Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы адпусьцілі падазраванага ў падрыве «Паўночнага патоку»


Украінец Уладзімір Жураўлёў (стаіць) падчас суду ў Варшаве 17 кастрычніка 2025 году
Украінец Уладзімір Жураўлёў (стаіць) падчас суду ў Варшаве 17 кастрычніка 2025 году

Акруговы суд у Варшаве адмовіўся выдаць Нямеччыне ўкраінца Ўладзіміра Жураўлёва, якога падазраюць у падрыве газаправода Nord Stream.

Яго вызвалілі з-пад арышту

Паводле судзьдзі, нямецкі бок перадаў толькі фармальныя зьвесткі, якія «можна зьмясьціць на адным аркушы А4», бяз доказаў датычнасьці да выбухаў. Таму польскі суд ня мае падстаў для экстрадыцыі і не разглядаў пытаньне віны ці невінаватасьці, паведаміла polskieradio24.pl.

Затрымалі 49-гадовага Ўладзіміра Жураўлёва 30 верасьня ў горадзе Прушкаве пад Варшавай. Падставай стаў ордэр на арышт, выдадзены Нямеччынай 18 жніўня. Раней у Польшчы ўжо спрабавалі затрымаць аднаго з падазраваных, але ён схаваўся ад паліцыянтаў на аўтамабілі ўкраінскага вайсковага аташэ.

Жураўлёў быў другім затрыманым у гэтай справе.

7 кастрычніка прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што Польшча не зацікаўленая ў экстрадыцыі затрыманага ўкраінца Нямеччыне і адзначыў, што ніводзін польскі ўрад не падтрымаў будаўніцтва гэтага газаправода.

«Праблема для Эўропы, Украіны, Літвы і Польшчы ня ў тым, што „Паўночны паток — 2“ быў узарваны, а ў тым, што ён быў пабудаваны», — падкрэсьліў Туск.

На гэтым жа тыдні ў сераду, 15 кастрычніка, касацыйны суд у Італіі скасаваў рашэньне аб экстрадыцыі ў Нямеччыну іншага ўкраінца, якога падазраюць у каардынацыі падрыву «Паўночных патокаў». Але яго чакае яшчэ адзін судовы разгляд.

Пра затрыманьне ў Італіі грамадзяніна Ўкраіны Сяргея К. стала вядома 21 жніўня. Сяргей К. стаў першым арыштаваным у справе аб дывэрсіі на «Паўночным патоку». У Нямеччыне супраць яго выставілі шэраг абвінавачваньняў, у тым ліку тэрарызм. У судзе ён вінаватым сябе не прызнаў.

16 верасьня суд першай інстанцыі пастанавіў выдаць яго Нямеччыне. 17 кастрычніка апэляцыйны суд адмяніў гэтае рашэньне.

Афіцыйны Кіеў сваё дачыненьне да падрыву газаправодаў адмаўляе. Аднак паводле нямецкіх СМІ гэтую атаку ўчыніла група ўкраінцаў. Паводле выданьняў, Уладзімір Ж. быў адным з чатырох вадалазаў, якія закладвалі выбухоўку, а Сяргей К. каардынаваў апэрацыю. Вядома таксама, што ў камандзе была жанчына, а адзін зь меркаваных удзельнікаў загінуў на фронце.

Выбухі на абодвух газаправодах «Паўночны паток», што вядуць з Расеі ў Нямеччыну, адбыліся ў ноч на 26 верасьня 2022 году каля дацкага вострава Борнхальм у Балтыйскім моры.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG