Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін заявіў, што Расея не саступіць пад санкцыямі ЗША, Трамп адказаў «паглядзім»


Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін, каляж
Дональд Трамп і Ўладзімір Пуцін, каляж

Уладзімір Пуцін назваў апошнія санкцыі ЗША «недружалюбным актам», аднак заявіў, што яны не акажуць вялікага ўплыву на расейскую эканоміку і пазыцыю Масквы ў адносінах да вайны ва Ўкраіне. Дональд Трамп адказаў: «Я рады, што ён так лічыць... Паглядзім, што з гэтага выйдзе».

Пра гэта паведамляе Euronews.

Расея не паддасца на санкцыі ЗША, якія зьяўляюцца спробай аказаць на яе ціск, заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

«Ніводная краіна, якая сябе паважае, ня робіць нічога пад ціскам», — заявіў ён.

Расейскі прэзыдэнт таксама назваў апошнія санкцыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа супраць Крамля «недружалюбным актам», які пашкодзіць адносінам Масквы і Вашынгтона.

Калі Дональда Трампа папрасілі пракамэнтаваць заяву прэзыдэнта РФ, ён адказаў:

«Што ж, я рады, што ён так лічыць... Я дам вам ведаць пра гэта праз шэсьць месяцаў. Паглядзім, што з гэтага выйдзе».

Пуцін таксама перасьцярог Вашынгтон ад продажу Ўкраіне ракет «Тамагаўк», заявіўшы, што любыя глыбокія ўдары па Расеі з дапамогай гэтай або любой іншай зброі далёкага радыюсу дзеяньні будуць сустрэтыя «разбуральным» адказам.

«Гэта спроба эскаляцыі. Але калі такой зброяй будуць наносіцца ўдары па расейскай тэрыторыі, адказ будзе вельмі сур’ёзным, калі не сказаць ашаламляльным. Няхай яны аб гэтым падумаюць», — сказаў Пуцін.

У пятніцу прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Масква аналізуе новыя санкцыі і «зразумела, мы будзем рабіць тое, што найлепшым чынам адпавядае нашым інтарэсам».

На гэтым тыдні ЗША ўвялі санкцыі супраць двух найбуйнейшых расейскіх нафтавых кампаній — «Лукойла» і «Раснафты», а ЭЗ адначасова ўхваліў свой 19-ы пакет санкцый, накіраваны супраць банкаў, энэргетычных даходаў і структураў, якія ўдзельнічаюць у абыходзе існуючых абмежаваньняў.

Пуцін усё яшчэ хоча сустрэцца з Трампам

Нягледзячы на тое, што Трамп публічна абвясьціў аб адмене сустрэчы з Пуціным, расейскі прэзыдэнт заявіў, што яна была толькі адкладзеная.

Пуцін паўтарыў, што Масква па-ранейшаму гатовая да дыялёгу.

Паводле паведамленьняў амэрыканскіх СМІ, пасланьнік Пуціна прыбыў у ЗША для перамоваў з прадстаўнікамі Белага дому.

Кірыл Дзьмітрыеў, кіраўнік Расейскага фонду нацыянальнага дабрабыту (РФПД) і спэцыяльны пасланьнік Крамля сустрэнецца з прадстаўнікамі адміністрацыі Трампа, каб працягнуць абмеркаваньне адносінаў паміж Расеяй і ЗША.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG