Зашмат Лукашэнкі. Чаму ў нас «галоўныя навіны дня» «пра яго»?

Аляксандар Лукашэнка

Не хачу нічога кепскага сказаць пра беларускія незалежныя выданьні, якія вымушана працуюць за мяжой. Але адна агульная тэма падаецца мне тупіковай — зашмат Лукашэнкі, якому, быццам бы няма альтэрнатывы.

Ясна, што такі парадак задае сам дыктатар і яго прапаганда, але ў выкананьні незалежнай прэсы гэта моцна стамляе, бо па сутнасьці ня мае сэнсу.

«А як інакш, ён жа кіруе краінай, ён галоўны ньюзмэйкер», — можа запярэчыць мне калега. Але гэта ягоная ўстаноўка: гаварыце пра мяне — станоўча, адмоўна ці ўвогуле абы што, толькі гаварыце, бо ваша гаварэньне — адзін са стаўпоў, на якіх трымаецца мая ўлада, увага да мяне з боку дэмакратычнай апазыцыі павінна быць празьмернай.

«Галоўны ньюзмэйкер» прадае несапраўдныя навіны

Адчуваю, што і сам грашу, згадваючы дыктатара, хоць мусіў бы добра падумаць, пішучы гэтае прозьвішча кожны раз, быццам дадаю сваё намаганьне, ставячы яго на п’едэстал. Урэшце, разумею, што «колькі ні кажы „цукар“, у роце саладзей не становіцца» і колькі ні паўтарай «Лукашэнка», у Беларусі робіцца толькі горш, а разуменьне працэсаў затуманьваецца — як зь пераменамі, так і зь незалежнасьцю.

Прычыны тут дзьве. Першая — «галоўны ньюзмэйкер» прадае несапраўдныя навіны. Другая — няма альтэрнатывы, якую мусіла б ствараць само дэмакратычнае асяродзьдзе.

Несапраўдныя навіны

Гартаю загалоўкі ў розных дэмакратычных крыніцах: «Лукашэнка: Украіна зьнікне». Гэта прароцтва, плян дзеяньняў ці чарговае глупства? Калісьці даўно філёзаф Уладзімер Падгол выдаў кніжку цытатаў дыктатара пад назвай «Народны тэлевізар», каб усе маглі пасьмяяцца, цяпер такое — галоўныя навіны. За доўгі час мы да іх прызвычаіліся.

«Лукашэнка прызначыў новых дырэктараў»… Але роля дыктатара — у тым, што падпісаў загад. Сутнасьць у тым, што зьмяніліся дырэктары.

«Лукашэнка даволі цьвёрда трымаецца». Дапушчэньні пра нездароўе — толькі дапушчэньні, а не інфармацыя…

«Лукашэнка даручыў Кубракову разабрацца з тымі, хто п’е каву на АЗС, і навесьці там „жалезны парадак“». Проста не знайшлося тэмы для штодзённай нарады ў «галоўнага ньюзмэйкера», дзе ён асаджае сваіх чыноўнікаў. Нарады гэтыя тэатралізаваныя і пустыя паводле сэнсу. Але чаму іх паўтараюць дэмакратычныя мэдыя? Па выніку ўсё адно «лепш» нішто нідзе ня робіцца, увесь сэнс тут хіба ў сьвецкай хроніцы: на каго ён сёньня крычаў больш, а хто ад гэтых крыкаў мацней дрыжэў.

Кажуць, Лукашэнка павінен быць у загалоўку, бо інакш ня клікнуць

Ці вось такое: «Лукашэнка вызначыў дату правядзеньня Ўсебеларускага народнага сходу». Мне думаецца, што нават біёграфам дыктатара гэты чарговы сабантуй не цікавы, ведаючы, які той сход усебеларускі і які народны.

Лукашэнка расьпякае чыноўнікаў, ён абяцае народу цяжкія часы, ён прыніжае беларусаў, ён забараняе будаваць аб’екты культуры і загадвае будаваць за гэтыя грошы кароўнікі… Усё гэта трансьлюецца безь перабою ў Менску, а часта і за мяжой, хоць за мяжой ёсьць журналістыка, але залятае і гэта, што робіць дыктатара галоўным на гэтым «сьвяце жыцьця» і што стала як бы аксіёмай. Хоць мы, вядома, так ня думаем, але «гэта іншае». Ці думаем?

Кажуць, Лукашэнка павінен быць у загалоўку, бо інакш ня клікнуць. Але такім яго робяць не «саўбелія» і «мінская праўда», а менавіта прэса за мяжой, бо большасьць загалоўкаў з Лукашэнкам па-сутнасьці ніякія не навіны, а хайп.

Гэтак ствараецца дзіўнае спалучэньне СМІ за мяжой і прапаганды рэжыму. Самога дыктатара відавочна моцна засмуціла б, калі б пра яго сталі менш пісаць дэмакратычныя мэдыя, дзе шукаюць навіны беларускія людзі.

А пра што пісаць, калі пішаш пра палітыку? Дзе шукаць свой бок, сваю ініцыятыву, сваю сілу ў гэтым супрацьстаяньні?

