Пра гэта піша Euronews.
Расея сутыкнулася з новай хваляй санкцыяў з боку ЗША і ЭЗ, а эканоміка знаходзіцца на мяжы рэцэсіі, але ўсяго гэтага недастаткова, каб абмежаваць яе магчымасьці па фінансаваньні вайны ва Ўкраіне, лічаць экспэрты, апытаныя Euronews.
«Рэцэсія амаль нічога ня значыць для эканамічнай і палітычнай стабільнасьці Расеі ў гэтыя дні», — кажа эканаміст Уладзіслаў Іназемцаў, сузаснавальнік і чалец кансультатыцыйнай рады Цэнтра аналізу і стратэгій у Эўропе (CASE).
Погляд знутры на расейскую эканоміку
Нягледзячы на рост вайсковых выдаткаў, расейская эканоміка дэманструе прыкметы спаўзаньня да рэцэсіі або стагфляцыі.
Інфляцыя застаецца высокай і суправаджаецца рэзкім запаволеньнем эканамічнага росту. У сакавіку інфляцыя дасягнула піка ў 10,3%, а ў верасьні зьнізілася да 8%.
Высокія адсоткавыя стаўкі і востры недахоп рабочай сілы (узровень беспрацоўя складае 2,1%) стрымліваюць рост. У першым квартале 2025 года эканоміка вырасла на 1,4% у гадавым вылічэньні, у другім квартале — на 1,1%, у параўнаньні з 4,1% гадавога росту ў 2023 і 2024 гадах.
Па дадзеных Oxford Economics, расейская эканоміка не знаходзілася ў стане рэцэсіі (якая вызначаецца як скарачэньне эканомікі на працягу двух кварталаў запар). Аднак эканамісты глябальнай эканамічнай кансультацыйнай фірмы заявілі Euronews Business, што чакаюць, што рост у трэцім квартале будзе слабым — 0,2% у квартальным вылічэньні.
«У бліжэйшай пэрспэктыве мы чакаем такіх жа тэмпаў росту, але ня выключана, што нядаўнія нафтавыя санкцыі прывядуць эканоміку да рэцэсіі», — дадалі аналітыкі.
Уладзіслаў Іназемцаў з CASE сказаў Euronews:
«Настроі ў бізнэсе, у цэлым, змрочныя... Прадпрымальнікі чакаюць пагаршэньня агульных умоў, эканамічнага застою, зьніжэньня спажывецкага попыту і росту падаткаў».
Эканаміст чакае, што ў бліжэйшыя месяцы расейская эканоміка ўваходзіць ува памяркоўную рэцэсію, якая завершыцца нулявым гадавым ростам у 2025 годзе і «скарачэньнем ад 1% да 1,4% у 2026 годзе».
Расейская эканоміка адаптавалася да вайны і знаходзіцца ў стане раўнавагі, гаворыцца ў нядаўнім дакладзе Цэнтра аналізу і стратэгій у Эўропе (CASE). У дакладзе прагназуецца працяглы пэрыяд палітычнай і эканамічнай стагнацыі ў Расеі, без асаблівага разьвіцьця на працягу наступных дзесяці гадоў.
Ці працуюць санкцыі?
У кастрычніку 2025 года ЭЗ і ЗША ўвялі санкцыі супраць Масквы, дапоўніўшы доўгі сьпіс абмежаваньняў, якія паступова ўводзіліся з моманту поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе.
ЗША ўвялі санкцыі супраць двух найбуйнейшых расейскіх нафтавых кампаній, «Раснафты» і «Лукойла», а таксама іх даччыных прадпрыемстваў.
Краіны ЭЗ прынялі 19-ы пакет санкцый, уключаючы поўную забарону на пастаўкі расейскага звадкаванага прыроднага газу з 2027 года і забарону на імпарт нафты і газу «Раснафты» і «Газпрам нафты» у ЭЗ.
Эўразьвяз таксама прыняў новыя санкцыі, каб перашкодзіць Расеі абысьці папярэднія абмежаваньні, прадухіліць інвэстыцыі ў краіну і пазбавіць яе магчымасьці атрымліваць некаторыя фінансавыя паслугі і інфраструктуру. Да гэтага дадаецца забарона на гандаль найважнейшымі матэрыяламі, неабходнымі для вядзеньня вайны.
