Навошта ўлады апытваюць беларусаў перад «народным сходам»?

Усебеларускі народны сход, каляж

Сьцісла

  • Мэты анкетаваньня — імітаваць усенароднае абмеркаваньне палітычнага курсу, даведацца думку народу.
  • Загадзя зразумела, што апытаньне ня дасьць рэпрэзэнтацыйных вынікаў.
  • У варыянтах адказаў ёсьць выразныя альтэрнатывы дзяржаўнай палітыцы, а таксама варыянты, якія выклікаюць спрэчкі ўва ўладным асяродзьдзі.
  • Вынікі апытаньня могуць быць выкарыстаныя на сьнежаньскім паседжаньні Ўсебеларускага народнага сходу для карэкцыі ранейшага курсу.
Апытаньне дзяржаўнага Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў можа сьведчыць пра намер уладаў зьмякчыць палітычны курс на паседжаньні Ўсебеларускага народнага сходу ў сьнежні, піша палітычны аглядальнік Радыё Свабода Юры Дракахруст.

Тры задачы ўладнай анкеты

У інтэрнэце зьявілася анкета апытаньня, падрыхтаваная дзяржаўным дасьледчым цэнтрам «Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў» (БІСД). Праект «Народная пяцігодка» падаецца як шырокае народнае абмеркаваньне шляхоў разьвіцьця краіны, зладжанае перад сьнежаньскім паседжаньнем Усебеларускага народнага сходу.

Зь якімі мэтамі ладзіцца гэтае апытаньне? Першая — прадэманстраваць (ці зымітаваць) народнае абмеркаваньне, удзел беларусаў у вызначэньні стратэгіі краіны, якая будзе зацьверджаная на паседжаньні УНС. Да ўдзелу ў фармаваньні УНС народ не дапусьцілі нават фармальна, дэлегатаў сходу вызначалі ўладныя інстытуты. Але пагаварыць, выказаць меркаваньне праз апытаньне дазволілі ўсім (прынамсі тым, хто знаходзіцца ў Беларусі, бо з-за мяжы сайт не адкрываецца). Сайт апытаньня, дарэчы, так і называецца — меркаванне.бел. Па-беларуску, між іншым. Хоць анкета — толькі па-расейску.

Другая мэта — падмацаваць вынікамі апытаньня рашэньні, якія ўжо падрыхтаваныя. І на паседжаньні УНС, імаверна, заявяць, што гэта ж ня Лукашэнка сам прыдумаў, не чыноўнікі — народ выказаўся, народ падтрымаў.

Нарэшце, трэцяя мэта — усё ж і сапраўды даведацца, што беларусы думаюць наконт тых ці іншых сюжэтаў. Неканечне ўсе адказы, асабліва нязручныя, будуць нават абнародаваныя. Але ў выніку апытаньня некаторыя рашэньні, падрыхтаваныя для прыняцьця на УНС ужо цяпер, могуць быць калі ня зьмененыя, то прынамсі скарэктаваныя.

Можна меркаваць, што ўлада адчувае брак зваротнай сувязі. Незалежныя мэдыя выціснутыя з краіны, іх абвясьцілі «экстрэмісцкімі фармаваньнямі». Сотні грамадзкіх арганізацыяў зьліквідаваныя. У іншых, менш рэпрэсіўных, краінах, ды і ў Беларусі раней, грамадзкая думка праяўляла і праяўляе сябе менавіта праз гэтыя інстытуты — празь незалежныя мэдыя, НДА, партыі. У сучаснай Беларусі гэтыя каналы, гэтыя «люстэркі» грамадзтва, зьнішчаныя, разьбітыя.

Але што народ думае, уладзе хацелася б ведаць. І ня столькі з павагі да народнай думкі, колькі зь перасьцярогаў.

У савецкія часы нібыта ўсе былі «за», а потым савецкая сыстэма амаль імгненна рассыпалася, як картачны дамок.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 70% беларусаў выступае за мірныя перамовы паміж Украінай і Расеяй — cацыялягічнае апытаньне iSANS

Як уведаць грамадзкую думку?

