Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЗ упусьціць Пуціна на сваю тэрыторыю. Эўракамісія патлумачыла, чаму забарона на ўезд на яго не распаўсюджваецца


Прадстаўніца Эўрапейскай камісіі Аніта Гіпер
Прадстаўніца Эўрапейскай камісіі Аніта Гіпер

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін знаходзіцца ў санкцыйным сьпісе ЭЗ, таму яго актывы ў ЭЗ падлягаюць замарожваньню. Аднак забарона на ўезд у ЭЗ, не распаўсюджваецца на прэзыдэнта Расеі і міністра замежных спраў Расеі — пра гэта паведаміла Эўрапейская камісія 17 кастрычніка.

«Мы замарозілі актывы Пуціна і Лаўрова, але на іх не распаўсюджваецца забарона на ўезд — гэта ніколі на іх не распаўсюджвалася... На дадзены момант сустрэча (прэзыдэнтаў ЗША і Расеі ў Вугоршчыне — РС) не пацьверджана, мы ня будзем камэнтаваць гіпатэтычныя сцэнарыі, але калі яна адбудзецца, то... на іх не распаўсюджваецца забарона на ўезд», — заявіла журналістам на брыфінгу прадстаўніца Эўрапейскай камісіі Аніта Гіпер, паведамляе карэспандэнтка Радыё Свабода.

Журналісты таксама пацікавіліся, ці дазволяць самалёту з расейскай дэлегацыяй высокага ўзроўню ўвайсьці ў паветраную прастору ЭЗ, улічваючы, што яна закрытая для расейскай грамадзянскай авіяцыі, у тым ліку чартарных рэйсаў, з прычыны санкцый. У Эўрапейскай камісіі паведамілі, што гэты пункт — на разгляд асобных дзяржаў-чальцоў ЭЗ.

«...дзяржавы-чальцы ЭЗ могуць дазваляць гэтыя адхіленьні, але рашэньне па гэтым пытаньні павінны прымаць дзяржавы-чальцы індывідуальны», — сказала Гіпер.

Галоўная прадстаўніца Эўрапейскай камісіі Паўла Пінью, камэнтуючы чаканьні ад магчымага саміту Трампа і Пуціна ў цэлым, падкрэсьліла, што «прэзыдэнтка Ўрсуля фон дэр Ляен вітае любыя крокі, якія вядуць да справядлівага і трывалага міру ва Ўкраіне».

«Калі прапанаваная сустрэча служыць гэтай мэце, мы будзем яе вітаць... Вы чулі, як мы шмат разоў казалі, што Расеі даўно пара спыніць сваю бессэнсоўную і незаконную вайну агрэсіі супраць Украіны. З боку ЭЗ мы прымаем усе магчымыя меры для падтрымкі Ўкраіны, а таксама для аслабленьня здольнасьці Расеі весьці вайну», — падсумавала яна.

Тым часам прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан 17 кастрычніка пасьля размовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным заявіў, што падрыхтоўка да саміту паміж Пуціным і прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам у Будапэшце ўжо ідзе.

Выбар Будапэшта для магчымай будучай сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Расеі дапамог бы абыйсьці ордэр на арышт Пуціна, выдадзены Міжнародным крымінальным судом, бо Вугоршчына раней абвясьціла аб выхадзе з МКС.

  • У мінулым годзе міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў наведаў Мальту, члена ЭЗ, для ўдзелу ў сустрэчы міністраў АБСЭ. Мальта раней адклікала візу прэс-сакратаркі МЗС Расеі Марыі Захаравай.
  • Каб дабрацца да Вугоршчыны з Расеі, самалёт павінен праляцець праз паветраную прастору хаця б адной з наступных краін: Латвіі, Літвы, Эстоніі, Польшчы, Славакіі, Румыніі або Баўгарыі — усіх членаў ЭЗ і NATO — або Ўкраіны, паветраная прастора якой закрытая для грамадзянскіх рэйсаў з прычыны вайны.
  • Адзіным тэарэтычным маршрутам за межамі ЭЗ будзе вялікая пятля праз Чорнае мора і Турэччыну, якая вядзе на поўнач у Вугоршчыну. Але нават гэта запатрабуе каардынацыі з паветранымі калідорамі, якія кантралююцца NATO.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG