Аднаго з пацярпелых ад выбуху на «Беларуськаліі» перавялі з рэанімацыі, іншыя ў стабільна цяжкім стане

Прадпрыемства «Беларуськалій». Ілюстрацыйнае фота

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі паведамілі, што аднаго з чатырох пацярпелых у інцыдэнце на прадпрыемстве «Беларуськалій» перавялі з рэанімацыйнага ў апёкавае аддзяленьне шпіталя хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску.

Стан яшчэ трох пацярпелых па-ранейшаму ацэньваюць як стабільна цяжкі. Два зь іх маюць цяжкую інгаляцыйную траўму, ім робяць штучную вэнтыляцыю лёгкіх. На 6 лістапада заплянавалі чарговую хірургічную апрацоўку ран і выдаленьне пашкоджаных тканак.

31 кастрычніка на прамысловай пляцоўцы цэху мэмбраннага электролізу 4 рудаўпраўленьня ААТ «Беларуськалій» разарвалася ёмістасьць з-пад салянай кіслаты. Ударная хваля пашкодзіла таксама суседні рэзэрвуар «з аналягічным хімічным растворам», утварыўся выцек кіслаты.

Ад хімічных апёкаў і траўмаў пацярпелі чацьвёра работнікаў — адна жанчына і трое мужчын. Спачатку дваім зрабілі апэрацыі ў салігорскім шпіталі, потым усіх перавезьлі ў шпіталь у Менску. Тут дактары правялі кансыліюм, дзе вызначылі тактыку далейшага лекаваньня.

Крымінальную справу завялі 1 лістапада паводле ч. 1 арт. 306 (парушэньне правілаў тэхнікі бясьпекі, прамысловай санітарыі ці іншых правілаў аховы працы службовай асобай, адказнай за іх выкананьне, якое пацягнула зь неасьцярожнасьці прычыненьне цяжкага ці менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля выбуху на «Беларуськаліі» Сьледчы камітэт распачаў крымінальную справу. Стан пацярпелых «стабільна цяжкі»