МЗС Беларусі ўручыў ноту пратэсту літоўскаму дыплямату ў сувязі з закрыцьцём мяжы

Будынак МЗС Беларусі, архіўнае фота

Міністэрства замежных спраў Беларусі 27 кастрычніка выклікала часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вілканецаса, каб уручыць ноту пратэсту «ў сувязі з чарговым аднабаковым закрыцьцём мяжы з боку Літоўскай Рэспублікі, ажыцьцёўленым безь якога-небудзь папярэдняга паведамленьня», — перадае БелТА з спасылкай на прэс-службу МЗС.

«Гэта рашэньне, якое закранула правы ня толькі грамадзян Беларусі, але і грамадзян Літвы, а таксама грамадзян Эўрапейскага Зьвязу ды іншых дзяржаў, наглядна дэманструе пагарджаньне Вільняй фундамэнтальнымі прынцыпамі свабоды перамяшчэньня — адной з асноватворных каштоўнасьцяў Шэнгенскай прасторы і Эўрапейскага Зьвязу ў цэлым», — адзначылі ў МЗС.

У МЗС заявілі, што гэткія дзеяньні маюць «антынародны характар», бо «звычайныя людзі становяцца закладнікамі палітычнай каньюнктуры».

«Беларусь, у адрозьненьне ад літоўскага боку, пасьлядоўна выступае за нармалізацыю дыялёгу і практычнае ўзаемадзеяньне па пытаньнях памежнага кантролю, што адпавядала б інтарэсам усіх грамадзян нашых краін», — гаворыцца ў заяве МЗС.

Мінулай ноччу з прычыны залёту аэрастатаў у чацьвёрты раз за апошнія дні прыпыняў працу аэрапорт Вільні. Літва раней папярэджвала, што ў адказ на гэта можа прыняць рашэньне пра поўнае закрыцьцё мяжы. 27 кастрычніка пункт пропуску ў Салечніках не аднавіў працу. А ў Медніках сталі прапускаць толькі асобныя катэгорыі падарожнікаў, у якія большасьць беларусаў не трапляе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пункт пропуску Салечнікі цалкам закрыты, празь Меднікі з 14:30 прапускаюць «некаторыя катэгорыі асобаў»