Сям'я Алена Дуднік і Габрыель Шароў з малым дзіцём ехалі ў цягніку Інтэлякен — Шпіц (Швайцарыя), калі расейскамоўны мужчына, які сядзеў па суседзтве, пачаў агрэсіўна чапляцца да іх. Яго абурыла ўкраінская мова. Алена — украінка, яе муж нарадзіўся і вырас у сям'і беларусаў у Швайцарыі. Алена размаўляла на ўкраінскай мове. Калі мужчына пачаў кідацца на пару, Алена запісала інцыдэнт на відэа.
Расейскамоўны мужчына лаяўся матам, не саромеўся ў выразах. Казаў: «Я рускі чалавек, мы вас усіх забіваць будзем, і цябе. І цябе, і цябе», паказваючы пальцам на сям’ю.
Пасьля ён чапляўся да Габрыэля і пытаўся, «чаму ты не ў акопе», патрабаваў паказаць швайцарскі пашпарт і выказваў адкрытую падтрымку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.
Свабода зьвязалася з мужам Алены, каб падрабязьней распытаць пра інцыдэнт. Выявілася, што ў Габрыеля беларускія карані: ягоныя бацькі пераехалі ў Швайцарыю ў 90-ыя гады.
Габрыель Шароў
«Мы ехалі на цягніку, зайшлі ў вагон, паставілі вазок, сын у мяне быў на руках, я пачаў шукаць месца, каб сесьці. Пасьля мы селі, жонка папрасіла мяне па-ўкраінску нешта ўзяць. Ён гэта пачуў і пачаў сварыцца нецэнзурнай лаянкай. Жонка адразу ўключыла тэлефон і пачала здымаць. Я гаварыў на „Вы“, намагаўся яго супакоіць, паказваў яму, што там шмат турыстаў, ёсьць дзеці. Ён выбіў тэлефон з рук у жонкі, устаў і я зрэагаваў — адштурхнуў яго. Жонка з дзіцём адышлі далей, а я не стрымаўся і пару раз даў па шыі», — расказвае Габрыель.
Іншыя пасажыры, а таксама Габрыель выклікалі паліцыю. Агрэсар гэта зразумеў, пачаў хавацца ў цягніку. Паліцыя яго знайшла і вывела адтуль. Пасьля гэты мужчына пагражаў сям’і і патрабаваў 10 000 франкаў — альбо ён напіша заяву на Габрыеля. Цяпер ідзе разьбіральніцтва з паліцыяй, яны чакаюць матэрыял з відэакамэраў у цягніку.
«Як я зразумеў, ён напісаў заяву, што я яму нібыта нешта фізычна зрабіў. У цягніку быў поўны вагон, кітайскія турысты закрыліся ў прыбіральні з дзецьмі, там цэлы кіпіш быў», — расказвае Габрыель.
Мужчына кажа, што спрабаваў трымацца культурна.
«Я ведаю швайцарскія законы, таму я трымаўся. Я чакаў моманту, пакуль ён дакранецца, ці выб’е тэлефон. Пасьля я ўжо зрэагаваў, бо ёсьць пагроза не толькі мне, а жонцы і дзіцяці», — працягвае Габрыель.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Згарэў пашпарт. Беларускі добраахвотнік ва Ўкраіне ня можа аднавіць дакумэнтыРаней, да пачатку вайны ва Ўкраіне Габрыель езьдзіў у Беларусь, зараз для яго гэта немагчыма. Ён пазнаёміўся з жонкай на працы, дома жонка з ім гаворыць па-ўкраінску, ён — па-расейску зь ёй.
«Ён [агрэсіўны мужчына ў цягніку] падтрымлівае ўсю гэтую вайну, пуцінскі рэжым. Ён лічыць сябе расейцам, сказаў, што нас трэба забіваць. Ён зразумеў, што мая жонка — украінская ўцякачка і пачаў агрэсію. Я з такім упершыню сутыкаюся. Я працаваў з украінскімі ўцекачамі, у месцы, дзе іх прымалі, я супраць вайны, супраць расейскай агрэсіі», — гаворыць Габрыель.
Па словах Алены і Габрыеля, мужчына, які на іх кідаўся, — грамадзянін Латвіі, яго клічуць Аляксандар Вабікс.
У камэнтарах да паста ў інстаграме Алены некаторыя людзі пісалі, што таксама сутыкаліся з гэтым чалавекам і з ягонымі агрэсіўнымі дзеяньнямі.
«Хачу дадаць яшчэ ад сябе: праз тое, што відэа распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках, гэтага мужчыну, які зьяўляецца правакатарам на відэа, пазналі вельмі многія людзі, што таксама ад яго пацярпелі. Пераважна гэта жанчыны з дзецьмі, якім ён пагражаў зьбіццём, гвалтам і фізычнай расправай. Людзі таксама падавалі на яго заявы ў паліцыю», — паведаміла Алена.
Свабода не знайшла афіцыйных згадак пра інцыдэнты з удзелам гэтага чалавека, як і яго актыўных акаўнтаў у сацыяльных сетках.
На інцыдэнт адрэагавала ўкраінскае МЗС. Прадстаўнік МЗС Георгій Ціхі назваў відэа інцыдэнту «жахлівым»: «Непрымальная мова варожасьці і міжэтнічная нянавісьць».
Украіна зьвярнулася да швайцарскіх праваахоўных органаў з просьбай расьсьледаваць інцыдэнт і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Telegraph: Трамп хоча стварыць «фонд перамогі Ўкраіны», заўтра чакаюцца яго перамовы зь Зяленскім