Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Быць падрыхтаванымі да зьменаў». Беларускія дэмакратычныя сілы выпрацоўваюць альтэрнатыву «вэртыкалі»


Паседжаньне Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў. Страсбург, 30 кастрычніка 2025 году
Паседжаньне Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў. Страсбург, 30 кастрычніка 2025 году

Беларускія прадстаўнікі 28–30 кастрычніка прынялі ўдзел у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы ў Страсбургу, хоць афіцыйна Беларусь не ўваходзіць у гэтую арганізацыю і не падпісвала Эўрапейскую хартыю аб мясцовым самакіраваньні, ухваленую 40 гадоў таму.

У Беларусі мясцовыя органы самакіраваньня зь сярэдзіны 1990-х замяніла «вэртыкаль улады». Але беларускія прадстаўнікі ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў спадзяюцца, што час жорсткай вэртыкалі, якую ўвёў Аляксандар Лукашэнка, скончыцца, і людзі змогуць ізноў самі абіраць і цэнтральную, і мясцовую ўладу. І рыхтуюцца да гэтага часу з дапамогай эўрапейскага досьведу.

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў — асамблея ў складзе Рады Эўропы, гэта яе трэцяя асноўная інстытуцыя (поруч з Камітэтам міністраў і Парлямэнцкай асамблеяй). У яго ўваходзяць губэрнатары, мэры, лідэры мясцовых радаў і органаў самакіраваньня 46 краін Рады Эўропы.

Праца на будучыню

У дэлегацыю беларускіх дэмакратычных сілаў на Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў уваходзяць тры прадстаўнікі, абраныя ў склад Каардынацыйнай рады, дадаткова прызначаныя тры іх намесьнікі і сакратар.

Генэральны сакратар Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Мацьё Мары
Генэральны сакратар Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Мацьё Мары

«Яны вельмі актыўныя. Яны ўпершыню прынялі ўдзел у мінулай сэсіі ў сакавіку сёлета, і яны зноў тут на гэтым тыдні. Усё пачалося з спадарыні Ціханоўскай, якая прыехала на сэсію летась, выступіла на Кангрэсе і выказала патрэбу ў супрацы для палягчэньня дзейнасьці дэмакратычных сілаў, Каардынацыйнай рады і паглыбленьня яе ведаў аб мясцовым самакіраваньні. Яна выказала пажаданьне, каб мы супрацоўнічалі ў стварэньні канцэпцыі дэмакратычнага мясцовага самакіраваньня для будучыні Беларусі. Такім чынам, мы працуем над гэтым зь ёю і яе камандамі», — заявіў генэральны сакратар Кангрэсу Мацьё Мары.

На пасяджэньні Кангрэсу рэгіянальных уладаў Рады Эўропы выступіла прадстаўніца беларускай дэлегацыі Ірына Халопіца. Сярод іншага яна нагадала дэлегатам, што рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца, сотні тысяч беларусаў мусілі пакінуць краіну, аднак перасьлед працягваецца і за мяжой:

«Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае сфабрыкаваныя крымінальныя абвінавачаньні і завочныя суды, канфіскацыю маёмасьці, пагрозы сем’ям і кампаніі дыскрэдытацыі — практыкі, якія становяць сабой транснацыянальныя рэпрэсіі. Беларусы ў выгнаньні пазбаўленыя права атрымліваць дакумэнты або працягваць іх дзеяньне. Лукашэнка забараніў беларускім консульствам за мяжой абменьваць ці падаўжаць пашпарты. Гэта фактычна прымушае людзей вяртацца ў Беларусь, дзе ім пагражае сурʼёзная рызыка перасьледу».

Прэзыдэнт Кангрэсу мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы Марк Коўлс ня раз выказваў падтрымку беларусам у іх барацьбе за дэмакратыю, выступаў за вызваленьне ўсіх палітзьняволеных, за дапамогу беларусам у эміграцыі.

Марк Коўлс заявіў Свабодзе, што мае добрае ўяўленьне пра «вэртыкаль улады», якая дзейнічае ў Беларусі і Расеі.

«Гэтая сыстэма прыйшла з Савецкага Саюзу — моцная вэртыкальнасьць улады. Але дэмакратыя — гэта ня толькі вэртыкальнасьць улады, гэта і гарызантальная ўлада, гэта разьмеркаваньне ўлады, яе балянс. Таму больш за 10 гадоў мы працуем ва Ўкраіне над тым, каб мець сапраўдную дэцэнтралізацыю. Там зараз рыхтуюцца да рэформаў, каб мець змогу правесьці іх пасьля вайны. І такая ж праца будзе і з дэмакратычнымі сіламі Беларусі — каб падрыхтаваць дэцэнтралізацыю і дэмакратыю, каб мець магчымасьць рухацца наперад, да сапраўднай мясцовай аўтаноміі. А такая вэртыкаль улады, як у Беларусі, — гэта дыктатура».

У рамках 49-й сэсіі Кангрэсу прайшлі слуханьні аб праблемах беларускіх палітычных эмігрантаў у краінах Эўропы пад назвай «Калі пашпарты становяцца зброяй: адказ мясцовых уладаў на транснацыянальныя рэпрэсіі супраць беларусаў за мяжой».

Кіраўніца беларускай дэлегацыі ў Кангрэсе мясцовых уладаў Ірына Халопіца расказала Свабодзе, што супраца з Кангрэсам цяпер ідзе ў трох кірунках. Першы — вучоба патэнцыйных новых лідэраў мясцовага самакіраваньня ў Беларусі, арганізацыя для іх сэмінараў, вэбінараў, стажаў.

Кіраўніца беларускай дэлегацыі ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Ірына Халопіца
Кіраўніца беларускай дэлегацыі ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Ірына Халопіца

«Апрача таго, маючы статус дэлегацыі, мы вядзем перамовы з прадстаўнікамі іншых дзяржаваў, рэгіянальнымі ўладамі аб стажах і азнаямляльных візытах, каб пабачыць, як дзейнічае мясцовае самакіраваньне.

Другі кірунак — праўная дапамога Кангрэсу, ацэнка праектаў законаў, якія рыхтуюць нашыя экспэрты для будучых рэформаў у Беларусі адпаведна Эўрапейскай хартыі мясцовага самакіраваньня. Праекты ўжо гатовыя, мы іх накіравалі на ацэнку і праўны аналіз у Кангрэс.

І трэці кірунак — лябіяваньне і адстойваньне інтарэсаў беларусаў у замежжы, у тым ліку перад мясцовымі ўладамі розных краін, дзе жывуць беларусы. Мы імкнемся камунікаваць, інфармаваць, уплываць на палітычныя рашэньні ў гэтых краінах».

Ірына Халопіца адказала на пытаньне, калі ў Беларусі можа быць запатрабаваная гэтая праца:

«Дня нас гэта магчымасьць быць падрыхтаванымі да таго моманту, калі адбудуцца зьмены, у тым ліку да рэформы самакіраваньня. Бо калі будуць падрыхтаваныя людзі, якія ведаюць, як працуе самакіраваньне, будуць свае праекты законаў, то гэтыя зьмены будзе значна лягчэй праводзіць. Цяжка прагназаваць, калі гэта адбудзецца, але я аптымістка, я веру, што ў самай бліжэйшай будучыні».

Чым ужо дапамагае Кангрэс

Сярод іншага Кангрэс мясцовых уладаў Рады Эўропы ладзіць сэмінары для ўдзельнікаў ініцыятывы «Кадравыя рэзэрвы» дэмакратычных сілаў. Вядома, што больш за 30% людзей, якія далучаюцца да ініцыятывы, кажуць, што хочуць у будучыні ўдзельнічаць у мясцовым самакіраваньні.

«Яны адчуваюць, што менавіта тут могуць быць найбольш карыснымі, і мы арганізуем сэмінары для чальцоў рэзэрваў, каб навучыць іх і падзяліцца перадавым досьведам іншых краін у галіне мясцовага самакіраваньня. Прадстаўнік беларускіх дэмакратычных сілаў працуе ў сакратарыяце Кангрэсу, дапамагае наладжваць гэтыя сувязі.

Шмат захадаў, якія мы робім, ня вельмі бачныя, бо мы хочам абараніць іх удзельнікаў. Перш за ўсё гэта тычыцца тых, хто вучыцца ў рамках кампаніі рыхтаваньня рэзэрваў, якія далучаюцца да вучобы ў Страсбургу онлайн і фізычна, — кажа Мацьё Мары. — Нядаўна мы арганізавалі тры сэмінары, рэгулярна даем беларускім дэмакратычным сілам экспэртныя і юрыдычныя кансультацыі ў мясцовым самакіраваньні. Мы будзем і надалей арганізоўваць мэтавыя вэбінары для „Кадравых рэзэрваў“ у пытаньнях, зьвязаных зь мясцовай дэмакратыяй і кіраваньнем».

Чаму беларусам патрэбнае мясцовае самакіраваньне, а не вэртыкаль

На паседжаньнях Кангрэсу прадстаўнікі мясцовых уладаў розных краін Эўропы абмяркоўваюць, як дзейнічаць у самых складаных сытуацыях. Яны ацэньваюць наступствы расейскай агрэсіі ёдля гарадоў Украіны, праблемы ўцекачоў і браку жыльля, продажу наркотыкаў у гарадах Эўропы, дзеляцца сваімі дасягненьнямі й праблемамі.

У Беларусі з 1994 году няма мясцовага самакіраваньня, дзейнічае збудаваная Лукашэнкам «вэртыкаль улады»: ён асабіста прызначае кіраўнікоў раёнаў, гарадоў, вобласьцяў.

Рада Эўропы тут мае для беларусаў сваю прапанову, заснаваную на дэмакратычных каштоўнасьцях, кажа генэральны сакратар Кангрэсу Мацьё Мары:

«Гэта пасланьне менавіта Рады Эўропы, бо акурат яна актыўна праводзіць гэты падыход, і вы бачыце, што ў 46 дзяржавах — сябрах Рады Эўропы ўзровень разьвіцьця значна вышэйшы. Калі краіна дэцэнтралізаваная, вы перадаяце паўнамоцтвы ўладзе такога ўзроўню, на якім найлепш можна іх рэалізаваць, якая лепш за ўсё ведае, што рабіць на месцы.

Мэта Эўрапейскай хартыі мясцовага самакіраваньня — заклікаць дзяржавы Рады Эўропы перадаваць уладу на месцы, даваць сродкі для выкананьня абавязкаў, якія дзяржава даручае і фармуе. Гэта стварае давер паміж грамадзянамі і лідэрамі, бо яны ведаюць, што іхныя мясцовыя кіраўнікі непасрэдна бачаць праблемы, зь якімі могуць сутыкнуцца ў сваім штодзённым жыцьці, і ведаюць, хто можа іх вырашыць.

Гэта пры цяперашнім адкочваньні ад дэмакратыі ў Эўропе надзвычай важна. Нам патрэбна больш людзей, якія давяраюць інстытутам, а ўмацоўваючы мясцовыя органы ўлады, мы дапамагаем мацаваць гэты давер у цэлым», — заявіў Свабодзе генэральны сакратар Кангрэсу Мацьё Мары.

Пасьпяховы польскі прыклад

Міхал Мулява, сябра Люблінскай ваяводзкай рады Польшчы, былы намесьнік маршалка ваяводзтва, у інтэрвію Свабодзе найперш выказвае занепакоенасьць з прычыны браку мясцовага самакіраваньня ў Беларусі. І расказвае пра свой люблінскі досьвед:

«Патрэбна незалежнае, свабоднае і сувэрэннае мясцовае самакіраваньне. Дзякуючы рэгіянальным уладам можна ажыцьцяўляць многія інфраструктурныя праекты. Найлепшым прыкладам у Люблінскім ваяводзтве стала будаўніцтва пасажырскага аэрапорту ў Сьвідніку, але ня толькі гэта. Шмат дарог, шмат сацыяльнай інфраструктуры — школы, басэйны, дзіцячыя садкі, паркі, гарадзкая зеляніна, а таксама магчымасьці атрымліваць фінансаваньне звонку, з розных праграмаў Эўрапейскага Зьвязу».

Міхал Мулява, чалец Люблінскай ваяводзкай рады Польшчы, былы намесьнік маршалка ваяводзтва
Міхал Мулява, чалец Люблінскай ваяводзкай рады Польшчы, былы намесьнік маршалка ваяводзтва

Міхал Мулява згадвае праграму «трыкутніку» рэгіянальнай супрацы Польшча — Беларусь — Украіна, дзе разам з партнэрамі зь Беларусі люблінскія ўлады сярод іншага рэалізоўвалі інвэстыцыі ў водазабесьпячэньне і каналізацыю.

