Гэта зьвесткі Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі на 8-ю гадзіну раніцы 5 лістапада.
Выезду ў Польшчу ў адзіным дзейным пункце пропуску «Берасьце» 4 лістапада чакалі 2690 легкавых аўтамабіляў і 150 аўтобусаў.
Вядома, што машыны стаяць у чарзе больш за тры дні.
У пункце пропуску «Казловічы» на мяжы з Польшчай у чарзе на выезд сёньня 2100 грузавікоў, дзень таму было 1780.
На беларуска-латвійскай мяжы ў пункце «Грыгораўшчына» стаяць 520 грузавікоў, дзень таму было 485.
Пасьля прылёту зь Беларусі балёнаў з кантрабанднымі цыгарэтамі літоўскі ўрад закрыў два пункты пропуску на мяжы з Беларусьсю. У выніку зьявіліся доўгія чэргі легкавікоў і аўтобусаў на выезьдзе зь Беларусі ў Польшчу.
Як раней паведамляў Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі, у сувязі з закрыцьцём літоўскімі ўладамі мяжы з Беларусьсю ў шэсьць разоў вырасла чарга легкавых транспартных сродкаў на выезьдзе ў Польшчу ў пункце пропуску «Берасьце».
Калі тыдзень таму выезду празь беларуска-польскую мяжу ў сярэднім чакалі 300-400 аўтамабіляў, то сёньня іх больш за 2500, паведамляе мытны камітэт.
Грузавыя транспартныя сродкі, якія выяжджалі ў Эўразьвяз празь беларуска-літоўскую мяжу, таксама пераарыентаваліся на польскі і латвійскі кірункі.
Улады Беларусі накіравалі літоўскія грузавікі толькі на беларуска-літоўскі ўчастак мяжы, пасьля гэтага, як паведамляе мытны камітэт Беларусі, колькасьць аўтамабіляў, якія чакаюць выезду ў Польшчу і Латвію, вярнулася да стабільных для цяперашняга часу лічбаў.
31 кастрычніка ўрад Беларусі пастанавіў забараніць праезд літоўскім фурам праз пункты пропуску іншых краін.
Што папярэднічала
Літва закрыла мяжу 27 кастрычніка пасьля масавых запускаў з тэрыторыі Беларусі паветраных балёнаў нібыта з кантрабандай.
У той жа дзень Міністэрства замежных справаў Беларусі выклікала часовага паверанага ў справах Літвы Эрыкаса Вілканецаса, каб уручыць ноту пратэсту «ў сувязі з чарговым аднабаковым закрыцьцём мяжы з боку Літоўскай Рэспублікі, ажыцьцёўленым безь якога-небудзь папярэдняга паведамленьня».
Да 27 кастрычніка памежная служба Літвы двойчы спыняла дзейнасьць сваіх пунктаў пропуску на мяжы зь Беларусьсю на некалькі гадзін уначы.
Перад тым Літва перадала на адрас Менску ноту пратэсту ў сувязі з частымі і рэгулярнымі парушэньнямі літоўскай паветранай прасторы.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа 28 кастрычніка заявіў, што прылёт аэрастатаў, выяўленых на тэрыторыі краіны, — гэта «наўмысныя дзеяньні, накіраваныя на дэстабілізацыю сытуацыі ў Літве».
Згодна з інфармацыяй Генэральнай пракуратуры Літвы, ад студзеня да верасьня ў Літве зафіксавалі больш за 500 выпадкаў перамяшчэньня кантрабандных цыгарэт паветранымі балёнамі. 12 справаў суды ўжо разгледзелі, чатыры ў працэсу разгляду. 18 чалавек прызналі вінаватымі, агульная сума спагнаных зь іх штрафаў перавышае 111 тысяч эўра.
Генэральная пракурорка Ніда Грунскене асобна зьвярнула ўвагу на тое, што ў Крымінальным кодэксе Літвы няма тэрміну «гібрыдная вайна», але, нягледзячы на гэта, правяраюцца розныя вэрсіі, каб даказаць, што перамяшчэньне кантрабанды ў Літву — «арганізаваная дзейнасьць».