Трамп аб запуску Расеяй ракеты «Буревестник»: Маскве трэба завяршыць канфлікт ва Ўкраіне, а не выпрабоўваць ракеты

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп адрэагаваў на паведамленьні аб запуску Расеяй крылатай міжкантынэнтальнай ракеты «Буревестник», здольнай несьці ядзерны зарад.

Напярэдадні Крэмль зрабіў заяву аб пасьпяховым выпрабаваньні гэтай ракеты: апрануты ў ваенную форму Пуцін кажа, што гэта «унікальны выраб, якога ў сьвеце ні ў кога няма». У Генштабе РФ у сваю чаргу заявілі, што ракета «праляцела 14 тыс. км», што азначае, што яна здольная ўразіць тэрыторыю ЗША.

Трамп, адказваючы на пытаньне журналістаў аб выпрабаваньні Расеяй гэтай крылатай ракеты, назваў словы Пуціна «недарэчнымі». Ён заявіў (цытата па CNN), што Пуціну «ня варта так казаць», а трэба завяршыць канфлікт ва Ўкраіне, які працягваецца ўжо амаль чатыры гады. «Вось што яны павінны рабіць замест таго, каб выпрабоўваць ракеты», — падкрэсьліў ён.

«Мы не гуляем у гульні», — таксама сказаў Трамп. Ён заўважыў, што ЗША таксама пастаянна выпрабоўваюць ракеты, а ля берагоў Расеі ўжо зараз знаходзіцца амэрыканская атамная падлодка, «найлепшая ў сьвеце». «І ёй ня трэба пераадольваць 8000 міль» (каля 12 тыс. км), — сказаў ён.

На пытаньне журналістаў, ці чакаюцца якія-небудзь дадатковыя санкцыі ў дачыненьні да Расеі пасьля выпрабаваньня ракеты, Трамп адказаў: «Вы пра гэта даведаецеся».

21 кастрычніка Расея, паводле заявы Крамля, правяла пасьпяховае выпрабаваньне крылатай ракеты «Буревестник» (у кадыфікацыі NATO — SSC-X-9 Skyfall) на ядзернай энэргаўстаноўцы. Пуцін сьцьвярджае, што радыюс дзеяньня ракеты «не абмежаваны», а траекторыя палёту можа быць «непрадказальнай», што нібыта робіць яе непаражальнай «як для ўсіх існуючых, так і для пэрспэктыўных сыстэм ПРА і СПА».

Папярэднія выпрабаваньні «Буревестника» у Белым моры некалькі гадоў таму скончыліся няўдачай і гібельлю некалькіх чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Reuters: Расея, імаверна, рыхтуецца да выпрабаваньняў ракеты «Буравесьнік» зь ядзернай устаноўкай