Удзельнікі дыскусіі прапанавалі краінам Рады Эўропы на транснацыянальныя рэпрэсіі ўладаў Беларусі, у ліку якіх завочныя суды, пазбаўленьне ўцекачоў беларускіх пашпартоў і іншых дакумэнтаў, адказаць «транснацыянальнай салідарнасьцю», і рабіць гэта хутка і эфэктыўна.
Рада Эўропы стала адзінай міжнароднай арганізацыяй, якая сыстэмна зьвяртае ўвагу на праблемы беларусаў у выгнаньні. Палітычную аснову тут заклалі рэзалюцыя Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы 2023 году і практычныя рэкамэндацыі 2024 году пад назвай «Люксэмбурскія рашэньні», прысьвечаныя спэцыфічным праблемам беларусаў у выгнаньні. Цяпер гэтую праблематыку пераносяць і на рэгіянальны ўзровень уладаў 46 краін Рады Эўропы. Вельмі часта дапамагчы беларускім эмігрантам могуць менавіта мясцовы ўлады.
Беспрэцэдэнтная сытуацыя
Разам дапамагаць беларусам, якія засталіся без дакумэнтаў за мяжой, заклікала віцэ-прэзыдэнтка Кангрэсу і яго дакладчыца па пытаньнях дэмакратычнай Беларусі Сэсылія Дальман Эк.
«Мы сутыкаемся зь беспрэцэдэнтнай сытуацыяй, якая тычыцца тысяч беларусаў у выгнаньні. Рэжым Лукашэнкі вырашыў прыпыніць ключавыя консульскія паслугі і адмовіць у прадаўжэньні пашпартоў беларусам за мяжой, ставячы іх перад немагчымым выбарам: турэмнае зьняволеньне ці іншыя формы рэпрэсій, альбо заставацца ў выгнаньні і пазбавіцца сваёй юрыдычнай ідэнтычнасьці, застацца без дакумэнтаў у чужой краіне».
Паводле яе слоў, пашпарты сталі прыладай ціску і парушэньня чалавечай годнасьці беларускіх выгнаньнікаў:
«Па ўсёй Эўропе мы сутыкаемся з жыхарамі, якія раптоўна аказваюцца няздольнымі пацьвердзіць сваю асобу і, такім чынам, ня могуць працаваць, падарожнічаць, зарэгістраваць нованароджанае дзіця, адкрыць бізнэс або банкаўскі рахунак. Гэта ня проста пытаньне міграцыйнай палітыкі або кіраваньня. Гэтыя людзі не зьяўляюцца эканамічнымі мігрантамі. Гэта палітычныя выгнаньнікі, якія шукаюць абарону ад аўтарытарнага рэжыму, які сыстэматычнымі дзеяньнямі разбурыў вяршэнства закону і перасьледуе любое іншадумства».
Масавая рэлякацыя беларусаў зьяўляецца сьледзтвам мэтанакіраванай кампаніі гвалту і рэпрэсій, якую праводзіць рэжым Аляксандра Лукашэнкі, заявіла кіраўніца дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сіл у Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў Ірына Халопіца:
«Краіна сёньня ахутана атмасфэрай страху і тэрору. Згодна з апошнім дакладам Групы незалежных экспэртаў ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за 2025 год, з 2020-га краіну вымушана пакінулі да 600 тысяч чалавек. Гэта прыкладна 6,4% насельніцтва краіны».
Сваю пэрсанальную гісторыю крымінальнага перасьледу і эміграцыі ў Польшчу расказала былая палітзьняволеная па справе студэнтаў Алана Гэбрэмарыям, яна заклікала эўрапейцаў да салідарнасьці ў адказ на транснацыянальныя рэпрэсіі ўладаў Беларусі.
