У Вашынгтоне прайшла сустрэча Трампа і Зяленскага

Уладзімер Зяленскі на сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам

У Вашынгтоне прайшла сустрэча прэзыдэнтаў ЗША Дональда Трампа і Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Яна праходзіла ў нефармальнай атмасфэры падчас абеду. Кіраўнікі дзяржаў абмяркоўвалі вайну ва Ўкраіне, мірныя перамовы з Расеяй і пастаўкі новых узбраеньняў Кіеву, у тым ліку — крылатых ракет «Тамагаўк».

Адказваючы на пытаньні журналістаў перад пачаткам закрытай часткі размовы з Зяленскім, Трамп сказаў, што яны плянуюць абмеркаваць новыя магчымасьці, якія дазволяць Украіне наносіць удары ўглыб Расеі. «Мы будзем абмяркоўваць гэта, — сказаў Трамп, калі яго спыталі, ці будзе ўзьнімацца гэтая тэма. Так, гэта тое, пра што мы будзем гаварыць. Гэта эскаляцыя, але мы будзем абмяркоўваць гэта».

Прэзыдэнты ЗША і Ўкраіны

Пазьней ён наўпрост згадаў ракеты, заявіўшы, што ЗША «даволі блізкія» да іх паставак, але ў той жа час «маюць патрэбу ў іх» самі.

Трамп заявіў, што лічыць, што і Пуцін і Зяленскі хочуць завяршэньня вайны. «Цяпер мы павінны дабіцца гэтага», — сказаў прэзыдэнт ЗША. Ён не адказаў наўпрост на пытанне, ці павінна Ўкраіна будзе саступіць тэрыторыі для падпісаньня мірнай дамовы, заявіўшы, што войны непрадказальныя.

Сустрэча паміж Трампам і Зяленскім працягвалася больш за дзьве гадзіны. Паводле паведамленняў СМІ, украінская дэлегацыя прывезла ў Белы дом карты з пазнакамі «балючых кропак» расейскай абароннай прамысловасьці і ваеннай эканомікі.

Напярэдадні стала вядома, што Трамп папярэдне дамовіўся сустрэцца ў Будапэшце з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. У пятніцу прэс-сакратар Белага Дома Кэралайн Левіт заявіла прэсе, што Вашынгтон спадзяецца на ўдзел у саміце і Ўладзіміра Зяленскага. Трамп перад сустрэчай з Зяленскім сказаў, што таго ў Будапэшце не чакаецца, але прэзыдэнт ЗША «будзе зь ім на сувязі».

Украінскі прэзыдэнт, у сваю чаргу, заявіў, што «Украіна хоча міру, а Расея — не» і сказаў, што найперш неабходна дасягнуць пагадненьня аб спыненьні агню ва Ўкраіне. Раней прэзыдэнт ЗША заяўляў, што ня лічыць гэта абавязковай умовай для мірных перамоваў.