Ціханоўская заклікала не спыняць пасажырскі рух празь беларуска-літоўскую мяжу

Сьвятлана Ціханоўская, ілюстрацыйнае фота.

Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Сьвятлана Ціханоўская на сваёй старонцы ў сацсетцы Х асудзіла «апошнія правакацыі Лукашэнкі супраць Літвы», зьвязаныя з залётамі ў краіну аэрастатаў зь беларускай тэрыторыі.

«Гэтыя гібрыдныя атакі, падобныя тым, што былі зьдзейсьненыя з мігрантамі, накіраваныя на праверку бясьпекі NATO і наносяць шкоду эканоміцы Літвы. Мы падтрымліваем такія санкцыі, як спыненьне транзыту тавараў, пры гэтым пакідаючы межы адкрытымі для пасажырскіх перавозак», — напісала палітык.

Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене пасьля пасяджэньня Камісіі па нацыянальнай бясьпецы, якое адбылося 27 кастрычніка, заявіла, што ў сувязі з масавымі залётамі мэтэазондаў з тэрыторыі Беларусі ўрад балтыйскай дзяржавы падрыхтаваў праект рашэньня аб закрыцьці мяжы «на нявызначаны тэрмін».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС назваў закрыцьцё Літвой мяжы зь Беларусьсю «нейкімі правакацыямі»

Паводле яе слоў, у рашэньні прадугледжаныя выключэньні: «Гэта азначае, што дыпляматы і дыпляматычная пошта змогуць перасоўвацца, а нашы грамадзяне і грамадзяне краін ЭЗ таксама змогуць уязджаць да нас з Беларусі, але ўсё астатняе перамяшчэньне будзе закрытае. Такім чынам, мы пасылаем сыгнал Беларусі і кажам, што не пацярпім тут ніякіх гібрыдных нападаў, мы прымем усе самыя строгія меры для спыненьня падобных нападаў».

Агенцтва BNS пазьней удакладніла, што, паводле слоў Рунігене, Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы падоўжыць да 29 кастрычніка рашэньне аб закрыцьці мяжы з Беларусьсю. Першапачатковае рашэньне ведамства прыняло ўвечары 26 кастрычніка на 24 гадзіны.

«Мяжа будзе закрытая, а калі казаць пра транзыт, які ажыцьцяўляецца праз беларускую мяжу (у Калінінградзкую вобласьць РФ. — „Позірк“.), я кажу пра грузавікі, то мяжа будзе закрытая цяпер ужо на нявызначаны тэрмін», — сказала прэм’ер.

Мінулай ноччу з прычыны залёту аэрастатаў у чацьвёрты раз прыпыняў працу аэрапорт у Вільні. Таксама Літва прыкладна з 22:10 закрыла абодва наземныя пункты пропуску на мяжы з Беларуссю. Апошні раз да гэтага яны зачыняліся з 22:45 25 кастрычніка да 2:00 26 кастрычніка.

Раней прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў абмежаваць транзыт з Беларусі ў Калінінградзкую вобласьць (РФ) праз залёт у краіну аэрастатаў.