«Але з прычыне палітычных зрухаў пад кіраўніцтвам Лукашэнкі Беларусь была выключаная з гэтых праграмаў. Цяпер мы рэалізуем гэтую праграму добрасуседзкай супрацы толькі з Украінай».

Польскім мясцовым самакіраваньням ёсьць чым пахваліцца, кажа спадар Мулява.

«За дзесяцігодзьдзі самастойнасьці мясцовых органаў улады ў Польшчы яны засьведчылі свой велізарны посьпех. Менавіта мясцовая супольнасьць разьвязвае свае найважнейшыя справы, і я зычу свабодным беларусам і беларускаму народу, каб такія свабодныя мясцовыя супольнасьці з усеагульна абраным прадстаўніцтвам зьявіліся як мага хутчэй».

Спадар Мулява кажа, што гэта шлях да дэмакратыі й дабрабыту, бо самакіраваньне падтрымлівае мясцовы бізнэс і эканоміку, ствараюцца новыя працоўныя месцы, людзі жывуць лепей.

«Дзякуючы дзейнасьці мясцовых органаў улады, дзякуючы будаўніцтву дарог і сацыяльнай інфраструктуры, але таксама дзякуючы разьвіцьцю інвэстыцыйных тэрыторыяў і інвэстыцыйным стымулам для прадпрымальнікаў ствараюцца новыя прадпрыемствы. Супраца зь бізнэсам вельмі і вельмі шчыльная. Дзякуючы гэтаму жыцьцё людзей несумненна паляпшаецца, разьвіваецца прадпрымальніцтва, расьце эканоміка, ствараюцца новыя, стабільныя працоўныя месцы. У гэтым таксама велізарная роля мясцовай улады. Дзяржава не заўсёды можа быць блізкай і своечасова рэагаваць. У гэтым і ёсьць перш за ўсё ідэя мясцовага самакіраваньня: быць блізкай да людзей, блізкай да прадпрымальнікаў».

Адукацыя, школы, ахова здароўя, лепшыя шпіталі, лепшыя школы, лепшая спартовая інфраструктура — таксама вельмі важныя элемэнты функцыянаваньня. Усё гэта стваралася ў Польшчы дзякуючы мясцовым органам улады, якія самі вызначаюць кірункі разьвіцьця, кажа прадстаўнік мясцовай рады Любліна.

«Таму я яшчэ раз шчыра зычу беларускаму народу, каб такія мясцовыя органы ўлады былі створаны там як мага хутчэй», — падсумаваў спадар Мулява.

Спавяшчальніца аб дэмакратычнай Беларусі

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў Рады Эўропы на папярэднім форуме у сакавіку 2025 году прызначыў асобу, адказную за супрацу зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі. Гэта віцэ-прэзыдэнтка Кангрэсу Сэсылія Дальман Эк. Яна аўтарытэтная дзяячка мясцовага самакіраваньня ў Швэцыі і Эўропе, была дэпутаткай Рыксдагу ад сацыял-дэмакратычнай партыі Швэцыі.

Віцэ-прэзыдэнтка Кангрэсу Сэсылія Дальман Эк
Віцэ-прэзыдэнтка Кангрэсу Сэсылія Дальман Эк

У інтэрвію Свабодзе Сэсылія Дальман Эк узгадала, што раней наведвала Менск, але гэта было да падзеяў 2020 году:

«Гэта быў вельмі цікавы досьвед, і я адчула сябе вельмі шчасьлівай, калі мне далі даручэньне быць спавяшчальніцай аб Беларусі. Я падтрымліваю сувязь з прадстаўніцтвам беларускіх дэмакратычных сіл Беларусі тут, на Кангрэсе мясцовых уладаў. Яны ўжо другі раз прыяжджаюць на нашы паседжаньні. Кантактую з „Народнымі амбасадамі Беларусі“, буду гэта рабіць і ў Швэцыі, каб пераканацца, што сытуацыя беларусаў у эміграцыі становіцца лепшай. Яшчэ зьбіраюся наведаць беларусаў у выгнанні ў Польшчы і Літве».

Плянаў наведаць Беларусь у Сэсыліі Дальман Эк на гэты момант няма.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG