У Паўднёвай Карэі прайшла сустрэча Дональда Трампа і Сі Дзіньпіна

Дональд Трамп і Сі Дзіньпін, 30 кастрычніка 2025

У чацьвер раніцай у паўднёвакарэйскім горадзе Пусан прайшла сустрэча прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і старшыні КНР Сі Дзіньпіна. Перамовы працягнуліся паўтары гадзіны.

Пасьля сустрэчы Трамп на борце свайго самалёта заявіў журналістам, што яго сустрэча з Сі «прайшла цудоўна» і завяршылася дамоўленасьцямі па многіх важных пунктах — ад гандлю і мыта да рэдказямельных мінэралаў.

Трамп паведаміў, што Вашынгтон зьнізіць на 10% мыта на кітайскі імпарт. У адказ Пэкін адновіць буйныя закупкі амэрыканскай соі, прыпыненыя вясной пасьля чарговага вітка тарыфных мер.

Паводле слоў прэзыдэнта ЗША, бакі таксама дамовіліся зьняць кітайскія абмежаваньні на экспарт рэдказямельных мэталаў — 17 элемэнтаў, якія адыгрываюць крытычна важную ролю ў вытворчасьці аўтамабіляў, самалётаў і ўзбраеньняў.

Гандлёвы прадстаўнік ЗША Джэймісан Грыр удакладніў, што Пэкін адмовіўся ад плянаў пашырыць кантроль за пастаўкамі гэтых мэталаў.

«Уся праблема рэдказямельных мэталаў вырашаная, і гэта датычыцца ўсяго сьвету», — заявіў Трамп.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як новыя абмежаваньні Кітая на пастаўкі рэдказямельных мінэралаў могуць паўплываць на вайну ва Ўкраіне

Трамп паведаміў таксама, што абмяркоўваў з Сі вайну Расеі супраць Украіны. Паводле яго слоў, лідэры дамовіліся «працаваць разам».

Як пішуць кітайскія дзяржаўныя СМІ, Сі пасьля перамоваў заявіў, што бакі дасягнулі кансэнсусу па важных гандлёвых пытаньнях і будуць імкнуцца да «заспакаяльных» для абедзьвюх эканомік вынікаў.

«Кітай і ЗША могуць сумесна прадэманстраваць адказнасьць, якая адпавядае буйным дзяржавам», — падкрэсьліў Сі.

Трамп заявіў, што плянуе наведаць Кітай у красавіку 2026 года, а папярэдняе гандлёвае пагадненьне можа быць падпісанае ўжо ў найбліжэйшыя месяцы.

Аналітыкі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода зазначаюць, што патэнцыял для маштабнага пагадненьня застаецца абмежаваным, але цяперашняе пацяпленьне можа закласьці аснову для яго падрыхтоўкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп загадаў Пэнтагону неадкладна аднавіць выпрабаваньні ядзернай зброі ЗША

Напярэдадні перамоваў Трамп даручыў Пэнтагону неадкладна спыніць добраахвотны мараторый ЗША на выпрабаваньні ядзернай зброі. У сацсетках ён напісаў, што ў Злучаных Штатаў «больш ядзернай зброі, чым у любой іншай краіны», назваўшы Расею другой, а Кітай — «далёка трэцяй».

Пры гэтым, паводле слоў прэзыдэнта ЗША, пытаньне аб Тайвані на сустрэчы не абмяркоўвалася. Не ўзьнімалася і тэма пакупкі Кітаем расейскай нафты, нягледзячы на заклікі Ўкраіны і саюзьнікаў аказаць ціск на Пэкін.

Перамовы адбыліся праз тыдзень пасьля таго, як Вашынгтон увёў санкцыі супраць дзьвюх буйных расейскіх нафтавых кампаніяў. Кітай застаецца найбуйнейшым пакупніком расейскай нафты і найважнейшым партнэрам Масквы на фоне вайны Расеі супраць Украіны.