Гэтыя меры «істотна ўзмацняюць ціск на расейскую ваенную эканоміку», лічаць у ЭЗ.
На думку Крамля, новыя больш жорсткія меры ніяк не паўплываюць на эканоміку Расеі і яе ваенную стратэгію ва Ўкраіне.
Аналітыкі гавораць, што Расея зьяўляецца асабліва складанай мішэньню, улічваючы, што яна экспартуе многія найважнейшыя тавары, уключаючы нафту і газ, угнаеньні, пшаніцу і каштоўныя мэталы. І Расея знайшла спосабы абысьці санкцыі і абмежаваньні, у тым ліку гандаль праз «ценявы флёт» нафтавых танкераў і нарошчваньне экспарту ў Кітай і Індыю.
Між тым экспэрты сумняюцца, што санкцыі спыняць ваенныя дзеяньні Расеі, нават калі яны прывядуць эканоміку краіны да рэцэсіі.
Санкцыі, несумненна, уплываюць на даходы Расеі ад продажу энэрганосьбітаў. Але энэргетычныя тавары, хоць і «важныя для ўнутранага рынку і для экспарту, не зьяўляюцца істотнай крыніцай даходаў для бюджэту, каб працягваць вайну», — кажа Эліна Рыбакова, навуковы супрацоўнік брусэльскага аналітычнага цэнтра Bruegel.
Дадзеныя CASE пацьвярджаюць, што залежнасьць фэдэральнага бюджэту ад нафты і газу рэзка зьнізілася. Іх доля ў агульных даходах зьнізілася з больш як 50% у 2011-2014 гадах да ўсяго 25% да сярэдзіны 2025 года.
Гэтае зьніжэньне адлюстроўвае падзеньне коштаў на нафту і аб’ёмаў яе здабычы ў Расеі, а таксама імклівае ўмацаваньне рубля і ўплыў заходніх санкцый.
Напады ўкраінскіх беспілётнікаў на расейскія нафтаперапрацоўчыя заводы не аказваюць істотнага ўплыву на абʼёмы экспарту, сказаў Іназемцаў, дадаўшы: «Расея прадае як сырую, так і перапрацаваную нафту. Калі НПЗ падарваныя, то доля сырой нафты проста павялічваецца, паколькі яна дастаўляецца ў парты безь перапрацоўкі».
«Санкцыі ня маюць вялікага значэньня, — сказаў Іназемцаў. Пуцін не плаціць за сваю вайну далярамі ці юанямі, якія ён атрымлівае ад экспарту. Ён плаціць працоўным і салдатам рублямі, якія можа друкаваць яго Цэнтральны банк або якія яго падатковая служба зьбірае з расейскага бізнэсу, які вырас у кастрычніку на 13,2% у параўнаньні з папярэднім годам», — кажа эканаміст.
У доўгатэрміновай пэрспэктыве зьніжэньне закупак Індыяй і Кітаем пагражае скарачэньнем ключавых даходаў, але нават калі экспарт расейскай нафты ў Індыю і Кітай скароціцца на траціну, «вайскоўцы не адчуюць гэтага як мінімум на працягу года (а хутчэй за ўсё, і пазьней)», лічыць эканаміст.
Экспэрты Oxford Economics пагадзіліся з ім, дадаўшы: «Вайна можа працягвацца гадамі. У Расеі ўсё яшчэ ёсьць грошы ў сувэрэнным фондзе (5,9% ВУП у верасьні, у тым ліку 1,9% ВУП у ліквідных актывах)».
Ключавой крыніцай даходу для фінансаваньня дэфіцыту бюджэту, які чакаецца на ўзроўні 2, 6% ВУП, зьяўляюцца дзяржаўныя запазычаньні на ўнутраным рынку. Чакаецца, што да канца 2025 года дзяржаўны доўг Расеі ў адносінах да ВУП складзе 17,7%, гаворыцца ў справаздачы CASE, што пацьвярджае стабільнасьць фіскальных пэрспэктыў краіны.
«Урад зможа фінансаваць вайну да таго часу, пакуль дэфіцыт будзе кіраваным і можа быць пакрыты часткова з сувэрэннага фонду і часткова за кошт запазычаньняў на ўнутраным рынку аблігацый», — гаворыцца ў справаздачы Oxford Economics.
Форум