Экспэрты ў галіне мэдыцыны разам зь юрыстамі, эканамістамі і праваабаронцамі абмеркавалі, якія рэформы патрэбныя сыстэме аховы здароўя ў Беларусі.
Падставай для аналізу і абмеркаваньня стаў праект Кодэксу аб ахове здароўя, які ў 2024 годзе быў прапанаваны для абмеркаваньня ў Беларусі, але дагэтуль не прыняты.
Юрыст Уладзімер Пыльчанка патлумачыў: абмеркаваньню далі два месяцы, потым працягнулі яшчэ на столькі ж у пачатку 2025 году, але ў выніку ў Палату прадстаўнікоў праект гэтак і не патрапіў і што зь ім адбываецца — невядома.
«Між тым дакумэнт вельмі важны, ад яго будзе залежыць здароўе жыхароў усёй краіны», — кажа юрыст.
Паводле дзіцячага псыхоляга Вольгі Вялічкі, якая прадстаўляе «Лекары за праўду і справядлівасьць», падрыхтаваныя прапановы ініцыятыва накіруе ў Міністэрства здароўя Беларусі.
«Нам могуць не адказаць, маўляў, мы ж за мяжой, уцекачы. Але мы ня лічым сябе апанэнтамі Мінздароўя. Хаця ў палітычных пытаньнях мы па розныя бакі, але ў адной камандзе ў пытаньні пра тое, каб у Беларусі была нармальная эўрапейская сыстэма аховы здароўя. Мы за працяг грамадзкага дыялёгу ў гэтым пытаньні», — сказала на адкрыцьці канфэрэнцыі Вольга Вялічка.
«Не рэформа сыстэмы аховы здароўя, а кадыфікацыя»
«З прадстаўленага праекту Кодэксу аб ахове здароўя бачна, што дзяржава ня хоча мяняць сыстэму, а проста сабрала ў адзін збор дзейныя законы і падзаконныя акты з галіны мэдыцыны. Ня кажучы пра тэхнічныя хібы і няпэўнасьць некаторых фармулёвак, ёсьць шмат прынцыповых рэчаў, якія не палепшаныя, а наадварот. У тым ліку шмат што ідэалягізавана, што зусім не на карысьць ахове здароўя», — мяркуе яшчэ адзін экспэрт юрыст Яўген Пыльчанка.
Экспэрт пазнаёміў удзельнікаў канфэрэнцыі з падрыхтаванымі прапановамі ў Кодэкс.
Аборты ў дзяржаўных і недзяржаўных клініках
На сёньня дазвол на аборты ў недзяржаўных клініках існуе, але толькі да тэрміну цяжарнасьці 12 тыдняў. Калі ёсьць пэўныя мэдычныя паказчыкі, аборты дазволеныя толькі ў дзяржаўных клініках. Паводле праекту Кодэксу аб ахове здароўя, перапыненьне цяжарнасьці па сацыяльных паказчыках (калі жанчына пазбаўлена бацькоўскіх правоў) або зацяжарыла ў выніку згвалтаваньня, будзе дазволена толькі дзяржаўным клінікам.
З гэтым нязгодны экспэрты ўстановы «Лекары за праўду і справядлівасьць». Яны за тое, каб такія апэрацыі рабілі і ў недзяржаўных мэдычных установах.
Таксама прапануецца перадабортнае псыхалягічнае кансультаваньне зрабіць з абавязковага добраахвотным. Паводле досьведу экспэртаў, часта абавязковае кансультаваньне дае магчымасьць ціснуць на цяжарную жанчыну і гэтак прымусіць яе пагадзіцца на цяжарнасьць.
«Пакуль у нас псыхалягічная дапамога не добраахвотная, а абавязковая. А мы настойваем на тым, каб жанчына сама вырашала, патрэбна ёй гэтыя „тры дні цішыні“ ці не. У нас дзяржава імкнецца браць пад кантроль усё, у тым ліку і нараджальнасьць», — мяркуе псыхоляг Вольга Вялічка.
Адміністрацыйныя захады дзейнічаюць, пацьвердзіла юрыст Тацяна Лішанкова і прывяла ў прыклад Лагойскі раён, дзе, па яе зьвестках, абортаў у любой форме ня робяць ужо больш за 5 гадоў.
Таксама экспэрты прапануюць выключыць з «сацыяльных падстаў» для спыненьня цяжарнасьці судовае рашэньне аб пазбаўленьні бацькоўскіх правоў, а таксама зьняць некаторыя іншыя абмежаваньні.
«Дзяржава мае выбіраць іншыя інструмэнты дзеля таго, каб жанчыны больш нараджалі, але ня ўводзіць абмежаваньні ці фактычную забарону на аборты», — мяркуе Вольга Вялічка.
Стэрылізацыя
Новы Кодэкс аб ахове здароўя адназначна пакідае такія апэрацыі толькі за дзяржаўнымі клінікамі. Мэдыкі прапануюць дазволіць праводзіць такія апэрацыі ня толькі ў дзяржаўных, але і ў прыватных арганізацыях аховы здароўя. Між тым як і ў пытаньні абортаў пацыенты часта скардзяцца на тое, што ў дзяржаўнай клініцы ім не забясьпечылі прыватнасьць такіх апэрацый.
