У заяве літоўскіх вайскоўцаў гаворыцца, што зьнішчальнік Су-30 і самалёт-запраўнік Іл-78 з расейскага анкляву Калінінград праляцелі праз паветраную прастору Літвы на працягу 18 сэкундаў, падобна, у часе трэнаваньняў у дазапраўцы ў паветры.
Вільня заклікала Расею «неадкладна растлумачыць» прычыны парушэньня паветранай прасторы Літвы і прыняць «усе неабходныя захады для перадухіленьня падобных здарэньняў у будучыні», гаворыцца ў заяве.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа назваў гэта «відавочным парушэньнем міжнароднага права і тэрытарыяльнай цэласнасьці Літвы».
Уварваньне «пацьвярджае важнасьць умацаваньня гатоўнасьці эўрапейскай супрацьпаветранай абароны», заявіў Наўседа ў этэры X.
Міністэрства замежных справаў Літвы заявіла, што часовага паверанага ў справах Расеі выклікалі ў знак пратэсту супраць парушэньня паветранай прасторы.
«Расея павінна спыніць свае агрэсіўныя паводзіны, паважаць міжнароднае права і межы суседніх дзяржаваў», — гаворыцца ў заяве міністэрства на плятформе X.
Міністэрства абароны Расеі адмаўляе факт уварваньня.
«Палёты праводзіліся ў строгай адпаведнасьці з правіламі выкарыстаньня паветранай прасторы над расейскай тэрыторыяй. Самалёты не адхіляліся ад свайго маршруту і не парушалі межаў іншых дзяржаваў», — заявіла расейскае міністэрства ў Telegram.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два расейскія самалёты парушылі паветраную прастору ЛітвыУ адказ на ўварваньне былі паднятыя ў паветра два гішпанскія самалёты Eurofighter Typhoon місіі паветранага патруляваньня NATO ў Балтыйскім рэгіёне.
Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене заявіла, што самалёты «дзейнічалі дакладна», і гэта быў «яшчэ адзін прыклад пасьпяховай і скаардынаванай працы нашых службаў».
Здарэньне «чарговы раз паказала, што Расея паводзіць сябе як тэрарыстычная дзяржава, не зважаючы на міжнароднае права і бясьпеку суседніх краін. Аднак такія дзеяньні не паўплываюць на нас — Літва застаецца цьвёрдай, адзінай і гатовай абараняць сябе», — напісала яна ў Facebook.
Прэм’ер-міністар Эстоніі Крыстэн Міхал і міністарка замежных спраdfў Латвіі Байба Бразэ выказалі поўную салідарнасьць зь Літвой.
У верасьні тры расейскія зьнішчальнікі МіГ-31 увайшлі ў паветраную прастору Эстоніі над Фінскай затокай і заставаліся там прыблізна 12 хвілін. Гэта падштурхнула Талін запытаць ytчарговае паседжаньне Рады Бясьпекі ААН і актывацыю артыкулу 4 Атлянтычнай дамовы, які прадугледжвае кансультацыі паміж хаўрусьнікамі пры пагрозе аднаму зь сяброў NATO.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амаль 700 вайсковых дронаў праляцелі над Беларусьсю за год, ёсьць выбухі і разбурэньні. Чаму ўлады гэта ўтойваюць?Храналёгія апошніх правакацыяў расейскіх самалётаў
13 траўня зьнішчальнік Су-35 без дазволу перасёк паветраную мяжу Эстоніі. Самалёт ляцеў з выключаным транспондэрам, бяз пляну палёту і сувязі з дыспэтчарам.
22 чэрвеня транспартны самалёт Іл-76 бяз сувязі з дыспэтчарам увайшоў у паветраную прастору Эстоніі і прабыў там каля чатырох хвілін. Самалёт меў плян палёту і ўключаны транспондэр.
7 верасьня верталёт Мі-8 без дазволу і сувязі ўвайшоў у паветраную прастору Эстоніі і прабыў там каля чатырох хвілін. Транспондэр выключаны, пляну палёту не было.
17 і 18 верасьня зафіксавалі па адным расейскім самалёце Іл-20, якія ляцелі з Калінінградзкай вобласьці на мацерыковую Расею і назад.
18 верасьня паветраную прастору парушылі два расейскія самалёты Су-30 і Су-35.
19 верасьня тры расейскія зьнішчальнікі МіГ-31 без дазволу ўвайшлі ў паветраную прастору Эстоніі.
20 верасьня ідэнтыфікаваныя два самалёты-парушальнікі Су-30.
24 верасьня расейскі вайсковы самалёт праляцеў над нямецкім фрэгатам на нізкай вышыні і блізкай адлегласьці, што NATO расцаніла як небясьпечны інцыдэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эстонія часова зачыніла памежную дарогу пасьля расейскай правакацыі з жаўнерамі