24 кастрычніка на сайце Беларускай дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі ў пераліку рэсурсаў абмежаванага доступу зьявілася расейская сацыяльная сетка VK.
Як вынікала з гэтай інфармацыі, расейскі рэсурс трапіў у пералік 24 кастрычніка на падставе адпаведнага прадстаўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.
Пасьля таго, як гэтую інфармацыю апублікавалі большасьць беларускіх выданьняў, Telegram-канал, які вядзе нібыта «апэратыўнік у адстаўцы» і публікуе шмат прарасейскай інфармацыі, у тым ліку і кантакты для падпісаньня кантрактаў з расейскай арміяй, паведаміў, што VK заблякавалі нібыта праз «тэхнічную памылку» і сытуацыю неўзабаве выправяць. Паводле яго, доступ да сеткі цяпер «ажыцьцяўляецца без праблемаў».
Іншыя карыстальнікі паведамлялі, што заблякаваная Desktop-вэрсія, а мабільнае прыкладаньне працягвае працаваць.
Пазьней яшчэ адзін Telegram-канал, зьвязаны зь сілавымі органамі Беларусі паведаміў, што «блякаваньне VK мае тэхнічны характар, да выпраўленьня некаторых нюансаў». У паведамленьні адзначаецца, што сетка і спасылкі на яе «не ўваходзяць у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Неўзабаве абяцаюць афіцыйны камэнтар.
Празь некалькі гадзін згадка пра абмежаваньне доступу да VK увогуле зьнікла зь пераліку Беларускай дзяржаўнай інспэкцыі па электрасувязі.
Згодна з парадкам абмежаваньня і аднаўленьня доступу да інтэрнэту і паслуг электрасувязі, які зацьвердзіў урад у верасьні, абмежаваньне доступу да інтэрнэту адбываецца на падставе адпаведных зваротаў генэральнага пракурора, кіраўніка Сьледчага камітэту, старшыні КДБ, міністра ўнутраных спраў або іншых упаўнаважаных і адказных асобаў.
Гэтыя звароты мусяць утрымліваць зьвесткі аб матэрыялах праверкі ці крымінальнай справе, падставы для абмежаваньня доступу, а таксама ідэнтыфікатар інтэрнэт-рэсурса і сеткавы порт, які таксама будуць блякаваць.
Праінфармаваць уласьніка аб абмежавальных захадах мусіць Дзяржаўная інспэкцыя па электрасувязі Міністэрства сувязі і інфарматызацыі. Доступ да сайтаў абмяжоўваюць у дзень атрыманьня звароту сілавых органаў. Пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг павіны заблякаваць рэсурсы цягам чатырох гадзін пасьля інфармацыі Дзяржаўнай інспэкцыі.
У той жа час парадак прадугледжвае і працэдуру аднаўленьня доступу, калі ўласьнік рэсурсу выправіць парушэньні, якія сталі прычынай яго блякаваньня.
Сёлета ў жніўні холдынг VK расшырыў сваё прадстаўніцтва ў Беларусі — пэрсанал перамясьцілі ў новы офіс плошчай 831 квадратныя мэтры ў бізнэс-цэнтры «Аякс» у Менску.
«УКантакце» захоўвае стабільны аб’ём аўдыторыі ў параўнаньні з 2024 годам — прыблізна 1,3 мільёна карыстальнікаў. Ядро аўдыторыі гэтай сеткі ў Беларусі складаюць людзі ва ўзросьце ад 25 да 44 гадоў.
Форум