Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Менсктранс» і Ecolines пачалі скасоўваць рэйсы паміж беларускімі і літоўскімі гарадамі

абноўлена

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У сувязі з абмежаваньнем руху праз пункты пропуску на беларуска-літоўскай мяжы дзяржаўнае прадпрыемства «Менсктранс» паведаміла аб скасаваньні рэйсаў па некалькіх міжнародных маршрутах.

  • 27 кастрычніка адмяняюцца рэйсы: Менск — Рыга (адпраўленьнем у 22:00, час мясцовы); Менск — Коўна (23:30); Вільня — Менск (14:00); Коўна — Менск (13:50, 16:00, 17:30, з Вільні адпаведна — 16:00, 18:30, 20:30); Рыга — Менск (22:00).
  • 28 кастрычніка: Менск — Вільня (04:30, 08:30); Менск — Коўна (07:30, 11:00, 23:30); Менск — Рыга (22:00); Вільня — Менск (14:00); Коўна — Менск (13:50, 16:00, 17:30, з Вільні адпаведна — 16:00, 18:30, 20:30); Рыга — Менск (22.00).
  • Паведамляецца таксама аб адмене рэйса 29 кастрычніка Мінск — Вільня адпраўленьнем у 04:30.


«Пасажырам будзе забясьпечана вяртаньне поўнага кошту квіткоў за нявыкананыя рэйсы», — гаворыцца ў паведамленьні.

Перавозчыкі паведамілі пра скасаваньне дзясяткаў рэйсаў.
Прычым калі Ecolines 27 кастрычніка скасоўваў толькі рэйсы дзень у дзень, то «Менсктранс» — ужо да 29 кастрычніка.

Цяперашні рэжым працы апошняга адкрытага памежнага пераходу зь Літвой у Медніках абмежаваны такім чынам, што большасьць беларусаў ня змогуць ім скарыстацца

Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене пасьля пасяджэньня Камісіі па нацыянальнай бясьпецы, якое адбылося 27 кастрычніка, заявіла, што ў сувязі з масавымі залётамі мэтэазондаў з тэрыторыі Беларусі ўрад балтыйскай дзяржавы падрыхтаваў праект рашэньня аб закрыцьці мяжы «на нявызначаны тэрмін».

Паводле яе слоў, у рашэньні прадугледжаныя выключэньні: «Гэта азначае, што дыпляматы і дыпляматычная пошта змогуць перасоўвацца, а нашы грамадзяне і грамадзяне краін ЭЗ таксама змогуць уяжджаць да нас з Беларусі, але ўсё астатняе перамяшчэньне будзе закрытае. Такім чынам, мы пасылаем сыгнал Беларусі і кажам, што не пацярпім тут ніякіх гібрыдных нападаў, мы прымем усе самыя строгія меры для спыненьня падобных нападаў».

Агенцтва BNS пазьней удакладніла, што, паводле слоў Ругінене, Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы падоўжыць да 29 кастрычніка рашэньне аб закрыцьці мяжы з Беларусьсю. Першапачатковае рашэнне ведамства прыняло ўвечары 26 кастрычніка на 24 гадзіны.

«Мяжа будзе закрытая, а калі казаць пра транзыт, які ажыцьцяўляецца праз беларускую мяжу (у Калінінградзкую вобласьць РФ. — „Позірк“.), я кажу пра грузавікі, то мяжа будзе закрытая цяпер ужо на нявызначаны тэрмін», — сказала прэм’ер.

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы 27 кастрычніка паведаміла, што пункт пропуску Салечнікі цалкам зачынены, праз Меднікі прапускаюць"некаторыя катэгорыі асоб".

Мінулай ноччу з-за залёту аэрастатаў у чацьвёрты раз прыпыняў працу аэрапорт у Вільні. Таксама Літва прыкладна з 22:10 закрыла абодва наземныя пункты пропуску на мяжы з Беларусьсю — Меднікі (з беларускага боку Каменны Лог) і Салечнікі (Беняконі). Апошні раз да гэтага яны зачыняліся з 22:45 25 кастрычніка да 2:00 26 кастрычніка.

Раней прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа прапанаваў абмежаваць транзыт з Беларусі ў Калінінградзкую вобласьць (РФ) праз залёт у краіну аэрастатаў.

Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская заклікала Літву пакінуць межы адкрытымі для пасажырскіх перавозак.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG