«Наколькі я разумею, канчатковае рашэньне ўрадам яшчэ не прынята, яно яшчэ абмяркоўваецца, пытаньне вырашаецца», — заявіла Аста Скайсгірыце ў інтэрвію радыёстанцыі Ziniu radijas у аўторак.
Паводле яе слоў, якія цытуе агенцтва BNS, прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа лічыць, што Ціханоўская павінна і далей знаходзіцца пад аховай, а ўзровень і мэтады абароны павінны вызначаць службы.
Аднак дарадца сьцьвярджае, што рашэньне аб ахове мусіць быць палітычным.
«Мы ня можам зводзіць рашэньне да тэхнічных дэталяў, але тэхнічна гэта павінна быць правільнае, добрае рашэньне», — сказала Скайсгірыце.
Паводле яе слоў, афіцыйны статус Ціханоўскай у Літве захоўваецца, яна мае ў краіне статус госьця, а акрэдытацыя, выдадзеная Міністэрствам замежных спраў Беларускаму дэмакратычнаму прадстаўніцтву, па-ранейшаму сапраўдная.
«Відавочна, што ўрад прыме да ўвагі гэты комплекс прычын пры прыняцьці адпаведных рашэньняў», — сказала дарадца Наўседы.
У кастрычніку ўлады Літвы заявілі пра зьніжэньне ўзроўню аховы Ціханоўскай і яе працоўных памяшканьняў.
Службовыя асобы сьцьвярджаюць, што замест Службы аховы кіраўніцтва яе бясьпеку зараз будзе забясьпечваць Літоўскае бюро крымінальнай паліцыі.
Зьмяненьні ў сыстэме бясьпекі азначаюць, што дом і офіс Ціханоўскай застаюцца пад аховай, аднак лідэрка беларускай апазыцыі пазбавілася асабістай аховы ў Літве і за мяжой.
У адказ на заявы некаторых палітыкаў аб тым, што Ціханоўская можа разгледзець магчымасьць пераезду ў Польшчу, Скайсгірыце заявіла:
«Спадарыня Ціханоўская — вольны чалавек і не знаходзіцца ў турме. Вядома, калі б яна захацела, яна магла б разгледзець і іншыя варыянты, але нашая задача — забясьпечыць, каб яна адчувала сябе ў Літве ў бясьпецы».
У Офісе Ціханоўскай заявілі, што працягваюць працу, але ў цяперашні час у офісе працуе толькі частка супрацоўнікаў. Па іх словах, пасьля апошніх рашэньняў Літвы колькасьць пагроз на іх адрас павялічылася.
Сьпікер Сейма Літвы Юозас Олекас заявіў 9 кастрычніка, што дапамога Літвы нікуды ня зьнікла і будзе працягвацца. Ён адзначыў, што Сейм падтрымлівае шчыльны кантакт зь беларускай апазыцыяй праз сустрэчы, дыскусіі й супольную працу.
- Паводле праваахоўнікаў, пасьля зьмены рэжыму аховы Ціханоўская, ейны офіс і дом будуць па-ранейшаму пад аховай, аднак калі лідэрка беларускай апазыцыі будзе за мяжой, яе ахову мае забясьпечваць краіна, якая прымае.
- Тыя, хто прыняў гэтае рашэньне, і палітыкі, якія яго падтрымліваюць, сьцьвярджаюць, што рэжым бясьпекі быў зьменены ў сувязі са зьменай узроўню пагрозы і што гэта тэхнічная зьмена.
- Крытыкі падазраюць, што гэтае рашэньне мае палітычны характар і патурае тым, хто лічыць, што Ціханоўскай, якая прыбыла ў Літву ў 2020 годзе, надаецца празьмерная ўвага і на яе ахову вылучаецца занадта шмат рэсурсаў.