Пуцін паведаміў аб выпрабаваньні тарпэды з ядзерным рухавіком: «Немагчыма будзе перахапіць»

Пуцін з пацыентамі Цэнтральнага ваеннага клінічнага шпіталя

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін на сустрэчы з пацыентамі Цэнтральнага ваеннага клінічнага шпіталя імя Мандрыкі распавёў, што Расея 28 кастрычніка правяла выпрабаваньні беспілётнага падводнага апарата «Пасейдон» з ядзерным рухавіком.

Прылада, як адзначыў Пуцін, упершыню здолела пачаць працу з падводнай лодкі-носьбіта і запусьціць сваю атамную энэргетычную ўстаноўку, якую яна выкарыстоўвае для сілкаваньня.

Пуцін назваў выпрабаваньні «вялізарным посьпехам», заявіўшы, што апарат немагчыма будзе перахапіць з прычыны яго малых памераў, высокай хуткасьці і глыбіні.

Ён адзначыў, што апарат больш магутны за ракетны комплекс «Сармат». Невядома, што меў на ўвазе Пуцін, але калі гаворка ішла пра магутнасьць ядзернай баягалоўкі, то сумарны зарад «Сармата» ацэньваецца ў 7,5 мегатон.

Пуцін упершыню паведаміў пра існаваньне праекту ў сакавіку 2018 году ў пасланьні Фэдэральнаму сходу. Ён сказаў, што ў Расеі распрацаваныя падводныя беспілётнікі, здольныя рухацца на вялікай глыбіні з хуткасьцю, якая «кратна перавышае хуткасьць падводных лодак, самых сучасных тарпэдаў і ўсіх відаў, нават самых хуткасных, надводных караблёў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 545 шароў з кантрабандай і 50 дронаў за гэты год. Памежнікі Літвы расказалі Свабодзе, што прылятае да іх зь Беларусі