545 шароў з кантрабандай і 50 дронаў за гэты год. Памежнікі Літвы расказалі Свабодзе, што прылятае да іх зь Беларусі

Закрыты памежны пункт у Салечніках, 28 кастрычніка 2025 году

Толькі за кастрычнік літоўскія памежнікі перахапілі 65 шароў з кантрабандай зь Беларусі, а таксама 5 дронаў. У адзін дзень 22 кастрычніка было перахоплена 13 шароў.

У службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы пры міністэрстве ўнутраных спраў у адказ на запыт Свабоды расказалі, колькі ўсяго паветраных шароў з кантрабандай ім удалося перахапіць сёлета зь беларускага боку.

  • З пачатку году гэта — 545 шароў з кантрабандай.
  • 65 — толькі ў кастрычніку.
  • Найбольшую колькасьць шароў памежнікі фіксавалі ў сакавіку — 77.

22 кастрычніка Літва была ў чарговы раз вымушаная закрыць аэрапорт і, часова, мяжу праз шары з боку Беларусі, тады памежнікі перахапілі 13 шароў.

  • Агулам, з пачатку году шарамі і дронамі спрабавалі перавезьці кантрабандай 889 тысяч пачкаў цыгарэт, паведамілі ў службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.
  • Адзін паветраны шар, паводле службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, звычайна нясе каля 1500 пачкаў цыгарэт.

29 кастрычніка літоўскі ўрад прыняў рашэньне закрыць мяжу зь Беларусьсю на месяц. Пункт пропуску ў Медніках (зь беларускага боку Каменны Лог) будзе закрыты з пэўнымі выняткамі, пункт у Салечніках (Беняконі) будзе закрыты цалкам.

Выняткамі ў Медніках будуць:

  • дыпляматычныя машыны,
  • жыхары Калінінградзкай вобласьці, якія едуць транзытам церазь Літву,
  • грамадзяне Літвы і замежнікі з дазволам на жыхарства ў Літве, якія вяртаюцца ў Літву,
  • грамадзяне ЭЗ і краінаў NATO і члены іхных сем’яў,
  • і з дазволу памежнай службы можа быць дазволены «гуманітарны пропуск».

Забарона будзе дзейнічаць да 30 лістапада з магчымасьцю падаўжэньня, паведаміў тэлеканал LRT.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўска-беларускую мяжу закрылі на месяц

Памежныя пераходы закрываюць з прычыны прылётаў аэрастатаў зь Беларусі ў Літву. На мінулым тыдні гэта чатыры разы прымушала літоўскія аэрапорты прыпыняць працу. Перанесьлі і перанакіравалі дзясяткі рэйсаў, гэта закранула некалькі тысяч пасажыраў.

Літва закрыла мяжу 27 кастрычніка пасьля шэрагу інцыдэнтаў, зьвязаных з масавым запускам з тэрыторыі Беларусі паветраных балёнаў нібыта з кантрабандай. У апошнім выпадку ў Літве налічылі 66 аэрастатаў. Праз гэта некалькі разоў спыняў дзейнасьць віленскі аэрапорт і адзін раз — ковенскі.

Міністэрства замежных спраў Беларусі 27 кастрычніка выклікала часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вілканецаса, каб уручыць ноту пратэсту «ў сувязі з чарговым аднабаковым закрыцьцём мяжы з боку Літоўскай Рэспублікі, ажыцьцёўленым безь якога-небудзь папярэдняга паведамленьня».

Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы двойчы спыняла дзейнасьць сваіх пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як намер Польшчы адкрыць мяжу зьвязаны з «тонкай наладкай» міграцыйнага крызісу з боку Менску