Калі б мэтай апытаньня было толькі даведацца, што беларусы думаюць насамрэч, то варта было б зладзіць рэпрэзэнтацыйнае апытаньне з выпадковай выбаркай. І каб атрымаць вынікі з належным узроўнем значнасьці, дастаткова апытаць з выпадковай выбаркай тысячу чалавек.

У апытаньнях кшталту меркаванне.бел, калі адказваюць тыя, хто хоча адказваць, вынікі істотна адрозьніваюцца ад сапраўднага разьмеркаваньня думак ува ўсім грамадзтве. І павелічэньне выбаркі не зьмяншае гэтага скажэньня.

На вынікі таксама будзе ўплываць знакаміты фактар страху. Калі ў краіне людзі трапляюць за краты за камэнтар ці нават «падабайку» ў сетках, многія пабаяцца даваць шчырыя адказы ўладнай ініцыятыве.

У анкеце гаворыцца, што яна ананімная. Але спэцслужбы вылічваюць нават тых, хто імкнецца захаваць ананімнасьць з дапамогай тэхнічных інструмэнтаў. Іншая рэч — а навошта? Але рэспандэнты ўладнай анкеты могуць гэтага асьцерагацца і не казаць таго, што, на іх погляд, можа не спадабацца ўладам.

Праўда, варта сказаць, што ў анкеце БІСД практычна няма вострых палітычных пытаньняў — пра стаўленьне да Лукашэнкі й іншых інстытутаў улады, да апазыцыі ці выбараў.

Не закранаюцца таксама іншыя палітычныя сюжэты, скажам, ці ня варта Лукашэнку пайсьці з улады. Як і наадварот — ці ня варта абіраць прэзыдэнта на УНС.

Апошнюю прапанову ня раз выказвалі і сам Лукашэнка, і прапагандысты рэжыму. Але пытаньня пра стаўленьне да яе праўладныя сацыёлягі ў сваю анкету не ўключылі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка вызначыў дату правядзеньня Ўсебеларускага народнага сходу, які плянавалі яшчэ вясной

Пра што ўлады пытаюць беларусаў у анкеце

Пытаньні пераважна пра эканоміку, пра сацыяльнае жыцьцё, палітыка закранаецца толькі ўскосна, у пытаньнях, скажам, аб стаўленьні да мігрантаў і пра шляхі дасягненьня народнага адзінства.

Пры гэтым ня ўсе прапанаваныя варыянты адказаў на гэтыя пытаньні становяць сабой поўную падтрымку цяперашняму курсу.

Прыкладам, на пытаньне пра шляхі рэгуляваньня эканомікі ёсьць і наступныя адказы: «Прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў», «Падтрымка прыватнага бізнэсу і стымуляваньне прадпрымальніцкай ініцыятывы», «Павышэньне ўзроўню аплаты працы за кошт скарачэньня колькасьці работнікаў прадпрыемстваў».

Сярод адказаў на пытаньне аб найлепшых шляхах разьвіцьця нацыянальнай сыстэмы аховы здароўя — «Наяўнасьць шырокай сеткі прыватных мэдычных цэнтраў» і «Страхавая мэдыцына (абавязковая купля страхоўкі наймальнікам ці самім грамадзянінам)».

Ёсьць у анкеце, зразумела, і варыянты адказаў на гэтыя пытаньні, якія адпавядаюць цяперашняму сацыяльна-эканамічнаму курсу Лукашэнкі. Але ёсьць і пералічаныя вышэй, якія ўвасабляюць сабой альтэрнатыву гэтаму курсу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Пакістане абвясьцілі пра 261 вакансію на працу ў Беларусі

У прапанаванай анкеце ёсьць асобнае пытаньне аб прынцыпах міграцыйнай палітыкі з варыянтам адказу «Абмежаваньне прытоку мігрантаў у Беларусь». Заявы Лукашэнкі аб магчымасьці завезьці ў Беларусь 150 тысячаў пакістанцаў выклікалі ў краіне моцную нэгатыўную рэакцыю, якая выплюхнулася і ў сацыяльныя сеткі.

