Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Расеі Вячаслаў Гладкоў заявіў пра тое, што «каля 400 пацярпелых ад абстрэлаў з боку УСУ жыхароў Белгарадзкай вобласьці адпачнуць у санаторыях Беларусі да канца году», — цытуе яго БЕЛТА.
Паводле зьвестак прэс-службы ўраду Белгародзкай вобласьці, праграма знаходжаньня белгарадцаў у санаторыях «Лётцы», «Чэнкі» і санаторыі імя У.І. Леніна разьлічана на два заезды, кожны па 14 дзён. Першы стартуе 29 лістапада, другі — 14 сьнежня 2025 году.
Паведамляюць, што аздараўленьне жыхароў Белгарадзкай вобласьці ў Беларусі — ініцыятыва сталага камітэту так званай «саюзнай дзяржавы» і ўпаўнаважанай у правах чалавека ў Расеі Тацяны Маскальковай. Хто будзе аплачваць аздараўленьне, не паведамляецца.
Маскалькова, якая нарадзілася ў Віцебску, з 2023 году знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, уведзенымі з прычыны поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У беларускіх санаторыях будуць праводзіць рэабілітацыю расейцаў, параненых на вайне ва Ўкраіне- Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну расейскія рэгіёны рэгулярна зазнаюць абстрэлы і атакі бесьпілётнікаў. Мінабароны Расеі дае справаздачу аб «спыненьні» украінскіх атак і паведамляе пра зьбітыя ракеты і дроны над тэрыторыяй Расеі. У выніку атак нярэдка ёсьць разбурэньні і ахвяры. У большасьці выпадкаў Кіеў гэтыя паведамленьні не камэнтуе.
- 22 траўня 2023 году на тэрыторыю Белгарадзкай вобласьці Расеі ўвайшлі некалькі дзясяткаў байцоў, якія заявілі пра сваю прыналежнасьць да РДК і легіёну «Свабода Расеі». Яны захапілі расейскую памежную заставу і знаходзіліся ў некалькіх населеных пунктах гарадзкой акругі. Падчас гэтых рэйдаў у Кіеве сьцьвярджалі, што Ўкраіна не мае да іх наўпроставага дачыненьня, паколькі «Расейскі добраахвотніцкі корпус» не ўваходзіць у склад яе ўзброеных сіл і складаецца з грамадзян Расеі. Раніцай 1 чэрвеня Расейскі добраахвотніцкі корпус і легіён «Свабода Расеі», якія ваююць на баку Ўкраіны, абвясьцілі аб новым рэйдзе на тэрыторыю РФ. Пасьля Мінабароны РФ паведаміла аб «няўдалай спробе ўварваньня» у Белгародзкай вобласьці.