Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва часова аднавіла ахову Ціханоўскай, — яе дарадца ў дыпляматычных пытаньнях


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у дыпляматычных пытаньнях Дзяніс Кучынскі паведаміў, Літва часова аднавіла ахову на ўзроўні Службы аховы кіраўніцтва, пакуль ствараецца новая сыстэма бясьпекі, перадае LRT.

Офіс Ціханоўскай таксама аднавіў працу.

«Незалежна ад абставін і рашэньняў Літвы, беларусы заўжды будуць удзячныя гэтай краіне за падтрымку нашай барацьбы і за тое, што яна прымае беларусаў. Нашая задача — вярнуць свабоду Беларусі, вярнуцца дадому і быць надзейным суседам для Літвы», — дадаў Кучынскі.

1 кастрычніка Літва вырашыла зьнізіць узровень фізычнай аховы Сьвятланы Ціханоўскай, якая жыве ў Вільні, перадаўшы гэтую задачу крымінальнай паліцыі, якое адказвае за абарону асоб, што знаходзяцца пад патэнцыйнай пагрозай, але не на ўзроўні кіраўніцтва дзяржавы.

За Ціханоўскай захоўваўся статус госьці ўраду, а за Офісам — акрэдытацыя ў Літве.

Супрацоўнікі Офісу перайшлі на дыстанцыйную працу.

Прадстаўнікі літоўскага ўраду называлі зьніжэньне ўзроўню аховы тэхнічным, а не палітычным рашэньнем.

Паводле зьвестак LRT, прэзыдэнт Літвы актыўна выступаў супраць памяншэньня аховы Ціханоўскай.

«Для нас важна, каб Літва заставалася лідэрам, які падтрымлівае дэмакратычныя каштоўнасьці і займае цьвёрдую пазыцыю ў дачыненьні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Прэзыдэнтка Ціханоўская вельмі ўдзячная прэзыдэнту Гітанасу Наўседу за ягоную прынцыповую і пасьлядоўную пазыцыю», — заявіў Дзяніс Кучынскі.

Паводле неафіцыйных зьвестак, ранейшае рашэньне Літвы пра зьніжэньне ўзроўню аховы не было ўспрынята з энтузіязмам Ціханоўскай і яе калегамі. Хадзілі чуткі, што Дэмакратычнае прадстаўніцтва беларусаў разглядала магчымасьць пераносу дзейнасьці ў Польшчу, аднак гэтая інфармацыя афіцыйна не пацьверджана, піша LRT.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG