Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьне ў Швайцарыі, крымінальная справа ў Латвіі — наступствы нападу расейсамоўнага пасажыра на ўкраінска-беларускую сям'ю

абноўлена

Скрыншоты з відэа, якое запісала Алена Дуднік, калі на яе сям'ю нападаў агрэсіўны мужчына
Скрыншоты з відэа, якое запісала Алена Дуднік, калі на яе сям'ю нападаў агрэсіўны мужчына

Швайцарская паліцыя затрымала расейскамоўнага мужчыну пасьля таго, як ён напаў на сямейную пару беларуса і ўкраінкі ў цягніку з Інтэрлакена ў Шпіц 13 кастрычніка, паведаміла выданьне Kyev Post.

Паводле мэдыя паліцыя кантона Берн пацьвердзіла інцыдэнт і паведаміла, што грамадзянін Латвуіі Аляксакндар Вабікс быў затрыманы, пры гэтым улады адзначылі, што ён ня мае швайцарскага грамадзянства.

Паводле паведамленьняў украінскіх СМІ і сацыяльных сетак, Вабікс раней пагражаў іншым жанчынам фізычным гвалтам і сэксуальнымі дамаганьнямі. Яго партнэрка — украінка з Адэсы, якая мае статус уцякачкі ў Швайцарыі.

Kyev Post спасылаецца на адкрытыя крыніцы інфармацыі, у тым ліку прааект Molfar, якія паведамляюць, што Вабікс мае досьвед агрэсіўных паводзін у адносінах да носьбітаў украінскай мовы. Ён публікаваў фатаграфіі ў футболцы з надпісам «Расея ў маім сэрцы» і з татуіроўкай матрошкай на руцэ.

Паведамляецца, што Вабікс вучыўся ў London College of Computing and Management Sciences, у Canterbury Christ Church University, а таксама, як паведамляецца, працаваў кухарам. Швайцарскія ўлады заявілі, што расьсьледуюць гэтую справу.

Крымінальная справа ў Латвіі

Служба дзяржаўнай бясьпекі Латвіі 17 кастрычніка распачала крымінальны працэс супраць грамадзяніна Латвіі, які ў цягніку ў Швайцарыі напаў на сям’ю за ўкраінскую мову, паведамляе ведамства.

Справа распачата ў адпаведнасьці з часткай трэцяй артыкула 78 Крымінальнага кодэксу Латвіі — за дзеяньні, накіраваныя на распальваньне нацыянальнай і этнічнай варожасьці і варажнечы супраць украінцаў, зьвязаныя з гвалтам і пагрозамі.

Што адбылося

Агрэсіўны расейскамоўны мужчына напаў на сямейную пару беларуса і ўкраінкі ў цягніку ў Швайцарыі з-за пачутай украінскай мовы, а пасьля сам жа напісаў на іх заяву ў паліцыю.

Сям'я Алена Дуднік і Габрыель Шароў з малым дзіцём ехалі ў цягніку Інтэлякен — Шпіц (Швайцарыя), калі расейскамоўны мужчына, які сядзеў па суседзтве, пачаў агрэсіўна чапляцца да іх. Яго абурыла ўкраінская мова. Алена — украінка, яе муж нарадзіўся і вырас у сям'і беларусаў у Швайцарыі. Алена размаўляла на ўкраінскай мове. Калі мужчына пачаў кідацца на пару, Алена запісала інцыдэнт на відэа.

Расейскамоўны мужчына лаяўся матам, не саромеўся ў выразах. Казаў: «Я рускі чалавек, мы вас усіх забіваць будзем, і цябе. І цябе, і цябе», паказваючы пальцам на сям’ю.

Пасьля ён чапляўся да Габрыэля і пытаўся, «чаму ты не ў акопе», патрабаваў паказаць швайцарскі пашпарт і выказваў адкрытую падтрымку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне.

Што расказаў муж Алены

Свабода зьвязалася з мужам Алены, каб падрабязьней распытаць пра інцыдэнт. Выявілася, што ў Габрыеля беларускія карані: ягоныя бацькі пераехалі ў Швайцарыю ў 90-ыя гады.

