«Вось яны, а вось мы». Ліст Сяргея Дубаўца да менскага сябра пра тое, калі гэта ўсё скончыцца

Удзельнікі аднаго з пратэставых маршаў у жніўні 2020 году ў Менску

Што думаюць, чым пераймаюцца і на што спадзяюцца беларусы ў вымушанай эміграцыі. Пра гэта ў новым лісьце да свайго менскага сябра піша Сяргей Дубавец.

Вітаю, дружа!

Ты пішаш, што цяпер найчасьцей чуеш пытаньне: калі гэта ўсё скончыцца? Па-мойму, пра гэта думаюць беларусы з абодвух бакоў мяжы. Ня трэба нават і ўдакладняць, што гаворка пра рэпрэсіі, вайну, абсурд у тэлевізары і дэградацыю ва ўсіх сфэрах жыцьця. Гэта — усё, што павінна скончыцца.

Ведаеш, я не перастаю зьдзіўляцца, як далёка наперад пайшла Літва. Я яшчэ памятаю, як у Літоўскай ССР ушаноўвалі літоўскіх савецкіх партызан, як адзначалі зьезды КПСС (TSKP), як галоўны праспэкт у Вільні насіў імя Леніна, а ў Крымінальным кодэксе быў артыкул пра антысавецкую прапаганду (Antitarybinė agitacija ir propaganda), і што «колхоз» па-літоўску — kolūkis. (Цікава, што нашы беларускамоўныя калгасьнікі ніколі не ўжывалі беларускі пераклад — калгас, толькі калхоз). Але літоўцы забылі пра гэта, як пра страшны цырк, і пайшлі наперад, а мы заблукалі па дарозе назад. І вось настаў час, калі нават ілюзіі на тое, што наша будучыня ззаду, не засталося.

Літоўцы, вядома ж, людзі розныя, але такога пытаньня — калі гэта скончыцца? — у іх не ўзьнікае. Яны збудавалі той сьвет, у якім і хацелі жыць. У іх і ў думках няма, каб гэты іхны сьвет скончыўся.

Рэха даўнейшай вёскі

За гэтыя трыццаць гадоў у Беларусі перастала існаваць вёска, зьнікла сялянства «як кляса», растварылася ў паветры вясковая мэнтальнасьць. Усё, што за гэты час рабілася вартаснага на зямлі, было плёнам ужо гарадзкіх даўншыфтэраў, адукаваных, прадпрымальных і недзяржаўных людзей.

Што да ўлады, дык гэта ўсё яшчэ людзі зь сялянскай мэнтальнасьцю, прычым з горшай яе праявай

Што да ўлады, дык гэта ўсё яшчэ людзі зь сялянскай мэнтальнасьцю, прычым з горшай яе праявай — калі посьпехам лічыцца няшчасьце суседа, а ўчынкам — яму нагадзіць, закінуць хоць якое паскудзтва ў суседзкі двор. І якраз гэтай сваёй мэнтальнасьцю людзі ўлады і аб’яднаныя. І якраз гэтым яны адрозьніваюцца ад большасьці беларусаў, якія па-сучаснаму мысьляць, умеюць працаваць і дасягаць посьпеху, як тыя айцішнікі, калі б толькі тыя, уладныя, ім не заміналі, маючы заніжаныя чаканьні ад сябе, але і ад усіх іншых.

Вось, дарэчы, адкуль мог узяцца гэты «экстрэмізм» — як вобраз завышаных чаканьняў, здольнасьцяў, эмпатыі і веры ў сваю нацыю. Самі ўладныя вераць толькі ў Расею — і гэта таксама праява «затурканага вяскоўца», пазбаўленага годнасьці, веры ў сябе і ў будучыню краіны.

З гледзішча нэгатыўнай сялянскай мэнтальнасьці, моцна крыўджанай у калгасныя часы за тупасьць і адсталасьць, яны сапраўды перамаглі ў 1994-м, але іхная ўлада адразу ператварылася ў фантом. І трымаецца гэты фантом толькі на службістах, якім веру ў сябе дае зброя.

Дэлегаты Ўсебеларускага народнага сходу. Менск, 2021 год

На «ўсебеларускім народным сходзе» яны зьбіраюцца ў адной залі ўсе. Яны самазадаволеныя і спалоханыя адначасова. На карцінцы таго сходу — у чыстым выглядзе псыхалёгія прыгоннага селяніна, які рабалепствуе перад сваім расейскім гаспадаром. Ніхто зь іх не вясковец, не чалавек, які жыве ў вёсцы. Яны займаюць дарагія катэджы, хоць ня маюць ніякіх праўдзівых заслуг. Яны ўсе адразу пазначаныя маркерам — зваротам на «ты». Чалавек, да якога публічна зьвяртаюцца ты — ужо вінаваты, ужо халоп. Іхны сход далёкі ад сучаснага гораду, цывілізацыі, прагрэсу і жывога жыцьця. Інакш кажучы, яны ня ў вёсцы і ня ў горадзе. Яны фантом, чым і тлумачыцца, што яны так доўга ва ўладзе. Для нацыі гэтая ўлада — фантомны боль. Як змагацца з тым, чаго няма?

І калі чыноўнікі слухаюць наганяй, як адмыць закарэлых кароў, трэба ўявіць сабе, як яны будуць гэта рабіць. У нас за ўсё адказныя чыноўнікі, а зусім ня тыя, хто рэальна ўмее рабіць справу. А чыноўнікі альбо ўвогуле ні на што ня здатныя, альбо пастаўленыя не на сваё месца. Кажуць, Каранік быў добрым хірургам, цяпер гуляе капустай у баскетбол.

Фантомная ўлада патрэбная для таго толькі, каб праводзіць фіктыўныя «выбары». Іх роля — запаўняць залю «ўсебеларускага народнага сходу» і асабліва не адсьвечваць. Ва ўсёй гэтай фармацыі ўжо адбылася атрафія якой-будзь дзейнасьці, сэнсу, жаданьняў…

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зьнікне, вёска — застанецца. Чаму беларуская вёска — не «деревня» і не «агрогородок»

Кітайская фара

«Чыя фара?» — пытаецца адзін чыноўнік у другога. «Кітайская, „ — гучыць адказ. „А чый шчыток?“ — „Кітайскі“. Пра што яны гавораць? Пры тым, што абодва ня маюць да вырабу матацыклаў ніякага дачыненьня. „Каб навёў мне тут парадак!“ — кажа чыноўнік групе такіх самых кабінэтных таварышаў, што стаяць пасярод гнойнай жыжы на калгасным двары. Як быццам гэтыя, падобныя да адкормленых кабанчыкаў у залатых акулярах будуць дзесьці штосьці наводзіць. «Больш ніякіх установаў культуры, усе грошы на кароўнікі!», «На чорта нам Балёнскі працэс, на чорта магістратура!» Так памерлае сяло на найвышэйшым узроўні «рашае вапросы» ў краіне, дзе жывуць нармальныя беларускія людзі.

А вось як сто гадоў таму наш пісьменьнік Максім Гарэцкі ў рамане „Дзьве душы“ апісаў тагачасны сельскі сход (з магілёўскім акцэнтам):

«Выходзіць другі малады і кажаць: „Таварішы! Школу надыбе небяспріменна адчыніць. У трёх дзяреўнях німа школы, у двух Шкандзіных і ў Гарелаўцы. І між намі, таварішы, німа ніводнага сьветлага чалавека, усе мы цёмныя…“ Яму ня ўзбунт крычыць самы разумны бацька: „Ня слухайце яго! Ён толькі наўчыўся языком бряхаць… Лес-то дармавэй, а пра налогі, як школу адчынім, ён нічога не сказаў“. І тут другі бацька: „Сажань дроў пастанавілі па сорак рублёў — во тут і жыві…“ А там нехта яшчэ дзярэць ува ўсё горла: „Мне некага ў школу пасылаць!“ — „А сына й дачку?“ — пытаецца малады. „А лапці хто будзе мне плесьць?“ — крычыць той. „А сам?“ — ізноў пытаецца малады. „Я? Я ўжо за сваіх сорак гадоў наплёўся!“ І старыя ўжо пастанаўляюць: „Не надыбе вучылішча, не надыбе. Дзяцей патворіць нечага!“».

Словам, каб не «патворыць» дзяцей, ня трэба ніякіх школ! А магістратураў і пагатоў!

Трыццаць гадоў такой улады — ад яе фантомнасьці. Яна тое, чаго быццам і няма. Бо нічога «не надыбе». Яна як адрэзаная нага, што працягвае балець.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 30 гадоў абяцаньняў. Пра што Лукашэнка пісаў у сваіх перадвыбарчых праграмах і што з гэтага выканаў

Калі гэта ўсё скончыцца?

Бядотны стан краіны і нацыі, а таксама няздатнасьць улады сьведчыць, што гэта ўсё ўжо і скончылася. Сілавікі, на якіх фактычна трымаецца фантом улады, могуць сьвяткаваць перамогу. Але насамрэч фантом будзе працягваць вісець у паветры, бо пытаньне ня ў тым, калі скончыцца гэта, а ў тым, калі пачнецца іншае.

Вядома, у тут ёсьць шмат прычын: Расея, агентура, пасіўнасьць людзей, рэпрэсіі… Але я згадваю 1980-я гады, калі ў беларускіх асяродках пра гэта не гаварылі, бо і так усё ясна. Гаварылі пра сваё. Як там у Бахарэвіча: «Вось яны, а вось мы». Вось часопіс «Политический собеседник», а вось газэта «Свабода». Яны і мы.

Фантом будзе працягваць вісець у паветры, бо пытаньне ня ў тым, калі скончыцца гэта, а ў тым, калі пачнецца іншае

Проста ў галаву нікому не прыходзіла тлумачыць свае няўдачы іхнымі перашкодамі ці «адсталасьцю» народа, ці агентурай, ці яшчэ чым. Казалі: у нас усё толькі расьце ды буяе і ня можа быць інакш. Дзесьці ў 1990-х гэтыя тэмы сталі пранікаць у дэмакратычнае асяродзьдзе — пасіўнасьць ці неразьвітасьць ці негатовасьць народу (то бок вызначальным фактарам пераставалі быць мы), мы пераставалі адчуваць сябе адной камандай і праз тое пачалі страчваць набытую суб’ектнасьць. І ў 2020-м справа не даводзілася да канца, бо не было ўжо сфармаванай суб’ектнасьці.

Таму, думаючы пра тое іншае, якое пачынаецца цяпер, я згадваю 1980-я, калі фармавалася суб’ектнасьць, калі былі яны і мы, але нам было больш за ўсіх трэба.

Адразу гэта навідавоку быў не палітычны рух, а літаратурны, музычны, тэатральны, фальклёрны ці археалягічныя раскопкі — тое, дзе зьбіралася моладзь. І тое самае адбываецца сёньня. Глядзі, як сёньня расквітнела кніжніцтва. Культурны прадукт не жыве без спажыўца і кожны, хто, напрыклад, набывае і чытае беларускія кнігі, далучаецца да каманды стваральнікаў. Мноства культурніцкіх сайтаў адрозьніваецца ад палітычных тым, што там няма і ня можа быць між удзельнікамі канфрантацыі, бо ідзе вырошчваньне, гадаваньне, пешчаньне нацыянальнага суб’екту. Між іншым, у параўнаньні з 1980-мі ўсё ў разы шырэй, і таксама можна дзівіцца гэтай энэргіі, што нараджаецца пад уласнымі рукамі. Гэта чыстае «надыбе».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы вярталі адчуваньне падмурку». У Вільні прэзэнтавалі перавыданьне «Майстроўні», якая вяртала беларусам іх мову і культуру. ФОТА

Літаральна ўчора мне напісаў уражаны Зьміцер Бартосік: «На сайце Кінакіпа гляджу „Гамлета“ з Мэлам Гібсанам. У беларускім перакладзе. Гарбуз агучвае. Крута. Вельмі крута».

Гэта і ёсьць мы. А яны… Яны жывуць падзяжом жывёлы, закіданьнем у Літву кантрабанды і мігрантаў, новай рэзыдэнцыяй у Сочы і новай турмой і ўсякім іншым дзікунствам, ад якога на заўтра застаецца выпусташэньне. З нашага боку — чысты прыбытак у выглядзе суб’ектнасьці нацыі, прамое дзеяньне дзеля будучыні дзяцей. Будучыня ў культуры, а не ў кароўніках.

Адчуй гэтае заўтра, якая настае. І не сумуй.


Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.