Паводле МЗС Беларусі бакі абмеркавалі«пэрспэктывы ўзаемадзеяньня Беларусі з Упраўленьнем вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека».
Паводле інфармацыі прэс-службы МЗС, размова ішла ў тым ліку аб «арганізацыі работы па рэкамэндацыях, прынятых па выніках чацьвёртага цыкла ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду» Беларусі, дыскусія аб якіх прайшла 3 лістапада ў Жэнэве. Бакі, як сьцьвярджае МЗС Беларусі, «абмяняліся думкамі аб глябальных тэндэнцыях у забесьпячэньні ўмоў для рэалізацыі правоў чалавека».
«Беларускі дыплямат прыцягнуў увагу вярхоўнага камісара да пагаршэньня сытуацыі ў асобных краінах Эўразьвязу, а таксама да абуральных парушэньняў, зьвязаных з закрыцьцём межаў Польшчай, Літвой і Латвіяй», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС.
Сякрэта заявіў, што Менск гатовы да «непалітызаванага ўзаемадзеяньня» з УВКПЧ і ў чарговы раз запрасіў Цюрка ў Беларусь.
Вярхоўны камісар і ягоны апарат пра сустрэчу з беларускім чыноўнікам на сваіх рэсурсах ня згадваюць, піша «Позірк».
У панядзелак у ААН афіцыйная Беларусь сутыкнулася з рэзкай крытыкай з боку шматлікіх краін з нагоды парушэньня правоў чалавека, у тым ліку з абвінавачваньнямі ў сыстэмных рэпрэсіях, палітычна матываваных рэпрэсіях і шырока распаўсюджаных катаваньнях.
Падчас агляду сытуацыі ў Беларусі ў ААН у Жэнэве многія дыпляматы выказалі трывогу з нагоды пагаршэньня сытуацыі, заявіўшы пра шматлікія злоўжываньні, у тым ліку некаторыя з якіх можна кваліфікаваць як «злачынствы супраць чалавечнасьці», піша AFP.
Пасол Нарвэгіі Тормуд Эндрэсэн заклікаў Беларусь «спыніць сыстэмныя рэпрэсіі палітычна матываваных рэпрэсій, у тым ліку затрыманьні, катаваньні і перасьлед палітычных апанэнтаў і іх сем’яў».
Элінор Сандэрс, пасол Вялікабрытаніі па правах чалавека ў Жэнэве, заявіла, што яе краіна «глыбока занепакоеная працяглым парушэньнем правоў чалавека ў Беларусі».
Падтрымліваючы шэраг іншых дыпляматаў, Сандэрс асудзіла «шырока распаўсюджаныя рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ і палітычнай апазыцыі» ў Беларусі з 2020 года.
Падчас Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду (УПА), які ўсе 193 дзяржавы-чальцы ААН павінны праходзіць раз у некалькі гадоў, намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сякрэта адхіліў крытыку, назваўшы яе «ўмяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі».
Ён адхіліў занепакоенасьць, выказаную шматлікімі дыпляматамі, што вялікая колькасьць палітычных зьняволеных знаходзіцца ў турмах:
«Спробы паказаць парушальнікаў закона... як палітычных зьняволеных або ахвяр сумленьня сфабрыкаваныя», — сказаў ён.
Праваабарончыя групы заяўляюць, што ў Беларусі за кратамі застаецца больш за 1000 палітычных зьняволеных.
Пасол Беларусі Ларыса Бельская раскрытыкавала «спробу заходніх краін маніпуляваць гэтай тэмай, выстаўляючы наратывы пра нібыта незаконнасьць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў», што яна абвінаваціла ў спробе апраўдаць санкцыі супраць краіны.
«Выбары ў Беларусі свабодныя, справядлівыя, законныя і дэмакратычныя», — сказала яна.
Шэраг дыпляматаў заклікалі Беларусь спыніць падтрымку, якую яна аказвала Расеі ў вайне ва Ўкраіне.
Пры гэтым падчас дыскусіі ў Жэнэве афіцыйная Беларусь атрымала падтрымку ад некаторых дзяржаў, у прыватнасьці Расея раскрытыкавала «палітызаваны падыход шэрагу заходніх краін адносна сытуацыі ў Беларусі».
Прадстаўнік Расеі Яўген Усьцінаў заявіў, што заходнія краіны «нагнятаюць гістэрыю вакол так званых палітычных зьняволеных» у спробе «дэстабілізаваць сытуацыю ў Беларусі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жэнэве разглядаюць сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Даклад афіцыйнага Менску супярэчыць інфармацыі ААН