпеку пасьля зьнікненьня Мельнікавай і Котава