Як адзначаецца ў паведамленьні, яшчэ два пацярпелыя па-ранейшаму знаходзяцца на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Лекары адзначылі станоўчую дынаміку стану пацярпелай жанчыны.
31 кастрычніка на прамысловай пляцоўцы цэху мэмбраннага электролізу 4 рудаўпраўленьня ААТ «Беларуськалій» разарвалася ёмістасьць з-пад салянай кіслаты. Ударная хваля пашкодзіла таксама суседні рэзэрвуар «з аналягічным хімічным растворам», утварыўся выцек кіслаты.
Ад хімічных апёкаў і траўмаў пацярпелі чацьвёра работнікаў — адна жанчына і трое мужчын. Спачатку дваім зрабілі апэрацыі ў салігорскім шпіталі, потым усіх перавезьлі ў шпіталь у Менску. Тут дактары правялі кансыліюм, дзе вызначылі тактыку далейшага лекаваньня.
Крымінальную справу завялі 1 лістапада паводле ч. 1 арт. 306 (парушэньне правілаў тэхнікі бясьпекі, прамысловай санітарыі ці іншых правілаў аховы працы службовай асобай, адказнай за іх выкананьне, якое пацягнула зь неасьцярожнасьці прычыненьне цяжкага ці менш цяжкага цялеснага пашкоджаньня).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На прадпрыемстве «Беларуськалій» адбыўся выбух праз уцечку салянай кіслаты, пацярпелі 4 супрацоўнікі