Сьцісла
- Міграцыйны крызіс быў адным з матываў, на падставе якіх Польшча ў верасьні закрывала мяжу.
- Калі б нелегальны міграцыйны паток зь Беларусі рос, прэмʼер Польшчы ня стаў бы абвяшчаць аб адкрыцьці памежных пераходаў у лістападзе.
- Зьмяншэньне плыні мігрантаў было не настолькі вялікім, каб яно выглядала як значная саступка Лукашэнкі.
Пра гэта піша палітычны аглядальнік Свабоды Юры Дракахруст.
Заява прэмʼера Польшчы Дональда Туска аб намеры адкрыць памежныя пераходы зь Беларусьсю прагучала дысанансам рашэньню літоўскага ўраду сваю мяжу зь Беларусьсю закрыць.
Матывы Варшавы, якая закрывала мяжу ў верасьні, патрабуюць адмысловага аналізу, але варта зьвярнуць увагу на адзін важны чыньнік.
У верасьні, закрываючы мяжу, Польшча называла некалькі матываў — вучэньні «Захад-2025», арышт у Беларусі абвінавачанага ў шпіянажы ксяндза Гжэгажа Гавэла, згадваўся і міграцыйны крызіс, хвалі нелегальнай міграцыі, якія выплюхваюцца ў Польшчу зь Беларусі.
Мяжу закрылі 12 верасьня, адкрылі яе 25 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча зьбіраецца ў лістападзе адкрыць два пераходы на мяжы зь БеларусьсюЯк у кастрычніку зьмяняўся паток нелегальнай міграцыі
Якой была дынаміка нелегальнай міграцыі пасьля 25 верасьня?
Варта нагадаць, што тады беларуская прапаганда пасьміхалася з палякаў: маўляў, непахісны Лукашэнка не «прагнуўся», а Польшчы давялося саступіць, нічога не атрымаўшы.
У першы тыдзень кастрычніка польскія памежнікі зафіксавалі 755 выпадкаў нелегальных перасячэньняў мяжы з боку Беларусі, 1–7 верасьня іх было 553. Наступствам закрыцьця мяжы стала не зьмяншэньне, а павелічэньне патоку нелегальнай міграцыі.
Аднак што адбывалася далей?
За два тыдні кастрычніка польская памежная служба дала агульную колькасьць патоку — 1240 выпадкаў. За два тыдні верасьня іх было таксама 1240. А за першыя 22 дні кастрычніка колькасьць парушэньняў мяжы Польшчы з боку Беларусі склала 1730, што ўжо на 291 менш, чым за адпаведны пэрыяд верасьня. На 27 кастрычніка было зафіксавана 1830 парушэньняў мяжы, а за ўвесь верасень — 2620.
Тэарэтычна памер міграцыйнай плыні за рэшту кастрычніка можа дасягнуць гэтага ўзроўню і нават пераўзысьці яго. Але гэта наўрад ці адбудзецца. Хутчэй за ўсё захаваецца стан другой паловы кастрычніка — паток зьменшыўся ў параўнаньні зь верасьнёўскім.
Ці выпадкова зьменшылася нелегальная міграцыя?
У іншых абставінах можна было б патлумачыць гэта выпадковасьцю, сэзоннымі цыклямі. За чатыры гады міграцыйнага крызісу плынь мігрантаў павялічвалася ў цёплыя месяцы году і зьніжалася бліжэй да зімы.
Крыніцы: маніторынгі міграцыі інфармацыйнага агенцтва «Позірк» і старшага дасьледніка Цэнтру новых ідэяў Генадзя Коршунава, акаўнт у сацыяльнай сетцы Х Памежнай службы Польшчы
Але з графіку можна ўбачыць, што ніякай заканамернасьці зьмены інтэнсіўнасьці патоку з жніўня па кастрычнік у мінулыя гады не было. Было 4 розныя варыянты дынамікі: 2022 год — рост з жніўня па верасень і зь верасьня па кастрычнік, 2023 — зьмяншэньне і рост, 2024 — рост і зьмяншэньне, 2025 — зьмяншэньне і зьмяншэньне. Цяперашняе зьмяншэньне — прынамсі не агульная тэндэнцыя.
Аднак заява прэмʼера Туска пра намер Польшчы адкрыць два памежныя пераходы на мяжы зь Беларусьсю — дадатковы і даволі пераканаўчы аргумэнт за тое, што зьніжэньне плыні нелегальнай міграцыі зь верасьня па кастрычнік было вынікам пэўнай палітыкі ўладаў Беларусі.
Ягоная ініцыятыва з адкрыцьцём пераходаў была б палітычна проста немагчымая, калі б паток нелегальнай міграцыі за месяц вырас.
Разам з тым зьмяншэньне плыні мігрантаў настолькі адносна невялікае, што яго складана трактаваць як выразную саступку Лукашэнкі.
На 22 кастрычніка зьніжэньне патоку ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам верасьня складала 14%.
Замала, каб гэта выглядала на трыюмф Варшавы, але дастаткова, каб зрабіць палітычна магчымым шчодры жэст адкрыцьця памежных пераходаў.
«Тонкая наладка» ў дзеяньні
14 кастрычніка мы апублікавалі дасьледаваньне, у якім на падставе статыстычнага аналізу дынамікі нелегальнай міграцыі даводзілі, што ўлады Беларусі рэгулююць паток міграцыі, робяць «тонкую наладку» працэсу.
«Тонкая наладка» — гэта як павелічэньне плыні мігрантаў з пэўных палітычных меркаваньняў, гэтак і яе зьмяншэньне.
І так выглядае, што дынаміка патоку зь верасьня па кастрычнік і нават на працягу кастрычніка — таксама праява той самай «тонкай наладкі».
Надта ўжо своечасова лічбы нелегальных перасячэньняў беларуска-польскай мяжы зьменшыліся ў другой палове кастрычніка, акурат да дэклярацыі Туска аб намеры аднавіць працу памежных пераходаў.
І тут варта прыгадаць заяву старшыні КДБ Беларусі Івана Тэртэля пра тое, што Беларусь у дыялёгу з Польшчай і краінамі Балтыі выходзіць «на разуменьне ўзаемных інтарэсаў», у тым ліку і на лініі спэцслужбаў.
З краінамі Балтыі дыялёг мае, як бачым, своеасаблівы характар, з «аргумэнтамі» ў выглядзе налётаў паветраных балёнаў. Але з Польшчай, магчыма, ён апошнім часам ішоў больш гладка.
І ня выключана, што адпаведныя польскія службы проста ведалі, як будзе мяняцца паток нелегальнай міграцыі празь беларуска-польскую мяжу прынамсі ў кастрычніку. Ведалі ад беларускіх партнэраў па дыялёгу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тонкая наладка»: як Лукашэнка кіруе міграцыйным крызісам. Дасьледаваньне Свабоды