«З 2023 году ўказ Лукашэнкі нумар 278 зрабіў немагчымым для беларусаў, якія жывуць за мяжой, абнаўленьне пашпартоў і запыт на якія-небудзь грамадзянскія дакумэнты, пасьведчаньняў аб нараджэньні, пасьведчаньняў аб шлюбе... Моладзь ня можа легалізаваць дыплёмы і запытаць дакумэнты ва ўнівэрсытэтах. Цэлае пакаленьне студэнтаў пазбаўлена адукацыі не таму, што яны зьехалі, а таму, што ўрад выкарыстоўвае дакумэнты як зброю, а для многіх з нас — як кантроль рэжыму».
Мясцовыя ўлады краін Эўропы могуць дапамагчы беларусам
«Для нас вельмі важна, каб пытаньні беларусаў разглядаліся ня толькі на ўзроўні Рады Эўропы, Эўрапарлямэнту ці Эўракамісіі, але таксама і на мясцовым узроўні. Таму што ў фэдэратыўных краінах, такіх як Аўстрыя ці Нямеччына, гэтыя пытаньні, у тым ліку аб пашпарце замежніка, вырашаюцца на мясцовым узроўні.
Вельмі пазытыўна, што пасьля гэтай дыскусіі будуць падрыхтаваныя дакумэнты для ўсіх удзельнікаў Кангрэсу мясцовых уладаў Рады Эўропы аб тым, як працаваць зь беларусамі — з усімі нашымі рэкамэндацыямі, як можна вырашаць праблему пашпартоў, іншых дакумэнтаў, і спадзяюся, што многім беларусам гэта дапаможа», — сказала Свабодзе ўдзельніца дыскусіі Аляксандра Мамаева, якая прадстаўляе беларускія дэмакратычныя сілы ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.
У часе дыскусіі яна распавяла пра пазытыўныя зрухі ў стаўленьні да праблем беларусаў у выгнаньні ў Швэцыі, Аўстрыі, Славеніі і іншых краінах, а вось у Грузіі сытуацыя для беларусаў пагаршаецца, кажа Мамаева. Але пра гэты досьвед вядома ня ўсім. Рада Эўропы распрацоўвае ІТ-інструмэнт, адмысловы сайт, дзе будуць акумуляваныя запыты беларусаў і спосабы вырашэньня іх праблем у розных краінах.
Хоць Аляксандра Мамаева жыве ў Славеніі 10 год, пасьля 2020 году і ў яе асабіста зьявіліся праблемы зь легалізацыяй, давялося зьвяртацца па міжнародную абарону.
Па выніках дыскусіі ў інтэрвію Свабодзе Сэсылія Дальман Эк заявіла, што, каб дапамагчы беларусам, сапраўды трэба дзейнічаць і на мясцовым узроўні.
«Таму што гэта месца, дзе людзі жывуць і працуюць, і дзе ім патрэбна мець ідэнтыфікацыю, банкаўскі рахунак. Такім чынам, нам патрэбныя нацыянальныя рашэньні, але нам таксама патрэбныя практычныя спосабы вырашэньня сытуацыі для людзей, якія працуюць у тых службах, што патрэбныя беларусам, і я думаю, што сёньня мы змаглі атрымаць некалькі сапраўды добрых прыкладаў.
І насамрэч я была вельмі рада, што мы бачым так шмат добрых прыкладаў таго, што ўжо робіцца, і я пастаўлю гэта перад Кангрэсам, каб данесьці гэтую пазыцыю да нашых дзяржаў-чальцоў, дзе жывуць беларусы і дзе можна будзе лепш ім дапамагаць.
Гэта тое, што я прапанавала падчас гэтага сэмінару, і гэта таксама, я ўпэўнена, будзе канкрэтнай кампэтэнцыяй Кангрэсу, таму што мы маем справу зь мясцовымі і рэгіянальнымі ўладамі».
Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў — асамблея ў складзе Рады Эўропы, зьяўляецца яе трэцяй асноўнай інстытуцыяй (акрамя Камітэту міністраў і Парлямэнцкай асамблеі), куды ўваходзяць губэрнатары, мэры, лідэры мясцовых радаў і органаў самакіраваньня з 46 краін сябраў-арганізацыі.
Форум