Фота і відэаздымка
Паводле новага Кодэксу права пацыента на фота і відэаздымку ў арганізацыях аховы здароўя можна будзе рэалізаваць толькі з дазволу адміністрацыі ўстановы. Але экспэрты апасаюцца, што мэдыцынскія чыноўнікі гэта забюракратызуюць і па факце здымкі, прыкладам мэдычнай карты, будуць забароненыя. Грамадзкія экспэрты прапануюць толькі пэўна азначаныя абмежаваньні. Прыкладам, забарона здымкаў у пэўных месцах, альбо калі такая здымка парушае мэдычную таямніцу іншых асобаў, але ў астатнім — дазвол.
Аб’яднаньні пацыентаў
Экспэрты прапануюць дапусьціць прадстаўнікоў грамадзкасьці да некаторых мэдычных мерапрыемстваў, якія пакуль манапалізавалі дзяржаўныя ўстановы. Прыкладам, да распрацоўкі клінічных пратаколаў, альбо распрацоўкі парадку аказаньня мэдычнай дапамогі.
«Сярод такіх прадстаўнікоў грамадзкасьці мусяць быць і аб’яднаньні пацыентаў — у гэтым зацікаўленыя і мы, лекары, бо іх парады пойдуць на карысьць ахове здароўя», — мяркуе экспэрт.
Незалежныя прафсаюзы і камітэт па біяэтыцы
Паводле дзейных законаў і прапанаванага Мінздароўя праекту Кодэксу ў сыстэме аховы здароўя дзейнічае толькі адзін, дзяржаўны прафсаюз. Экспэрты ў гэтым пытаньні адзінадушныя — мусяць зьявіцца і незалежныя прафсаюзы, інакш немагчыма будзе забясьпечыць правы розных катэгорый мэдыцыны. У тым ліку беларускія мэдыкі павінны мець права на страйк, мяркуюць незалежныя экспэрты. Таксама замест адзінага органа, камітэта па біяэтыцы, які ўтварае Мінздароўя, прапануецца стварыць некалькі камісій на базе чатырох дзейных у краіне мэдычных ВНУ.
Дзейнасьць ІП у мэдыцыне
Праект Кодэксу аб ахове здароўя выключае індывідуальных прадпрымальнікаў з фармацэўтычнай дзейнасьці. Экспэрты з ініцыятывы «Лекары за праўду і справядлівасьць» лічаць гэта ня толькі дыскрымінацыяй, але і непрадуманым рашэньнем, якое звужае магчымасьці фармакалёгіі ў аказаньні паслуг насельніцтву.
У якой паліклініцы лячыцца?
Важным пытаньнем застаецца такое: у якой паліклініцы стаяць на мэдычным уліку? Экспэрты папануюць дазволіць людзям самім выбіраць арганізацыю аховы здароўя, у якой яны будуць на ўліку.
«Жыцьцё становіцца ўсё больш мабільным, а цяперашнія тэрытарыяльныя нормы аказаньня мэдычных паслугаў не адпавядаюць часу», — мяркуе экспэрт Уладзімер Пыльчанка.
Рэкамэндацыі па зьменах у праект Кодэксу аб ахове здароўя, падрыхтаваныя экспэртамі ўстановы «Лекары за праўду і справядлівасьць», цягам двух тыдняў будуць накіраваныя ў Мінздароўя Беларусі.
«Беларусь губляе праз утрыманьне палітвязьняў дзясяткі мільёнаў даляраў», — экспэрт
На канфэрэнцыі эканаміст Леў Львоўскі прааналізаваў эканамічныя і дэмаграфічныя страты Беларусі праз яе пэнітэнцыярную сыстэму.
Паводле эканаміста, утрыманьне кожнага асуджанага да зьняволеньня абыходзіцца бюджэту Беларусі штогод у 3-5 тысяч даляраў. У Беларусі больш за 33 тысячы вязьняў, паводле гэтага паказьніка на сто тысяч жыхароў Беларусь — найгоршая ў Эўропе, адзначыў экспэрт.
Львоўскі зьвярнуў асаблівую ўвагу на палітвязьняў як групу зьняволеных.
«Гэтыя людзі выключаны з жыцьця, але гэта і праблема краіны. Па маіх падліках 3-4% з тых дзяцей, якія маглі б, але не нарадзіліся ў Беларусі, складаюць ненароджаныя ад палітвязьняў. Ускосных наступстваў таксама шмат. Гэтыя людзі ня ўдзельнічаюць у сацыяльным жыцьці, яны самі сыходзяць з жыцьця — у турмах сьмяротнасьць у тры разы вышэйшая».
Паводле Львоўскага, праз палітвязьняў з краіны вялікая эміграцыя, і санкцыі шмат у чым зьвязана з наяўнасьцю палітвязьняў. У зоне рызыкі таксама апынуліся сем’і, дзеці палітвязьняў. У іх горшае жыцьцё, зьніжаюцца ўсе паказьнікі росту і разьвіцьця, — мяркуе экспэрт і прапануе дзяржаве вырашыць гэтае пытаньне як мага хутчэй.
«Раім максымальна зьменшыць колькасьць асуджаных да няволі, а наяўнасьць больш за тысячы палітвязьняў — гэта ўвогуле абсурд: з палітычных, дэмаграфічных, эканамічных меркаваньняў. Краіна праз гэта цярпіць дарэмныя страты на дзясяткі мільёнаў рублёў», — мяркуе эканаміст Леў Львоўскі.
З дакладамі на канфэрэнцыі выступілі таксама лекар Павал Перапёлкін, адвакат Алена Шынкарэвіч, юрыст Тацяна Лішанкова і былы турэмны лекар Васіль Завадзкі.
Форум