Нарэшце, у пытаньні пра шляхі забесьпячэньня народнага адзінства сярод варыянтаў адказу: «Далейшае правядзеньне памілаваньняў і амністыяў», «Пашырэньне выкарыстаньня беларускай мовы», «Наладжваньне сувязяў з канструктыўна настроенымі беларусамі замежжа і вяртаньне іх з-за мяжы на Радзіму».

Апошні варыянт адказу сфармуляваны ў рамках афіцыйнага дыскурсу: з «канструктыўна настроенымі» наладжваць сувязі мо і можна, а вось зь іншымі — не.

Аднак усе пералічаныя варыянты адказаў або супярэчаць той палітыцы, якая праводзіцца ці дэкляруецца, або выклікаюць у дзяржаўным апараце і сярод прыхільнікаў Лукашэнкі спрэчкі.

І цалкам магчыма, што гэтыя варыянты адказаў выбера нечакана для ўладаў вялікая колькасьць рэспандэнтаў. Інтэрнэт-апытаньні гарадзкога насельніцтва Беларусі пад эгідай Chatham House паказалі, што зьмяншэньня рэпрэсіяў хацела б большасьць беларусаў, у тым ліку і ладная частка прыхільнікаў Лукашэнкі. Апытаньне БІСД можа паказаць тое самае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». «Нават тыя, хто за Лукашэнку, хочуць адлігі», — кіраўнік праекту Chatham House Рыгор Астапеня

Што ўлада будзе рабіць з вынікамі апытаньня?

Днямі я пісаў, што на сьнежаньскім паседжаньні УНС Лукашэнка можа абвясьціць пэўную карэкцыю курсу. І самы факт правядзеньня апытаньня меркаванне.бел з варыянтамі адказаў, якія такую карэкцыю і прадугледжваюць, прынамсі не супярэчыць гэтаму.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што Лукашэнка скажа на «народным сходзе» ў сьнежні?

І ня выключана, што пры вызначэньні ступені і формы гэтай карэкцыі вынікі праўладнага апытаньня нават будуць улічаныя.

Да згаданых нерэпрэзэнтацыйнасьці вынікаў апытаньня і фактару страху можна дадаць брак незалежнага кантролю за падвядзеньнем яго вынікаў. Прыкладна як на выбарах. Напрыклад, БІСД паведаміць, што ў апытаньні за «абмежаваньне прытоку мігрантаў у Беларусь» выказаліся вартыя жалю 2%, а за, скажам, «актыўнае прыцягненьне замежных спэцыялістаў працоўных прафэсіяў» — 93%, дык хто гэтыя лічбы зможа аспрэчыць?

І заявяць з трыбуны УНС, што прыезд 150 тысячаў пакістанцаў горача вітае пераважная большасьць беларусаў.

Так цалкам можа быць. Але гэта хіба нікога ня зьдзівіць і наўрад ці ў чым пераканае.

А вось калі афіцыйна абвешчаныя вынікі апытаньня будуць за зьмену ці карэкцыю палітыкі, і Лукашэнка пра гэта абвесьціць — тое будзе мець эфэкт і ўзьдзеяньне як на яго прыхільнікаў, гэтак і на апанэнтаў і на «нэўтралаў». Кшталту, народ захацеў зьменаў — Лукашэнка іх абвясьціў.

Сапраўдныя намеры ўладаў і арганізатараў апытаньня невядомыя. Але калі б быў толькі намер зымітаваць народную падтрымку, можна ж было б напярэдадні паседжаньня УНС запусьціць чарговую кампанію «Надо», як перад апошнімі выбарамі. І не пераймацца правядзеньнем нейкіх апытаньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Флэшмоб «Надо!» — спроба стварыць штучную масавую падтрымку, якая імітуе грамадзкую ініцыятыву, — аналітык Быкоўскі