Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля загаду Лукашэнкі прайшлі рэйды міліцыі на АЗС. Чэргаў там няма, «Беларуснафта» стварыла сацыяльныя ролікі


Міліцэйскі рэйд супраць чэргаў на АЗС 16 кастрычніка 2025
Міліцэйскі рэйд супраць чэргаў на АЗС 16 кастрычніка 2025

Аляксандар Лукашэнка 16 кастрычніка запатрабаваў тэрмінова навесьці парадак на беларускіх аўтамабільных запраўках праз тое, што там сталі ўтварацца нібыта вялікія чэргі. Але не за палівам, а за кавай.

Празь некалькі гадзін для вырашэньня праблемы з чэргамі за кавай міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў сабраў тэрміновую нараду — яе вынікам стала даручэньне стварыць рэйдавыя групы для маніторынгу за сытуацыяй.

Увечары дзяржаўныя СМІ адрапартавалі, што такія групы ўжо зьявіліся на запраўках, а АЗС «Беларуснафта» тэрмінова зрабіла сацыяльныя ролікі.

Рэйдавыя групы пачалі працаваць з апярэджваньнем графіку

Рэйдавыя групы, якія зьбіраліся стварыць з супрацоўнікаў міліцыі грамадзкай бясьпекі і ДАІ, павінны былі пачаць сваю працу 20 кастрычніка. Аднак, як вынікае з рэпартажу дзяржаўнага тэлеканалу СТБ, ДАІ датэрмінова пачала сваю працу. Паведамілі, што для кантролю за тымі, хто «некарэктна» паркуе свае аўтамабілі на запраўках будуць назіраць і праз Рэспубліканскую сыстэму маніторынгу грамадзкай бясьпекі, то бок пры дапамозе відэакамэр.

У той жа час у відэаматэрыяле не заўважныя чэргі.

На АЗС у Магілёўскай вобласьці чаргі няма
На АЗС у Магілёўскай вобласьці чаргі няма

Аналягічная сытуацыя і ў Магілёве. Абласное выданьне Mogilevnews.by паведаміла, што супрацоўнікі ДАІ вобласьці ўжо пачалі праверкі АЭС «на выкананьне даручэньняў» Аляксандра Лукашэнкі і Івана Кубракова.

«Інспэктары ў часе нясеньня службы наведваюць АЗС, разьмешчаныя па маршрутах патруляваньня, ацэньваюць абстаноўку з пункту гледжаньня дарожнай бясьпекі і папярэджаньня ўскладненьня руху. Пры выяўленьні парушэньня прымаюць апэратыўныя меры рэагаваньня», — адзначыла выданьне.

Аднак інфармацыя аб колькасьці такіх парушэньняў у публікацыі адсутнічае.

У іншых абласьцях на момант публікацыі пакуль не паказвалі, як працуюць рэйдавыя групы.

«Заправіліся — вызваліце калёнку для іншых!» Як адрэагавалі сеткі АЗС

На старонцы АЗС «Беларуснафта» ў Instagram ужо ўвечары 16 кастрычніка зьявіліся два сацыяльныя ролікі, у якіх аўтамабілістаў заклікалі паважаць адзін аднаго, а пасьля запраўкі спачатку ставіць машыну на паркоўку, а толькі потым ісьці па каву.

«Так вы зможаце спакойна паесьці, а іншыя кіроўцы ня будуць стаяць у чэргах», — адзначаецца ў апублікаваных допісах.

Скрыншот з сацыяльнага роліка АЗС «Беларуснафта», 16 кастрычніка 2025
Скрыншот з сацыяльнага роліка АЗС «Беларуснафта», 16 кастрычніка 2025

Карыстальнікі пад гэтымі публікацыямі зьдзіўляюцца:

«Няўжо на ўзроўні сетак АЗС гэтае пытаньне нельга было вырашыць? Патрэбна абавязкова магутна, на ўсю краіну, зь міліцыяй?».

Іншыя заўважылі, што апошнія два тыдні на запраўках гучаць абвесткі з просьбай да аўтамабілістаў перапаркоўваць машыны пасьля запраўкі. Іншыя прапаноўваюць разьдзяліць касы на тыя, у якіх аплочваюць ежу і каву, і тыя, дзе можна разьлічыцца за аўтамабільнае паліва.

У сеткі АЗС «Лукойл Беларусь» няма старонкі ў Instagram. На яе сайце тэма чэргаў увогуле адсутнічае.

Сетка заправак А-100 таксама пакуль не адрэагавала на кампанію супраць чэргаў за кавай. На апошніх некалькіх допісах на старонцы ў Instagram кампанія наадварот рэклямуе свае кавярні і прапануе за кожны кубачак кавы балы для зьніжкі на ежу, тавары і паліва.

Сетка АЗС «Газпромнефть» у Беларусі, як і А-100, таксама заклікае кіроўцаў больш актыўна карыстацца паслугамі кавярні, каб атрымаць дадатковыя бонусы. На запраўках гэтай сеткі да 31 кастрычніка дзейнічае акцыя «Кававы буст» — за пяць набытых кубкаў кавы абяцаюць вярнуць вартасьць аднаго зь іх баламі для зьніжкі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG