«Беларусь стабільна ўваходзіць у лік краін зь вельмі высокім узроўнем чалавечага разьвіцьця», — заявіў намесьнік міністра замежных справаў Ігар Сякрэта, выступаючы на паседжаньні. Разгляд беларускага пытаньня пачаўся у Жэнэве 3 лістапада.
Беларусь чацьвёрты раз з 2010 году дае справаздачу аб сытуацыі з правамі чалавека ў межах Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду (УПА). Паводле Ігара Сякрэты, сытуацыя ў Беларусі паляпшаецца, краіна займае 32-е месца сярод 167 дзяржаваў сьвету па ўзроўні прагрэсу ў дасягненьні мэтаў устойлівага развіцьця.
Што ў афіцыйным дакладзе
У нацыянальным дакладзе, прэзэнтаваным у Радзе правоў чалавека ААН, сьцьвярджаецца, што:
- у Беларусі забясьпечаныя асноўныя палітычныя правы грамадзянаў, у тым ліку права на выбар улады. Гэтак, паводле ўрадавага дакладу, «выбары Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь у 2025 годзе прайшлі на альтэрнатыўнай аснове ў поўнай адпаведнасьці з нацыянальным заканадаўствам і міжнароднымі абавязаньнямі Беларусі ва ўмовах шырокага замежнага назіраньня — 486 чалавек з 52 краін. Назіральнікамі выбары былі аднагалосна прызнаныя свабоднымі, справядлівымі, законнымі і дэмакратычнымі»;
- што беларусы не абмежаваныя ў праве на удзел у грамадзкіх арганізацыях. «На 1 ліпеня 2025 г. у краіне зарэгістравана 1360 грамадзкіх аб’яднаньняў, 19 прафсаюзаў. Зарэгістравана, пастаўлена на ўлік 47615 арганізацыйных структураў грамадзкіх аб’яднаньняў і 27819 арганізацыйных структураў прафсаюзаў. На працягу 2025 году зарэгістравана, пастаўлена на ўлік 559 арганізацыйных структураў грамадзкіх аб’яднаньняў і 334 арганізацыйныя структуры прафсаюзаў», — сьцьвярджаецца ў афіцыйным дакладзе;
- што ў Беларусі максымальна забясьпечана права на працу, пра што сьведчыць адсотак беспрацоўных, найніжэйшы з 2012 году. «У выніку прыманых захадаў узровень беспрацоўя сярод грамадзян працаздольнага ўзросту паводле мэтадалёгіі Міжнароднай арганізацыі працы ў 2024 годзе склаў 3,1% і быў адным з найніжэйшых з пачатку назіраньня»;
- што дзяржава працягвае траціць шмат грошай на падтрымку сем’яў: «У 2025 годзе на сістэму дзяржаўных дапамогаў вылучана 3,7 мільярда рублёў, зь іх амаль 2 мільярды — на выплату дапамог у доглядзе дзіцяці да 3 гадоў. Выплатамі ахоплена кожнае пятае дзіця ў краіне, зь іх дзеці да 3 гадоў — 100%» — паведамляе афіцыйны Менск;
— што маладым сем’ям дзяржава дапамагае будаваць жыльлё. «У рамках аказаньня дзяржаўнай дапамогі ў галіне жыльлёва-крэдытных адносінаў у 2024 годзе 5,6 тыс. маладых сем’яў і 7,8 тыс. шматдзетных сем’яў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы».
Нацыянальны даклад, які прэзэнтавала Беларусь на сэсіі УПА, складаецца зь некалькіх разьдзелаў на 26 старонках.
Чаго няма ў дакладзе
Напярэдадні разгляду афіцыйнага беларускага нацыянальнага дакладу ў Жэнэве управа Высокага камісара ААН у правах чалавека (УВКПЧ) апублікавала ўласную падборку іфармацыі аб сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Гэтая падборка падрыхтаваная на падставе справаздачаў незалежных экспэртаў і экспэртных групаў, якія вывучалі зьвесткі незалежных крыніц з Беларусі. Яны значна разыходзяцца ў высновах з нацыянальным дакладам.
Гвалт супрацоўнікаў сілаў бясьпекі
Паводле інфармацыі ўправы Высокага камісара ААН, перад слуханьнямі былі вывучаны сьведчаньні, сабраныя з 1 траўня 2020 году па 31 сьнежня 2023 году.
