Мігранты з нажніцамі, рыдлёўкамі і драбінамі спрабавалі вялікімі групамі прарвацца ў Літву зь Беларусі

Літоўскі памежны знак. Ілюстрацыйнае фота

У Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамілі, што за апошнія содні на мяжы зь Беларусьсю разьвярнулі 63 іншаземцаў, якія спрабавалі незаконна перасячы мяжу.

Як паведаміла агенцтва BNS, гэта найбольшая колькасьць спыненых цягам содняў мігрантаў з восені 2022 году.

«Гэта сама больш за пэрыяд з 25 кастрычніка 2022 году, то бо за тры гады. Тады разьвярнулі 81 мігранта, і з таго часу такой колькасьці, як за апошнія 24 гадзіны, не было», — сказаў прадстаўнік памежнай службы Літвы Гедрус Мішуціс.

Паводле яго, нетыпова тое, што мігранты спрабавалі прарвацца ў краіну вялікім групамі на кароткім участку мяжы ў Лазьдзейскім раёне.

«Адразу пасьля 12-й гадзіны дня ў адным месцы недалёка ад мяжы зьявіліся 32 мужчыны. Гэта вельмі вялікая група. Празь дзьве хвіліны за 500 мэтраў ад іх зьявіліся яшчэ 27, яны выйшлі зь лесу. Праз 10 хвілін за два кілямэтры ад іх зьявіліся яшчэ тры чалавекі», — дадаў прадстаўнік памежнай службы.

Гедрус Мішуціс ня выключыў, што такім чынам мігранты спадзяваліся павялічыць свае шанцы прарвацца ў Літву.

«Падобна, тактычныя расстаноўкі тут такія, каб памежнікі не пасьпелі адрэагаваць, і імавернасьць прарыву вялікай групы вышэйшая. Аднак памежнікі ўчора адрэагавалі практычна ідэальна, яны змаглі ахапіць патруляваньнем на службовых уседарожніках усе тры месцы», — паведаміў прадстаўнік памежнай службы.

Паводле яго, мігранты згубілі па дарозе нажніцы для мэталу, драбіны, а несьлі з сабой разнастайныя рыдлёўкі.

«Без садзеяньня беларускіх адказных асобаў, а таксама, імаверна, накіраваньня і фармаваньня гэтых групаў наўрад ці магчыма, каб 60 чалавек спакойна хадзілі па закрытай, кантраляванай тэрыторыі ўчастка мяжы і спрабавалі да яе наблізіцца», — перакананы прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Сёлета літоўскія памежнікі разьвярнулі больш за 1,5 тысячы мігрантаў, якія спрабавалі незаконная перасячы мяжу з боку Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У кастрычніку Літва зафіксавала рэкордную за апошнія паўгоду колькасьць спробаў нелегальнага пераходу мяжы зь Беларусі

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандар Лукашэнка ня раз заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальных мігрантаў, якія ідуць у Эўразьвяз празь Беларусь, бо іх туды нібыта «паклікалі». Апошняя гэткая заява была 28 кастрычніка:

«Ва ўмовах усеабдымнага санкцыйнага ціску ў нас няма ні лішніх рэсурсаў, ні маральных абавязаньняў разьвязваць праблемы тых, хто гэтыя санкцыі ўвёў. Нас душаць санкцыі, кажуць, абараняйце нас... Як толькі ўвялі санкцыі і разарвалі з намі адносіны ў пытаньнях міграцыі, я ім сумленна і адкрыта сказаў: мы лавіць тут анікога ня будзем і абараняць ня будзем. Мы ня будзем вас абараняць зь пятлёй на шыі. Санкцыі — гэта пятля на шыі беларускага народу. І вы ад нас патрабуеце вас абараняць? Гэтага ня будзе», — заявіў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі паведамілі, што з пачатку мігранцкага крызісу на беларуска-латвійскай мяжы знайшлі целы 35 мігрантаў