Пра што пісаць — альтэрнатыва

Мне думаецца, што галоўнае для блогера ці мэдыя — гэта пазыцыя. Мне даводзілася працаваць у нелегальным друку яшчэ ў 1980-я гады і дзе ніколі б не прыйшло ў галаву перадрукоўваць як навіны лукашэнкавы аблуды — хіба што менавіта як аблуды.

Варта ўявіць, што вы робіце сваё выданьне ў самой Беларусі, што цяпер выглядае немагчымым, тым ня менш — ці сталі б вы расказваць чытачам пра кожны чых Лукашэнкі? Ня трэба атаясамліваць Лукашэнку і Беларусь — гэта заўсёды супрацьлеглыя рэчы. Ня трэба ўлады называць беларускімі. Інакш, калі вы чакаеце перамен, вы іх не дачакаецеся.

Дысбалянс прысутнасьці ў навінах пра рэжым і апазыцыю — тое, чаго і дамагаюцца ў Менску і Маскве.

Мы моцныя, бо ў нас ёсьць прызнанае прадстаўніцтва за мяжой, якое ведаюць у сьвеце і якое трансьлюе патрэбы Беларусі. Між іншым, гэта місія, значэньне якой у тым, што яна ёсьць і што яе ведаюць у найвышэйшых колах па ўсім сьвеце. Калі параўнаць яе з ранейшымі часамі, дык абагульняючы, нас проста ніхто ня ведаў і нікому не было да нас справы. І так было заўсёды. Гэтую мантру паўтарае дыктатар — пра сябе, як краіну і народ. Але цяпер нарэшце мы ўзабраліся на вышэйшую прыступку веданьня і прызнаньня.

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская

Зразумела, што рэжым разам з лукашэнкаўцамі адказалі шквальным агнём па Ціханоўскай, якраз каб будзь якім спосабам зьнішчыць альтэрнатыву сабе. Толькі ўва ўсёй іхнай лаянцы няма нічога сутнаснага і сэнсоўнага. Усё робіцца для таго, каб у Беларусі і беларусаў не было ўплывовага прадстаўніцтва ў сьвеце.

Тое, што Ціханоўская сустракаецца і знаходзіць паразуменьне з сусьветнымі лідэрамі — гэта найбольшае, што яна можа зрабіць, і чаго ніколі ніхто зь беларусаў не рабіў. Хіба толькі пачынаў рабіць Станіслаў Шушкевіч.

Я думаю, тыя актывісты фэйсбука, якія далучаюцца да шальмаваньня Ціханоўскай, проста ня маюць пазыцыі — яны не за незалежнасьць і беларушчыну, а значыць, у кожным разе, за «русский мир», бо трэцяга боку няма.

Тое, што Ціханоўская сустракаецца і знаходзіць паразуменьне з сусьветнымі лідэрамі — гэта найбольшае, што яна можа зрабіць, і чаго ніколі ніхто зь беларусаў не рабіў

Гаворкі пра паніжэньне статусу Ціханоўскай, якая перамагла Лукашэнку на выбарах, што візуальна відавочна для кожнага, хто быў у 2020 у Беларусі — гэта гаворкі пра страту прадстаўніцтва, вярнуць якое будзе немагчыма, пра страту незалежнасьці Беларусі, пра адкіданьне беларушчыны на сотню гадоў назад. Гэта ўзаемазьвязаныя рэчы. І тое, напрыклад, што ў Нямеччыне вырашылі на дзяржаўным узроўні спыніць фінансаваньне Форуму гістарычных дасьледаваньняў Беларусі — усяго толькі першы сыгнал. «Гэта, па сутнасьці, прызнаньне таго, што МЗС Нямеччыны ў будучыні не разьлічвае на дзяржаўную самастойнасьць Беларусі», — напісаў дасьледнік Фэлікс Акерман.

Але гэта самы пачатак. Вялікае мноства арганізацыяў могуць зьнікнуць, маса беларусаў можа страціць працу, а па выніку — гэта тая ж палітыка недаверу да Беларусі і беларусаў, якую праводзіць Лукашэнка — на ліквідацыю беларускай дзяржаўнасьці, таго, што ад яе засталося.

Рэжым ужо панізіў статус нашай краіны да савецкай рэспублікі — сатэліта Масквы. І цяпер статус незалежнай краіны — толькі ў нас, у нашага прадстаўніцтва, у Ціханоўскай. Гэта той фарпост, зь якога можа пачацца маштабны абвал, калі краіны перастануць падтрымліваць адна адну.

Пісаць пра дэмакратычную апазыцыю з адчуваньнем таго, што гэта наша сіла, твая сіла, твой абарончы рубеж… Іншага няма.

Ціханоўская і ёсьць альтэрнатывай Лукашэнку: хто зь іх мае рэальнае прызнаньне ў сьвеце, і праз каго мае прызнаньне назалежная Беларусь, беларушчына і самі мы, беларусы. То бок гаворка ідзе пра прызнаньне нашай будучыні. У Лукашэнкі прызнаньня няма. Ён толькі «смотрящий», патрэбны для «сделок».

Калі вы ў расфокусе і ня ведаеце, на што абаперціся, выбірайце беларушчыну і глядзіце, хто яе рэальна прадстаўляе, узмацняе і ўзмацняйце яго. Усё іншае можа вас падмануць.


Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сяргей Дубавец пра «няўдзел у подласьці» і запавет Максіма Багдановіча