«Ёсьць дастатковыя падставы меркаваць, што ў гэты пэрыяд супрацоўнікі сілаў бясьпекі Беларусі ўчынялі згвалтаваньні й іншыя формы сэксуальнага і гендэрнага гвалту, уключна з сэксуалізаваным катаваньнем і прымушэньнем разьдзявацца дагала», — мяркуюць ва ўправе Высокага камісара ААН у правах чалавека.
Такія дзеяньні, паводле інфармацыі Высокага камісара, рабіліся ў адносінах да мужчын, хлопчыкаў, жанчын і небінарных асобаў «у міліцэйскіх аўтамабілях, аддзяленьнях міліцыі і месцах утрыманьня пад вартай».
Больш за 32% з усіх 657 апытаных паведамілі, што сталі ахвярамі гендэрнага гвалту, у тым ліку сэксуальнага, даводзяць ва ўправе. Паводле інфармацыі управы Вярхоўнага камісара, найбольш распаўсюджанымі формамі сэксуальнага і гендэрнага гвалту ў Беларусі былі беспадстаўныя ператрусы з разьдзяваньнем, а таксама пагрозы згвалтаваньня, якія былі шырока распаўсюджаны і зыходзілі ад прадстаўнікоў улады.
Сьмерці падчас затрыманьняў і ў вязьніцах
Управа Высокага камісара ААН у правах чалавека таксама сабрала дадатковыя сьведчаньні аб трох выпадках сьмерці беларусаў у вязьніцах. Высновы, якія зрабілі экспэрты ААН, дагэтуль не зьняпраўдзіў афіцыйны Менск.
«Сьмерці, як мяркуецца, былі вынікам неапраўданага ці неадпаведнага ўжываньня сілы падчас пратэстаў у 2020 годзе або падчас утрыманьня пад вартай. УВКПЧ мае дастатковыя падставы меркаваць, што адна сьмерць наступіла ня ў выніку самагубства, як сьцьвярджалі ўлады Беларусі, а дзьве іншыя сьмерці наступілі з прычыны мэдычнай халатнасьці ў месцах пазбаўленьня волі. УВКПЧ знайшла дастаткова падставаў меркаваць, што гэтыя тры сьмерці могуць быць прыроўненыя да парушэньня права на жыцьцё».
Інфармацыя ўправы Высокага камісара ААН у правах чалавека выкладзеная на 14 старонках.
На чацьвёрты цыкл разгляду сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў межах Унівэрсальнага пэрыядычнага агляду, які пачаўся ў Жэнэве, пададзены даклад праваабарончых ды іншых недзяржаўных арганізацыяў.
У працоўную групу Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду уваходзяць прадстаўнікі 47 краін сьвету, але на разглядзе пытаньня могуць прысутнічаць прадстаўнікі іншых краін ААН. Беларусь апынулася сярод 14 краін, сытуацыя з правамі чалавека ў якіх разглядаецца на цяперашняй сэсіі УПА.
Шэраг краінаў скрытыкавалі палітыку ўладаў Беларусі што да правоў чалавека
Занепакоенасьць пагаршэньнем становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі ў Беларусі было выказана сёньня ў выступах шэрагу дэлегацый у Жэнэве (Швэйцарыя) падчас слуханьняў чацьвёртага цыклю Ўнівэрсальнага пэрыядычнага агляду (УПА) у межах Рады Савета ААН у правах чалавека.
Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Шэраг выступоўцаў запатрабаваў вызваліць палітвязьняў і ажыцьцявіць іх поўную рэабілітацыю, забясьпечыць перагляд «антыэкстрэмісцкага» заканадаўства, спыніць перасьлед грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі і падтрымку расейскай агрэсіі ва Ўкраіне, правесьці свабодныя выбары, забясьпечыць свабоду СМІ і грамадзкіх арганізацый, увесьці мараторый на сьмяротнае пакараньне.
У прыватнасьці, такія тэзісы гучалі ў выступах дэлегацыяў большасьці краінаў Эўразьвязу (прадстаўнікі Баўгарыі, Вугоршчыны і Славаччыны ў дэбатах не ўдзельнічалі), Аўстраліі, Вялікай Брытаніі, Ісьляндыі, Канады, Нарвэгіі, Новай Зэляндыі, Украіны, Эквадору.
Дэлегацыі Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і іншых краін запатрабавалі таксама спыненьня міграцыйнага крызісу.
Усяго ў дэбатах узялі ўдзел больш за 100 дэлегацыяў, некаторыя адзначалі пэўны прагрэс, дасягнуты, на іх думку, Беларусьсю, за мінулыя пяць гадоў.
Форум