«З прыкрасьцю канстатуем, што ў суседняй Беларусі нагодай для залічэньня ў лягер „здраднікаў“, „сьвядомых“ ці, як любіць казаць Аляксандр Лукашэнка, „адмарозкаў“ можа стаць што заўгодна, нават неасьцярожна вымаўленае па-беларуску слова. Перакананыя, што такія адвольныя затрыманьні маюць на мэце стварыць „абменны фонд“, дзякуючы якому Аляксандар Лукашэнка разьлічвае набываць сабе індульгенцыі ў абмен на невінаватых людзей, якіх ён кідае ў вязьніцы», — адзначаецца ў заяве МЗС Украіны.
Украінскія дыпляматы бачаць «справу Гаюна» безумоўным пацьверджаньнем таго, што рэпрэсіі рэжыму ў Беларусі ёсьць сыстэмнымі і грубымі парушэньнямі правоў чалавека і асноватворных міжнародна-праўных дакумэнтаў.
«Заклікаем міжнародную супольнасьць узмацніць ціск на Аляксандра Лукашэнку і яго памагатых. Нельга забывацца, што з 2022 году Беларусь стала саўдзельніцай злачынства агрэсіі супраць Украіны, надаўшы сваю тэрыторыю, паветраную прастору і рэсурсы для вядзеньня Расейскай Фэдэрацыяй захопніцкай вайны супраць нашай дзяржавы. Беларусь мусіць безумоўна панесьці сваю частку адказнасьці за зьдзяйсьненьне гэтага злачынства і ўсе наступныя зьверствы супраць украінскага народу», — адзначаецца ў заяве замежнапалітычнага ведамства Ўкраіны.
Раней у праваабарончым цэнтры «Вясна» пацьвердзілі інфармацыю аб сама меней 88 фігурантах «справы Гаюна», якіх зьмясьцілі пад варту. Агульны лік затрыманых значна большы, бо затрыманьні ідуць дагэтуль па ўсёй Беларусі, найбольш — у Гомельскай вобласьці.
Telegram-ініцыятыва «Беларускі Гаюн» зьбірала зьвесткі пра перамяшчэньне расейскіх войскаў. Зьвесткі дапамагалі ўкраінскаму боку арыентавацца ў сытуацыі і ацэньваць пагрозы.
Пра тое, што сілавікі маюць доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», стала вядома на пачатку лютага. Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і праз два дні пасьля гэтага заявіў аб спыненьні працы «Гаюна». З таго часу праект, які стаў важнай крыніцай інфармацыі для беларускіх, украінскіх і міжнародных мэдыя, не публікуе зьвестак аб дзеяньнях расейскіх і беларускіх вайскоўцаў.
Праваабаронцы прагназуюць, што колькасьць фігурантаў «справы Гаюна» можа дасягнуць 1000 чалавек.
Форум