Два расейскія самалёты з Калінінградзкай вобласьці заляцелі ў паветраную прастору Літвы, паведаміла Літоўскае войска. У адказ былі паднятыя зьнішчальнікі місіі паветранай паліцыі NATO.
23 кастрычніка каля 18-й гадзіны расейскі зьнішчальнік Су-30 і запраўшчык Іл-78 заляцелі з Калінінградзкай вобласьці на тэрыторыю Літвы каля Кібартай.
Яны былі ў паветранай прасторы Літвы каля 18 сэкундаў на глыбіні каля 700 мэтраў.
Верагодна, яны практыкаваліся ў дазапраўцы ў паветры.
У адказ на інцыдэнт у паветра былі паднятыя два зьнішчальнікі Eurofighter Typhoon вайскова-паветраных сілаў Гішпаніі, якія выконваюць місію паветранай паліцыі NATO.
Храналёгія апошніх інцыдэнтаў з расейскімі самалётамі
13 траўня зьнішчальнік Су-35 без дазволу перасёк паветраную мяжу Эстоніі. Самалёт ляцеў з выключаным транспондэрам, бяз пляну палёту і сувязі з дыспэтчарам.
22 чэрвеня транспартны самалёт Іл-76 бяз сувязі з дыспэтчарам увайшоў у паветраную прастору Эстоніі і прабыў там каля чатырох хвілін. У самалёта быў плян палёту, транспондэр быў уключаны.
7 верасьня верталёт Мі-8 без дазволу і сувязі ўвайшоў у паветраную прастору Эстоніі і прабыў там каля чатырох хвілін. Транспондэр і плян палёту адсутнічалі.
17 і 18 верасьня зафіксавалі па адным расейскім самалёце Іл-20, якія ляцелі з Калінінградзкай вобласьці на мацерыковую Расею і назад.
18 верасьня паветраную прастору парушылі два расейскія самалёты Су-30 і Су-35.
19 верасьня тры расейскія зьнішчальнікі МіГ-31 без дазволу ўвайшлі ў паветраную прастору Эстоніі.
20 верасьня ідэнтыфікаваныя два самалёты-парушальнікі Су-30.
24 верасьня расейскі вайсковы самалёт праляцеў над нямецкім фрэгатам на нізкай вышыні і блізкай адлегласьці, што NATO расцаніла як небясьпечны інцыдэнт.
Форум