Прэзыдэнт Кангрэсу мясцовых Рады Эўропы зьвярнуўся да родных беларускіх палітвязьняў: «Захоўвайце надзею»

Прэзыдэнт Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы Марк Коўлс

Прэзыдэнт Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы Марк Коўлс, адказваючы на пытаньні журналістаў у Страсбургу, выказаўся пра становішча больш як 1000 беларускіх палітычных зьняволеных.

Марк Коўлс зьвярнуўся да іх і іхных сваякоў:

«Гэта жахліва. Але людзі павінны захоўваць надзею. Часам усё мяняецца вельмі хутка. Ніхто ня верыў за два тыдні да зьнікненьня «жалезнай заслоны», што гэта станецца. Мы бачылі ў многіх усходнеэўрапейскіх краінах, як усё вельмі хутка зьмянялася. Калі вы ўзгадаеце Румынію ці іншую краіну, то зразумееце, што і тут таксама можа ўсё вельмі хутка адбыцца. Але, вядома, вялікая праблема Беларусі — гэта спадар Пуцін, які падтрымлівае Лукашэнку, вельмі, вельмі моцна падтрымлівае, таксама і ў вайсковым пляне, мы гэта ведаем, але... У людзей павінна быць надзея».

Марк Коўлс зазначыў, што дэмакратычныя сілы Беларусі дзейнічаюць, набліжаюць перамены:

«Людзі, якіх мы бачым, зь якімі мы размаўляем, знаходзяцца ў выгнаньні, але ў іх усё яшчэ ёсьць кантакты ўнутры краіны. І я ўражаны тым, як яны рыхтуюцца дзейнічаць на наступны дзень пасьля ўсталяваньня дэмакратыі. Я ўпэўнены, што гэта здарыцца, але ніхто ня ведае, калі».

Марк Коўлс кажа, што калі ў дэбатах на Захадзе ён чуе ад некаторых заявы пра жаданьне вярнуцца да аўтарытарных практык, бо дэмакратыя недастаткова эфэктыўная, ён раіць ім паехаць у Беларусь, каб убачыць, што такое аўтарытарны рэжым.

«Мы павінны заўсёды змагацца за дэмакратыю, а таксама імкнуцца да таго, каб беларусы атрымлівалі праўдзівую інфармацыю».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Быць падрыхтаванымі да зьменаў». Беларускія дэмакратычныя сілы выпрацоўваюць альтэрнатыву «вэртыкалі»

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў — асамблея ў складзе Рады Эўропы, гэта яе трэцяй асноўнай інстытуцыя (поруч з Камітэтам міністраў і Парлямэнцкай асамблеяй). У яго ўваходзяць губэрнатары, мэры, лідэры мясцовых радаў і органаў самакіраваньня з 46 краін Рады Эўропы.

Бэльгійскі палітык Марк Коўлс быў абраны прэзыдэнтам Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы 24 кастрычніка 2023 году.

Марк Коўлс ня раз выказваў падтрымку беларусам у іх барацьбе за дэмакратыю, выступаў за вызваленьне ўсіх палітзьняволеных, за дапамогу беларусам у эміграцыі.

У рамках 49-й сэсіі Кангрэсу прайшлі слуханьні аб праблемах беларускіх палітычных эмігрантаў у краінах Эўропы пад назвай «Калі пашпарты становяцца зброяй: адказ мясцовых уладаў на транснацыянальныя рэпрэсіі супраць беларусаў за мяжой».