Ці чакаць беларусам дэфіцыту паліва праз рост паставак бэнзіну ў Расею? Разьбіраемся

АЗС, ілюстратыўнае фота

Падчас паліўнага крызісу ў Расеі і атак на расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) Беларусь павялічыла пастаўкі бэнзіну ў гэтую краіну. Колькі Беларусь можа прадаць бэнзіну за мяжу і колькі трэба самім беларусам? Падлічваем.

За апошні год Беларусь нарасьціла пастаўкі паліва ў Расею. Напрыклад, аб’ёмы продажу беларускага бэнзіну на Пецярбурскай біржы за першыя дзьве дэкады кастрычніка вырасьлі ў 31,7 раза ў параўнаньні з кастрычнікам 2024 году — да 24,72 тысячы тонаў. Пра гэта паведамляе расейскае выданьне «Коммерсант».

Павышаны попыт на беларускае паліва ў Расеі зьвязаны зь ягоным дэфіцытам у шэрагу рэгіёнаў і росту цэнаў на паліва.

Гэта наступствы ўкраінскіх атак на расейскія аб’екты нафтаперапрацоўчай інфраструктуры. Reuters з спасылкай на свае крыніцы паведамляе, што чыгуначныя пастаўкі беларускага бэнзіну ў Расею ў верасьні вырасьлі да 2,3 мільёна літраў у дзень. Гэта ў чатыры разы больш, чым у жніўні.

Колькі бэнзіну спажываюць беларусы і колькі можна адправіць на экспарт

Беларусы спажываюць каля 3,8 мільёна літраў бэнзіну штодня.

Два беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы — «Нафтан» і Мазырскі НПЗ — могуць перапрацоўваць да 12 мільёнаў тонаў нафты штогод. Гэта прыблізна 30,2 мільёна літраў бэнзіну ў дзень. Аднак за мінулы год загрузка была няпоўнай — перапрацавалі каля 15 мільёнаў тон, гэта значыць прыкладна 19,1 мільёна літраў бэнзіну ў дзень, бо ператвараецца ў бэнзін ня ўся нафта, а толькі каля 40%.

Калі ўлічыць патрэбы беларускага рынку, то на экспарт застаецца каля 15,3 мільёна літраў у дзень. Расея ж у мінулым месяцы купляла толькі 2,3 мільёна літраў, ці прыкладна 15% ад магчымага экспарту пры цяперашніх магутнасьцях беларускіх НПЗ, а яны ня цалкам загружаныя. Пры поўнай загрузцы бяз шкоды для ўнутранага рынку Беларусь можа адпраўляць да 26,4 мільёна літраў бэнзіну.

У Расеі агулам спажываюць каля 134,5 мільёна літраў бэнзіну на дзень, а значыць, у выпадку чаго беларускі бок ніяк ня зможа закрыць усіх іхных патрэбаў — ці з стратамі для ўнутранага рынку, ці бязь іх.

Магутнасьці беларускіх НПЗ бяз страты для беларускага рынку могуць пакрыць толькі да 19% патрэбаў для расейскага боку. Аднак пры поўнай загрузцы працаваць амаль немагчыма. Пра гэта кажа кіраўнік праекту «Кошт ураду» Уладзімер Кавалкін:

Уладзімер Кавалкін

«На 100% заводы загрузіць няма як — будзе падаць эфэктыўнасьць, магчымыя паломкі. Цалкам пакрыць расейскі рынак беларускія НПЗ проста ня змогуць. Можна крыху дадаткова загрузіць беларускія НПЗ і паставіць бэнзіну ў Расею больш, чым цяпер».

Бэнзін у Беларусі цяпер даражэйшы, чым у Расеі. Сярэдняя цана маркі АІ-92 у Расеі цяпер 61 расейскі рубель 70 капеек, ці 2 беларускія рублі 26 капеек. У Беларусі гэтая ж марка каштуе 2 рублі 50 капеек.

Паводле Ўладзімера Кавалкіна, улады Беларусі паспрабуюць зарабіць як мага больш на экспарце бэнзіну ў Расею.

«Лукашэнка і ягоныя гаманцы будуць спрабаваць зарабіць максымальна. Будзе сытуацыя, калі яны будуць намагацца загрузіць вытворчасьць і вывозіць бэнзін, пакуль на беларускім рынку не пачнецца дэфіцыт. Калі ён пачнецца, то пастаўкі пачнуць скарачаць. Калі ж і будзе дэфіцыт на беларускім рынку, ён будзе лякальны і нязначны», — гаворыць суразмоўца.

Да ўводу санкцыяў Беларусь была буйным экспартэрам нафтапрадуктаў. Напрыклад, у 2020 годзе на экспарт пайшло 8,4 мільёна тонаў нафтапрадуктаў на 2,7 мільярда даляраў. Потым улады Беларусі закрылі гэтую статыстыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля загаду Лукашэнкі прайшлі рэйды міліцыі на АЗС. Чэргаў там няма, «Беларуснафта» стварыла сацыяльныя ролікі

Што з палівам на запраўках цяпер

16 кастрычніка Лукашэнка абурыўся чэргамі на запраўках. Маўляў, людзі там п’юць каву, а іншыя ня могуць праехаць і заправіцца. Гэтае пытаньне кінулася разьвязваць міліцыя. У ДАІ нават зьбіралі нараду з кіраўнікамі заправак.

Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла з некалькімі аўтааматарамі ў Беларусі. Паводле іх, праблемаў з палівам цяпер няма, як няма і чэргаў па яго.

«Няма праблемаў з палівам. Выглядае, магутнасьцяў беларускіх НПЗ досыць, каб і беларускі рынак забясьпечваць, і на экспарт адпраўляць», — падзяліўся думкамі адзін з кіроўцаў.

Іншы кіроўца адзначыў, што чэргі на запраўках бываюць перад выходнымі, бо людзі сапраўды купляюць там каву і ежу.

«Гэта стандартная праблема на запраўках пры выезьдзе з гораду ў пятніцу—суботу: народ становіцца да калонкі, ідзе плаціць за бэнзін, па дарозе бярэ хот-догі і каву, стаяць, чакаюць, пакуль ім прыгатуюць, — а ты ў выніку стаіш у чарзе за імі», — прыводзіць прыклад суразмоўца.

Аднак масава на такую праблему суразмоўцы не скардзіліся, гэта адзінкавыя выпадкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусі эканамічна нявыгадна пастаўляць увесь бэнзін у Расею, — эканамічны аглядальнік Махоўскі