Віленскі аэрапорт аднавіў працу, але літоўска-беларуская мяжа застаецца закрытай

Аэрапорт Вільні

З прычыны новага залёту ў Літву паветраных балёнаў з тэрыторыі Беларусі зь вечара 26 кастрычніка зноў не працаваў аэрапорт Вільні. Усе рэйсы адклалі ў 21:42.

Толькі а 4:30 аэрапорт аднавіў працу. Агулам за гэты час зьмены ўнесьлі ў 47 рэйсаў, што зьбіла графік для больш як 7000 пасажыраў.

Скасавалі 13 рэйсаў, 14 перанакіравалі, 20 затрымалі, піша Delfi з спасылкай на Lietuvos oro uostai.

За тыдзень Віленскі аэрапорт закрываўся чатыры разы. Шторазу гэта адбывалася праз прылёт зондаў, на якіх зь Беларусі ў Літву дастаўляюць кантрабанду. Улады Літвы раней папярэджвалі пра закрыцьцё мяжы ў разе паўтарэньня падобных падзеяў і 26 кастрычніка закрылі пераходы ў Салечніках і Медніках.

Рашэньне наконт далейшага закрыцьця ці адкрыцьця мяжы 27 кастрычніка прыме літоўская ўрадавая камісія ў пытаньнях нацыянальнай бясьпекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве заявілі, што суботні прылёт зондаў з кантрабандай зь Беларусі ня быў самым масавым


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца літоўскага ўраду пра мэтэазонды зь Беларусі: «Ніякіх перамоваў ня будзе». У МЗС Беларусі адрэагавалі