Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС назваў закрыцьцё Літвой мяжы зь Беларусьсю «нейкімі правакацыямі»


Максім Рыжанкоў, архіўнае фота
Максім Рыжанкоў, архіўнае фота

«Гэта нейкія правакацыі. Калі камусьці трэба знайсьці падставу, каб сваёй рыторыкай апраўдаць нейкія дзеяньні — супраць Беларусі, супраць Расеі, урэшце і супраць сваіх грамадзян, то і шукаюцца такія падставы», — заявіў міністар замежных справаў Беларусі Максім Рыжанкоў у этэры дзяржаўнага «Першага інфармацыйнага» каналу.

«Тое, што лёталі калісьці гэтыя балёны з кантрабандай нейкіх цыгарэт, — яны ж усё жыцьцё лёталі. Ёсьць такія кантрабандысты, пэўна ж. Але, самае цікавае, што нам ніякіх нотаў не дасылалася. Самі ня могуць разабрацца, што там за балёны лёталі і якія, — яны так і не знайшлі», — сьцьвярджаў Рыжанкоў.

Ён дадаў, што літоўскім уладам трэба найперш разабрацца з тымі, хто «нажываецца» на кантрабандзе ў Літве.

«Вось разьберацеся, пераможаце ў сябе кантрабанду, і ня будзе такіх пытаньняў», — сказаў Рыжанкоў.

Ён адзначыў, што мэта гэтых «правакацыяў» — апраўданьне магчымага закрыцьця транзыту ў Калінінградзкую вобласьць або далейшых абмежаваньняў на пралёт самалётаў: «Маўляў, „вось паглядзіце, якія каля нас барбары, якія незразумела чым займаюцца“».

«Вось для гэтага ўсё і робіцца. То бок, вобразна кажучы, абгрунтаваць свайму народу дзеяньні антыбеларускага, антырасейскага характару цяжка, таму трэба панаскрабаць нейкага нэгатыву, на фоне якога напалоханы жыхар Літвы будзе ў глыбіні душы хоць і перажываць за тое, што нагнятаецца такая сытуацыя, што трэба бегчы шукаць дзесьці нейкае бамбасховішча, запасацца прадуктамі харчаваньня, але будзе падтрымліваць дзеяньні ўладаў, бо „гэта сапраўды пагроза з усходу“», — лічыць Максім Рыжанкоў.

Паводле Рыжанкова, Лукашэнка сёньня падчас сустрэчы з кардыналам Кляўдыё Гуджэроцьці сказаў, што несусьветная дурасьць — «думаць, што Беларусь ці Расея сабраліся ісьці на Парыж, Лёндан ці яшчэ кудысьці».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG