У Беларусі паведамілі, што з пачатку мігранцкага крызісу на беларуска-латвійскай мяжы знайшлі целы 35 мігрантаў

Латвійскі памежнік. Ілюстрацыйнае фота

У Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі паведамілі, што полацкія памежнікі раніцай 21 кастрычніка на беларуска-латвійскай мяжы знайшлі трох грамадзян Эрытрэі, адзін зь якіх быў мёртвы.

У паведамленьні з спасылкай на іншых мігрантаў сьцьвярджаюць, што іх на латвійскім баку «затрымалі і жорстка білі з выкарыстаньнем электрашокера, ад атрыманых траўмаў адзін грамадзянін памёр».

Згодна з інфармацыяй Памежнага камітэту Беларусі, з пачатку мігранцкага крызісу на беларуска-латвійскай мяжы знайшлі целы 35 мігрантаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва разьвярнула 39 мігрантаў, якія спрабавалі незаконна трапіць зь Беларусі

21 кастрычніка ў Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамілі аб перадухіленьні незаконнага перасячэньня мяжы зь Беларусьсю 39 грамадзянамі, на мяжы Латвіі і Беларусі таксама зафіксавана 39 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы за апошнія 24 гадзіны. Іх разьвярнулі ў кірунку Беларусі.

Міграцыйны крызіс на межах Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз празь Беларусь, бо іх туды нібыта «паклікалі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тонкая наладка»: як Лукашэнка кіруе міграцыйным крызісам. Дасьледаваньне Свабоды