Як адзначаецца, Віньніцкі «наўмысна пазбавіў жыцьця ня менш як 403 чалавек, у тым ліку ня менш як 146 дзяцей, у тым ліку цяжарных жанчын, малалетніх, пажылых і грамадзян, што былі ў бездапаможным стане».
Яму інкрымінавалі арт. 127 Крымінальнага кодэкса (генацыд).
Паводле даных Генпракуратуры, Віньніцкі быў камандзірам першай роты 118-га паліцэйскага батальёна, які падчас акупацыі БССР праводзіў карныя апэрацыі на тэрыторыі Менскай, Віцебскай і Горадзенскай абласьцей. Пасьля вайны жыў у Канадзе, і да адказнасьці яго прыцягнуць не ўдалося, нягледзячы на шматлікія запыты з боку СССР. Ён памёр у 1997 годзе.
У 2021 годзе быў прыняты закон «Аб генацыдзе беларускага народа» (у красавіку таго ж года была распачатая крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа).
За «адмаўленьне генацыду беларускага народа» арт. 130² КК прадугледжвае адказнасьць у выглядзе 5 гадоў зьняволеньня, а за паўторнае парушэньне закона — ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
17 ліпеня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмяненьні Крымінальна-працэсуальнага кодэкса», які дазваляе прыцягваць да адказнасьці ў крымінальным парадку памерлых асоб.
- Незалежныя гісторыкі і экспэрты лічаць, што ўлады выкарыстоўваюць гэтую тэму для дыскрэдытацыі апанэнтаў. Пра гэта, у прыватнасьці, сьведчыць замест кнігі «Генацыд беларускага народа», якая выйшла пад рэдакцыяй Шведа. У ёй сьцьвярджаецца, што масавыя пратэсты супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года зьяўляюцца спробай дзяржаўнага перавароту з выкарыстаньнем нацысцкай ідэалёгіі. Акрамя таго, да генацыду фактычна прыраўнаны антысавецкі супраціў у першыя пасьляваенныя гады.
18 сакавіка 2024 года Вярхоўны суд прызнаў вінаватым паводле арт. 127 украінца Ўладзіміра Катрука, якога абвінавацілі ў спаленьні вёскі Хатынь. У сувязі зь яго сьмерцю ў 2015 годзе пакараньне не прызначалася.
30 сьнежня таго ж года ВС прызнаў вінаватым паводле арт. 127 без прызначэньня пакараньня карніка Хатыні Канстанціна Смоўскага.
28 сакавіка 2025 года ВС прызнаў памерлага ў Вялікабрытаніі ў 1997 годзе Сямёна Серафімовіча вінаватым паводле арт. 127.
Паведамлялася, што да канца 2025 года ў Вярхоўны суд «для разгляду пытаньня аб падсуднасьці» накіруюць «ня менш за тры крымінальныя справы ў дачыненьні да карнікаў», а ў 2026 годзе плянуецца перадаць у ВС яшчэ каля 10–15 такіх спраў.
Форум