Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп загадаў амэрыканскім вайскоўцам неадкладна аднавіць выпрабаваньні ядзернай зброі ўпершыню за 33 гады, за некалькі хвілін да пачатку сустрэчы са старшынём Кітаю Сі Дзіньпінам, піша Reuters.
Паводле інфармацыі Цэнтру стратэгічных і міжнародных навук (CSIS), да 2030 году чакаецца, што арсэнал Кітаю перавысіць 1000 адзінак.
Трамп зрабіў нечаканую заяву ў Truth Social, знаходзячыся на борце свайго верталёта, які ляцеў на сустрэчу зь Сі Дзіньпінам для гандлёвых перамоваў у Пусане, Паўднёвая Карэя. Ён сказаў, што даручыў Пэнтагону праверыць ядзерны арсэнал ЗША на «роўных умовах» з іншымі ядзернымі дзяржавамі.
«З-за праграм выпрабаваньняў іншых краін я даручыў вайсковаму міністэрству пачаць выпрабаваньні нашай ядзернай зброі на роўных умовах. Гэты працэс пачнецца неадкладна», — напісаў Трамп.
«Расея займае другое месца, а Кітай — трэцяе зь вялікім адставаньнем, але на працягу 5 гадоў будзе на адным узроўні», — напісаў Трамп.
Ён не падаў падрабязнасьцяў і не адказваў на пытаньне журналіста пра свой допіс пасьля сваіх першых заўваг да Сі. Не адразу зразумела, ці меў Трамп на ўвазе тэставаньне ядзерных выбухаў, якія будзе праводзіць Нацыянальная адміністрацыя ў ядзернай бясьпецы, ці лётныя выпрабаваньні ракет, здольных несьці ядзерную зброю.
Асацыяцыя кантролю над узбраеньнямі сьцьвярджае, што Злучаныя Штаты маюць запас 5225 ядзерных боегаловак, а Расея — 5580.
29 кастрычніка Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея пасьпяхова выпрабавала ядзерную супэртарпэду «Пасэйдон», якая, паводле ваенных аналітыкаў, здольная разбурыць прыбярэжныя рэгіёны, выклікаючы велізарныя радыеактыўныя хвалі ў акіяне.
Форум