Польскія зьнішчальнікі перахапілі расейскі разьведны самалёт

Разьведны Іл-20 расейскіх ВКС, архіўнае фота

Польскія зьнішчальнікі МіГ-29 перахапілі расейскі разьведны самалёт Іл-20, які выконваў палёт над Балтыйскім морам ля польскай паветранай прасторы. Гэта другі такі выпадак за тыдзень.

Перахоп адбыўся на фоне масіраваных удараў Расеі па Ўкраіне ў ноч з серады на чацьвер, перадае «Польскае радыё». У Польшчы ўсю ноч працавалі сыстэмы супрацьпаветранай і супрацьракетнай абароны і былі паднятыя ў паветра зьнішчальнікі Польшчы і іншых краінаў NATO.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Два расейскія самалёты парушылі паветраную прастору Літвы

Міністар нацыянальнай абароны Польшчы Уладзіслаў Касіняк-Камыш адзначыў, што расейскі самалёт не ўваходзіў у польскую паветраную прастору. Такі ж самалёт польскія вайскоўцы перахапілі ў аўторак. Ён ляцеў над міжнароднымі водамі Балтыйскага мора бяз пляну палёту і з адключаным транспондэрам.