Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у дыпляматычных пытаньнях Дзяніс Кучынскі паведаміў, Літва часова аднавіла ахову на ўзроўні Службы аховы кіраўніцтва, пакуль ствараецца новая сыстэма бясьпекі, перадае LRT.
Офіс Ціханоўскай таксама аднавіў працу.
«Незалежна ад абставін і рашэньняў Літвы, беларусы заўжды будуць удзячныя гэтай краіне за падтрымку нашай барацьбы і за тое, што яна прымае беларусаў. Нашая задача — вярнуць свабоду Беларусі, вярнуцца дадому і быць надзейным суседам для Літвы», — дадаў Кучынскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фрыдман: У Эўропе хапае краінаў, якія гатовыя прыняць Ціханоўскую1 кастрычніка Літва вырашыла зьнізіць узровень фізычнай аховы Сьвятланы Ціханоўскай, якая жыве ў Вільні, перадаўшы гэтую задачу крымінальнай паліцыі, якое адказвае за абарону асоб, што знаходзяцца пад патэнцыйнай пагрозай, але не на ўзроўні кіраўніцтва дзяржавы.
За Ціханоўскай захоўваўся статус госьці ўраду, а за Офісам — акрэдытацыя ў Літве.
Супрацоўнікі Офісу перайшлі на дыстанцыйную працу.
Прадстаўнікі літоўскага ўраду называлі зьніжэньне ўзроўню аховы тэхнічным, а не палітычным рашэньнем.
Паводле зьвестак LRT, прэзыдэнт Літвы актыўна выступаў супраць памяншэньня аховы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарадца прэзыдэнта Наўседы: няма фінальных рашэньняў аб ахове Ціханоўскай у Літве«Для нас важна, каб Літва заставалася лідэрам, які падтрымлівае дэмакратычныя каштоўнасьці і займае цьвёрдую пазыцыю ў дачыненьні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Прэзыдэнтка Ціханоўская вельмі ўдзячная прэзыдэнту Гітанасу Наўседу за ягоную прынцыповую і пасьлядоўную пазыцыю», — заявіў Дзяніс Кучынскі.
Паводле неафіцыйных зьвестак, ранейшае рашэньне Літвы пра зьніжэньне ўзроўню аховы не было ўспрынята з энтузіязмам Ціханоўскай і яе калегамі. Хадзілі чуткі, што Дэмакратычнае прадстаўніцтва беларусаў разглядала магчымасьць пераносу дзейнасьці ў Польшчу, аднак гэтая інфармацыя афіцыйна не пацьверджана, піша LRT.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сейме Літвы група дэпутатаў заклікала ўлады забясьпечыць нармальнае функцыянаваньне Офісу Ціханоўскай