Габрыель Шароў
Габрыель Шароў

«Мы ехалі на цягніку, зайшлі ў вагон, паставілі вазок, сын у мяне быў на руках, я пачаў шукаць месца, каб сесьці. Пасьля мы селі, жонка папрасіла мяне па-ўкраінску нешта ўзяць. Ён гэта пачуў і пачаў сварыцца нецэнзурнай лаянкай. Жонка адразу ўключыла тэлефон і пачала здымаць. Я гаварыў на „Вы“, намагаўся яго супакоіць, паказваў яму, што там шмат турыстаў, ёсьць дзеці. Ён выбіў тэлефон з рук у жонкі, устаў і я зрэагаваў — адштурхнуў яго. Жонка з дзіцём адышлі далей, а я не стрымаўся і пару раз даў па шыі», — расказвае Габрыель.

Іншыя пасажыры, а таксама Габрыель выклікалі паліцыю. Агрэсар гэта зразумеў, пачаў хавацца ў цягніку. Паліцыя яго знайшла і вывела адтуль. Пасьля гэты мужчына пагражаў сям’і і патрабаваў 10 000 франкаў — альбо ён напіша заяву на Габрыеля. Цяпер ідзе разьбіральніцтва з паліцыяй, яны чакаюць матэрыял з відэакамэраў у цягніку.

«Як я зразумеў, ён напісаў заяву, што я яму нібыта нешта фізычна зрабіў. У цягніку быў поўны вагон, кітайскія турысты закрыліся ў прыбіральні з дзецьмі, там цэлы кіпіш быў», — расказвае Габрыель.

Мужчына кажа, што спрабаваў трымацца культурна.

«Я ведаю швайцарскія законы, таму я трымаўся. Я чакаў моманту, пакуль ён дакранецца, ці выб’е тэлефон. Пасьля я ўжо зрэагаваў, бо ёсьць пагроза не толькі мне, а жонцы і дзіцяці», — працягвае Габрыель.

Раней, да пачатку вайны ва Ўкраіне Габрыель езьдзіў у Беларусь, зараз для яго гэта немагчыма. Ён пазнаёміўся з жонкай на працы, дома жонка з ім гаворыць па-ўкраінску, ён — па-расейску зь ёй.

«Ён [агрэсіўны мужчына ў цягніку] падтрымлівае ўсю гэтую вайну, пуцінскі рэжым. Ён лічыць сябе расейцам, сказаў, што нас трэба забіваць. Ён зразумеў, што мая жонка — украінская ўцякачка і пачаў агрэсію. Я з такім упершыню сутыкаюся. Я працаваў з украінскімі ўцекачамі, у месцы, дзе іх прымалі, я супраць вайны, супраць расейскай агрэсіі», — гаворыць Габрыель.

Па словах Алены і Габрыеля, мужчына, які на іх кідаўся, — грамадзянін Латвіі, яго клічуць Аляксандар Вабікс.

У камэнтарах да паста ў інстаграме Алены некаторыя людзі пісалі, што таксама сутыкаліся з гэтым чалавекам і з ягонымі агрэсіўнымі дзеяньнямі.

«Хачу дадаць яшчэ ад сябе: праз тое, што відэа распаўсюдзілася ў сацыяльных сетках, гэтага мужчыну, які зьяўляецца правакатарам на відэа, пазналі вельмі многія людзі, што таксама ад яго пацярпелі. Пераважна гэта жанчыны з дзецьмі, якім ён пагражаў зьбіццём, гвалтам і фізычнай расправай. Людзі таксама падавалі на яго заявы ў паліцыю», — паведаміла Алена.

Свабода не знайшла афіцыйных згадак пра інцыдэнты з удзелам гэтага чалавека, як і яго актыўных акаўнтаў у сацыяльных сетках.

На інцыдэнт адрэагавала ўкраінскае МЗС. Прадстаўнік МЗС Георгій Ціхі назваў відэа інцыдэнту «жахлівым»: «Непрымальная мова варожасьці і міжэтнічная нянавісьць».

Украіна зьвярнулася да швайцарскіх праваахоўных органаў з просьбай расьсьледаваць інцыдэнт і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG